Будзем разам
Нумар - №113-115 Рубрыка - Калонка рэдактара
17.06.2011
Добры дзень, паважаныя чытачы!
Імкліва бяжыць час. Вось ужо лета ў самым разгары. На палях ідзе корманарыхтоўка, сенакос. Работы - хоць адбаўляй. Але многім пашчасціла: адпачынак. Хочацца нешта прыемнае зрабіць для сябе, сваіх блізкіх, пабыць у лесе, пазагараць на беразе Нёмана, пакупацца, адным словам - адпачыць, набрацца сіл, энергіі, натхнення. А які адпачынак, калі ў вас у руках няма раённай газеты? Вы скажаце, што ўсё даражэе, цэны "кусаюцца". Але заўважу, што і адчаю няма. Жыццё ж не спыняецца. А крызісы былі і раней, становішча было яшчэ горшым. Пройдзе і гэты. Упэўнена: усё ў нас будзе добра.
А адпачываць лепш там, дзе вам добра, і, безумоўна, вы павінны быць на плыні часу. Калі вы аформіце падпіску на раённую газету "Прамень", то будзеце ў курсе спраў, якія адбываюцца ў рэспубліцы, вобласці і раёне. Вы прачытаеце інфармацыю аб курсе валют і надвор'і, пазнаёміцеся з праграмай тэлебачання на тыдзень, а з ліпеня будзеце чытаць і свой гараскоп. Акрамя гэтага, у нашай газеце вы прачытаеце пра сваіх знаёмых, блізкіх і, нават, пра сябе, даведаецеся пра апошнія навіны на Стаўбцоўшчыне і многае іншае. Будуць і далей прыносіць хвіліны задавальнення спецвыпускі "Праменя": "Альбуцкі куфэрак", "Міліцэйскі веснік", "Сям'я", "На прасторах жыцця", "Праменьчык".
Цана на раёнку застаецца вельмі прымальнай: для індывідуальных падпісчыкаў -- 6900 руб. на месяц, на квартал - 20 700 руб.; для ведамасных - 14 000 руб. на месяц, на квартал - 42 000 руб. Няма часу прыйсці на пошту? Не бяда, тэлефануйце на нумары 5-58-59 ці 5-31-09 і паштальён прыйдзе да вас дадому, каб аформіць падпіску, а ў сельскай мясцовасці вам дапаможа мясцовы паштальён.
Спадзяюся, што вы не здрадзіце сваёй любімай раёнцы і аформіце падпіску на ІІІ квартал, а лепей - адразу на 2-е паўгоддзе. І грошы сэканоміце, і час. Напомніце і свайму суседу ці сябру, каб ён быў з "Праменем".
А 21 чэрвеня ў раённым аддзяленні паштовай сувязі з 10.00 да 12.00 будзе праходзіць акцыя: "Заставайся з "Праменем"!" Стаўшы ўдзельнікам гэтай акцыі, вы зможаце атрымаць прыз - бясплатную падпіску на раённую газету "Прамень". Будзе разыгрывацца 5 экземпляраў газеты. Акрамя гэтага, рэдакцыя газеты "Прамень" аб'явіла конкурс сярод паштальёнаў: "Прамень" у кожны дом". Паштальён, які стане пераможцам, г. зн., які будзе мець большую колькасць падпісчыкаў "Праменя" сярод сваіх калег, будзе ўзнагароджаны каштоўным падарункам ці заахвочаны матэрыяльна.
Будзьма разам! Да сустрэчы на старонках газеты "Прамень"!






