мобильная версия
Прамень

Шалупінне ад бульбы... на асфальце

Нумар - №111-112    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

14.06.2011

Фотография 1
Фотография 2

Давайце зменім накірунак руху і пададзімся з Акінчыцаў у іншы бок - у вёскі Слабада, Яблынаўка. Праўда, па дарозе не можа не звярнуць на сябе ўвагу яшчэ адзін аб'ект -прыпынак грамадскага транспарту насупраць лясгаса. Не раз ішла аб ім гаворка, але аб'яднанне камунальных службаў так і не прывяло яго ў парадак. Дах перакошаны, ледзьве трымаецца, увогуле  - непрэзентабельны выгляд. А яшчэ і трава каля прыпынка гаспадарыць...   

Абочыны аўтадарогі Р2 абслугоўвае ДЭУ-62. Яны даўно патрабуюць абкошвання. Але найбольш уразіў стан пляцоўкі для адпачынку, абсталяванай дарожнікамі за вёскай Яблынаўка. Здаецца, добрая, вялікая пляцоўка, а літаральна на асфальце - смеццязвалка. Пад дрэвам, на відным месцы, складзены мяхі, набітыя адходамі. За рознакаляровымі валунамі, якія выконваюць функцыю агароджы, валяецца... бульбяное шалупінне. Хто прывёз або прынёс яго сюды? Пытанне, здаецца, рытарычнае... Санітарная служба выказала прэтэнзіі і да стану дэкаратыўнага грыба-туалета.           

Што датычыць непасрэдна вёсак Слабада і Яблынаўка, то, відавочна, што праблемныя сядзібы пакуль не перавяліся не толькі ў горадзе, але і ў вёсках. У гэтым накірунку Заямнаўскім сельвыканкамам вядзецца актыўная работа з насельніцтвам. У цэнтры кожнай з вёсак абсталяваны інфармацыйны стэнд, на якім вывешана памятка ўладальніку індывідуальнага домаўладання, а таксама графік вывазу цвёрдых бытавых адходаў канкрэтна па кожным населеным пункце. З дапамогай старастаў, членаў санітарнай камісіі вядзецца раздача падобных памятак пад роспіс кожнаму гаспадару. Як і паўсюдна, найбольш турбот дастаўляюць так званыя злосныя парушальнікі санітарных правіл. 

- Складзены адміністрацыйны пратакол на жыхара вёскі Ячнае, вул. Пушкіна, 5, - называе адзін з такіх адрасоў старшыня сельвыканкама Уладзімір Гарохавік і дадае: "Сітуацыя адразу змянілася. Смецце ўжо вывезена". Сельвыканкамам выдадзена сёлета 27 прадпісанняў. Папярэджаны жыхары Слабады (вул. Стаўбцоўская, 29, 41, 78, і вул. Палявая, 19, 10). У Заямным напрыканцы вул. Сацыялістычнай з дапамогай ДБТ № 7 ліквідаваны дзве несанкцыянаваныя звалкі і ўстаноўлены інфармацыйны знак з мерамі адказнасці за вынас смецця. У сельвыканкаме няма сваёй касілкі, таму ДЭУ-4 дапамагло абкасіць могілкі ў Сцяцках. Абяцае дапамогу і "Профі-Аграцэнтр". Эх, шкада, што трава не хоча чакаць, расце і расце...

Таццяна ПЯТКЕВІЧ