мобильная версия
Прамень

Як павінна быць

Нумар - №111-112    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

14.06.2011

Фотография 1
Фотография 2

Каб карціна з добраўпарадкаваннем была аб'ектыўнай і поўнай, ужо хочацца хутчэй перайсці ад адмоўнага да станоўчага, пазітыўнага.

Адшукаць яго нескладана. Больш таго, нярэдка першае і другое раздзяляе толькі плот. Як, напрыклад, па завулку Гайдука, 1. Гэта прыгожая акуратная сядзіба ў цэнтры Стоўбцаў, гаспадары якой патурбаваліся аздобіць пасадкамі не толькі ўласны двор, а і кавалачак вуліцы. Ніхто ім аб гэтым не нагадваў - людзі самі разумеюць. А ў суседа, на рагу названага завулка і вуліцы Сацыялістычнай, замест кветак - пажухлы "дыван" з травы. Уладальніку ўчастка не трэба чакаць прадстаўніка санслужбы ці камунгаса з пратаколам, а хутчэй прыбіраць яго.

Можна прывесці і іншы характэрны прыклад. Па той жа вуліцы Алега Кашавога, дзе ў лясным масіве адзначыўся засмечаны "шацёр", літаральна праз сотню метраў уніз па дарожцы адкрываецца зусім іншая карціна. Вельмі ўтульны аазіс для адпачынку, які таксама стварылі для сябе жыхары аднаго з дамоў. Арыгінальная плеценая альтанка, праёмы ў якой завешаны цюлем. Аформлена месца для мангала. Над ім высіцца "свой" дах. Абапал гэтага - плеценая агароджа і пасадкі ядлоўцу. Усюды чыста, у тым ліку і ў лесе, побач з месцам адпачынку. Так і павінна быць!  

Пасля дзённай летняй спёкі адпачыць можна і на гарадскім возеры. Прыемна, што абапал яго - парадак, бо вясною моладзь папрацавала тут на суботніку. Для бяспекі адпачываючых не першы год дзейнічае на возеры аварыйна-выратавальны пост. 

Дзе б вы ні жылі, дзе б ні адпачывалі, помніце: любіць свой край, значыць, падтрымліваць яго ў чысціні!

Васіль ЗЯНЬКО (фота)

P.S. Як паведаміла старшыня адміністрацыйнай камісіі райвыканкама Вольга Кухта, з пачатку года было разгледжана 5 адміністрацыйных пратаколаў на жыхароў раёна, якія парушылі санітарныя правілы ўтрымання прыдомавых тэрыторый (4 пратаколы складзены супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, 1 - Навасвержанскага сельвыканкама).   

Парушальнікам былі вынесены пакаранні, у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, ад папярэджання да штрафу ў памеры 35 тысяч рублёў.

Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.