мобильная версия
Прамень

Прыйшоў касец – усяму канец?

Нумар - №109-110    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

10.06.2011

Кожны з нас, стаўбчан, рады бачыць свой горад дагледжаным. Нямала даводзіцца працаваць службам, у функцыянальных абавязках якіх сачыць і ствараць парадак у Стоўбцах у гэтыя летнія дні, калі трэба і клумбы дагледзець, і зялёную зону абкасіць.

Аднак ці звяртаў хто ўвагу на тое, як абкошваецца трава ў горадзе і ў зонах адпачынку? Металічныя косы некаторых "умельцаў" косяць усё,  у тым ліку і кару маладых насаджэнняў. У дрэўцаў  стрывожаныя, зраненыя ствалы. Яны не вытрымліваюць такога здзеку і гінуць. Можа таму і не ўдаецца ў нас у горадзе аднавіць зялёную зону - старыя дрэвы спілаваны, а новыя не растуць. Ім не даюць расці.

У сувязі з гэтым, пэўна ж, ёсць неабходнасць праводзіць інструктаж касцоў і звяртаць іх увагу на тое, што жывому дрэву так жа баляць раны, як і жывому чалавеку. Можна вырашыць праблему і такім шляхам. Набыць раз'ёмныя, металічныя рашоткі, як у іншых гарадах, і абгароджваць дрэўцы, пакуль яны толькі яшчэ набіраюць сілу. Такія абгароджванні  паслужаць доўга, іх можна зняць і паставіць ля іншага маладога дрэва. Трэба ўстанавіць і кантроль за бяспекай зялёных насаджэнняў. Кожнае ж дрэва куплена за грошы, прыкладзены сілы і старанні, каб высадзіць алею. Няўжо так лёгка і беспакарана можна ўсё таптаць і знішчаць на сваім шляху? Калі так будзе прадаўжацца і далей, то Стоўбцам цяжка будзе  адрадзіць былую славу прыгожага зялёнага горада.

Алена Зорына, стаўбчанка