Агню ў лесе – чырвонае святло
Нумар - №111-112 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
14.06.2011


У Апечкаўскім лясніцтве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса працуюць, каб не дапусціць лясных пажараў.
Пра вадзіцеля Сяргея Качановіча гавораць: у любы час ён у баявой гатоўнасці. Справа ў тым, што за гэтым вадзіцелем замацаваны два аўтамабілі, адзін з іх - "ГАЗ-53" - з бочкай для вады, пажарны. Ён і пафарбаваны ў адметны чырвоны колер. Тэхніка пастаянна рабочая, на хаду, таму што ў пажаранебяспечны перыяд сігнал аб загаранні можа паступіць у самы нечаканы момант.
Сяргей Качановіч працуе ў лясгасе з 1984 года. Адразу рабіў у Стоўбцах, у аўтапарку. Кажа, дабірацца было далекавата. У лясніцтве тады акурат набіралі рабочых у лес. Пайшоў. Неўзабаве яму знайшлася і вадзіцельская работа. Як вадзіцель бывалы, ён звяртае ўвагу на дыхтоўныя гаражы, узведзеныя ў лясніцтве гадоў пяць таму. Гэта цагляныя пабудовы. Раней на іх месцы былі драўляныя і малапрыстасаваныя. Цяпер створаны ўсе зручнасці для рамонту тэхнікі. З запаснымі часткамі таксама праблем няма. "Мае машыны на хаду", - з гонарам гаворыць Сяргей Качановіч. Мы адрасуем яму самае актуальнае пажаданне для вадзіцеля: каб стаяла тэхніка толькі ў гаражы, а не ў дарозе.
Памочнік ляснічага Дзмітрый Шаціла адзначае наконт пажаранебяспечнага перыяду: "Мінулагоднія вясна, лета і восень прайшлі без здарэнняў. Сёлета таксама захоўваецца спакойная абстаноўка, але пару загаранняў ужо было - у лясным масіве і побач з ім. Сярод адпачываючых найбольш папулярная на тэрыторыі Апечкаўскага лясніцтва Кругліца, размешчаная каля Нёмана, а таксама дачныя і садовыя таварыствы.
Для тушэння лясных пажараў лясніцтва папоўнілася ў гэтым годзе яшчэ адной мотапомпай. Усё абсталяванне праверана і знаходзіцца ў спраўным стане. Пры лясніцтве створаны дзве мабільныя брыгады. Адну з іх узначальвае памочнік ляснічага Дзмітрый Шаціла, другую - майстар лесу Васіль Сініцкі. Своечасова выявіць лясны пажар, выехаць на месца здарэння - гэта адно, а прафілактычная работа з насельніцтвам - бадай, самае важнае. Як сведчыць статыстыка, фактычна ўсе пажары ўзнікаюць з-за няўважлівасці адпачываючых. Пакінулі непатушаным касцёр, а яго ўзяло і раздула ветрам... Вось і валун на ўскраіне лесу служыць пастаянным напамінкам - "Агонь - вораг лесу". У надзвычайным выпадку мясцовыя жыхары ведаюць, што трэба тэрмінова званіць у лясніцтва, там ёсць дзяжурны.
У месцах масавага адпачынку па меры магчымасці вядзецца патруляванне. Гэтымі сухімі дзянькамі леснікі выязджаюць туды на веласіпедзе або матацыкле і сочаць за парадкам.
Але не лішне будзе перадаць адпачываючым пераканаўчую просьбу ад усіх лесаводаў раёна: не смяціце ў лесе, не распальвайце кастры, а калі ўжо расклалі вогнішча, то абавязкова затушыце яго.
НА ЗДЫМКУ: вадзіцель Сяргей Качановіч - у баявой гатоўнасці.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






