мобильная версия
Прамень

Служба з функцыямі абароны

Нумар - №111-112    Рубрыка - Прамая лінія

14.06.2011

Фотография 1

У час прамой лініі з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй Лапко паступілі пытанні адносна сацыяльнай абароны шматдзетных сем'яў, пажылых людзей, занятасці насельніцтва і парадку налічэння пенсій.

Анатоль Чэмка пацікавіўся, якія сацыяльныя гарантыі маюць шматдзетныя сем'і.

Наталля Лапко:

- На цэнтральнае месца ў пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі пастаўлены пытанні сацыяльнай палітыкі: павышэнне якасці жыцця, узровень адукацыі і медыцыны, усе сацыяльныя паслугі, паляпшэнне дэмаграфіі. Пры гэтым ключавая ўвага звернута на стымуляванне нараджальнасці, павышэння адраснасці і значнасці дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем'яў. У нашым раёне праводзіцца работа, накіраваная на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, выяўленне прычын, якія ўплываюць на дэмаграфічныя тэндэнцыі. Прыемна адзначыць той факт, што за 5 месяцаў 2011 года нараджальнасць у раёне павысілася на 12 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Малазабяспечаным сем'ям, у якіх выхоўваюцца дзеці першых двух гадоў жыцця, дзяржава выдзяляе бясплатныя прадукты харчавання. За 2010 год іх атрымалі ў раёне 383 дзіцяці на агульную суму каля 511 мільёнаў рублёў, за 5 месяцаў бягучага года - 113 дзяцей на агульную суму 106,5 мільёна рублёў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў 2010 годзе аказана 205 сем'ям на агульную суму 121 мільён рублёў. За 5 месяцаў бягучага года такая ж дапамога аказана 63 сем'ям на суму 44 мільёны рублёў. 21 чалавек атрымаў дапамогу на сродкі рэабілітацыі.

Леанід Кручок пацікавіўся, колькі ў нас у раёне пенсіянераў і якая  сярэдняя пенсія?

- У Беларусі дасягнуты адзін з самых высокіх сярод краін СНД узроўняў пенсіённага забеспячэння. Пры гэтым мы ўваходзім у лік краін з найбольш нізкім  узростам выхаду на пенсію. У нашым раёне на 1-га чэрвеня пражываюць 12 969 пенсіянераў. Сярэдняя пенсія за пяць месяцаў склала 620 515 рублёў. У адносінах да папярэдняга месяца яна ўзрасла ў сярэднім на 77 тысяч рублёў. У бягучым годзе раённай камісіяй па аказанні матэрыяльнай дапамогі 44-м пажылым грамадзянам, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, аказана дапамога на суму 6,4 мільёна рублёў. У ліку іх матэрыяльную дапамогу атрымалі 12 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пастаянна пашыраецца сетка сацыяльных паслуг, што аказваецца асобам пажылога ўзросту. У населеных пунктах забяспечаны стопрацэнтны ахоп надомным абслугоўваннем (дзе ў гэтым ёсць неабходнасць). На такое абслугоўванне залічаны 922 чалавекі, сярод іх 5 інвалідаў і 16 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Усяго надомным абслугоўваннем ахоплены 22 працэнты ад агульнай колькасці ў раёне адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян.

Валянціна Курыла: "У які тэрмін павінны быць прадастаўлены дакументы ў пенсіённы аддзел для назначэння пенсіі?"

- Дакументы для назначэння пенсіі павінны быць прадастаўлены за месяц да выканання агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту: мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў.

Галіна Суднік: "За які перыяд бярэцца заработак для налічэння пенсіі?"

- У 2011 годзе для налічэння працоўных пенсій бярэцца заработная плата за 27 апошніх гадоў работы перад назначэннем пенсіі.

Спадарожнае пытанне: "Колькі гадоў з 27 выбіраецца для разліку індывідуальнага каэфіцыента?"

- У камп'ютар заносяцца даныя аб заработку да 27 гадоў, а ўжо камп'ютар згодна з устаноўленай праграмай выбірае 17 гадоў запар з найбольш выгадных для чалавека.

- Ці ўплывае на індывідуальны каэфіцыент аплата за часовую непрацаздольнасць?

- Аплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці ўключаецца ў разлік заработку для вылічэння індывідуальнага каэфіцыента.

Уладзіслаў Бельскі: "Ці будзе ўлічвацца павелічэнне пенсіі з 1 чэрвеня 2011 года на пенсіі, якія назначаюцца ўпершыню?"

- Усе пенсіі, якія назначаюцца з 1 чэрвеня бягучага года, абавязкова будуць разлічвацца з улікам павелічэння.

Таццяна Цывака: "Ці праводзіцца цяпер практыка выдзялення субсідый для беспрацоўных?"

- Нічога не мяняецца, служба занятасці па-ранейшаму аказвае дапамогу беспрацоўным. За 5 месяцаў бягучага года ў раёне створана 220 новых рабочых месцаў. З выкарыстаннем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на суму 90 мільёнаў рублёў будзе створана не менш за 6 рабочых месцаў для беспрацоўных. У гэтым накірунку вядзецца работа па выдзяленні беспрацэнтнай бюджэтнай пазыкі РУП "Племптушкарэпрадуктар "Бройлер". Для арганізацыі індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці плануецца выдзеліць бязвыплатныя субсідыі 10 беспрацоўным на суму 33 мільёны рублёў. За 5 месяцаў года такія субсідыі атрымалі 5 чалавек на суму 18,6 мільёна рублёў. Будзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 760 грамадзянам. За 5 месяцаў працаўладкавана 319 чалавек, з іх 216 - беспрацоўных. На прафесіянальную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі служба занятасці сёлета накіруе 105 чалавек. За 5 месяцаў 27 беспрацоўных атрымалі магчымасць набыць новую прафесію, запатрабаваную на рынку працы. 590 чалавек атрымаюць магчымасць з фінансавай падтрымкай службы занятасці паўдзельнічаць у аплатных грамадскіх работах. Затраты з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на гэтыя мэты складуць 75 мільёнаў рублёў. У поўным аб'ёме забяспечваецца прадугледжаная заканадаўствам сацыяльная падтрымка беспрацоўных. Колькасць грамадзян, якія стаяць на ўліку ў нашым упраўленні, зменшылася ў параўнанні з пачаткам года (на 1 чэрвеня 191 чалавек, з іх 100 - беспрацоўных). Узровень беспрацоўя складае 0,5 працэнта, што ніжэй планавага задання. Колькасць занятага насельніцтва раёна - 18 471 чалавек. Рашэннем райвыканкама на 49 прадпрыемствах устаноўлена броня 70 месцаў для прыёму на работу бацькоў, якія абавязаны вяртаць дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. За 5 месяцаў бягучага года працаўладкаваны на пастаянную работу 12 такіх грамадзян (усе звярнуліся самі).

Лана СВЯТЛІЦКАЯ