Хто ў дактары пайшоў
Нумар - №113-115 Рубрыка - Медыцына
17.06.2011

Гэта прафесіянальнае свята ў нас у раёне святкуе вялікая каманда працаўнікоў. І не толькі медыцынскія работнікі цэнтральнай раённай бальніцы і сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў, а і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама аптэк раёна. Напярэдадні прафесіянальнага свята медработнікаў наша карэспандэнт пабывала ў калектывах аптэкараў і медыкаў і расказвае ў сённяшняй тэматычнай старонцы "Праменя", як ідуць у іх справы.
Не трэба і гаварыць, які скарб для кожнага з бацькоў прадстаўляе іх дзіця. І якая трывога, калі яно хварэе. Кожны хоча даверыць яго ў гэтай сітуацыі добраму доктару. Штогод у дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы пралечваецца стацыянарна каля 1000 дзяцей. Абслугоўваюць яго 17 медыцынскіх работнікаў - два ўрачы, сярэдні і малодшы медыцынскі персанал.
Аддзяленне гэта асаблівае. Маленькіх пацыентаў патрэбна не толькі лячыць, але і пакарміць, памыць, супакоіць, адагрэць, заняць чым... Загадчыца дзіцячага аддзялення Святлана Пархоменка гаворыць, што выпадковы чалавек тут проста не зможа працаваць. І той факт, што ў аддзяленні не мяняюцца спецыялісты, што стаж многіх складае па 10, 20 а то і больш гадоў, гаворыць, што калектыў аддзялення жыве як адна сям'я, раздзяляючы разам клопаты, абавязкі, адказнасць.
Сама Святлана Пархоменка ўзначальвае калектыў без некалькіх месяцаў 10 гадоў. Да гэтага яна працавала ўчастковым урачом-педыятрам. Адметна, што ўся ўрачэбная практыка ў яе звязана з нашай раённай бальніцай. Сюды яна прыехала за мужам, афіцэрам, якога перавялі на службу з Расіі ў Стоўбцы. І сама яна з сям'і ваеннага. Прафесія медыка ў іх спадчынная. Урачом быў дзед, фельчар - маці. І для Святланы Віктараўны даўно ўжо было вырашана пытанне з паступленнем. Закончыла школу ў Ташкенце, а паступаць прыехала ў Мінск, адна, без бацькоў. Першы год у медінстытут не прайшла па конкурсе, пайшла працаваць санітаркай аперацыйнага блока. Гэты год дапамог ёй бліжэй пазнаёміцца з выбранай прафесіяй, сцвердзіцца ў тым, што яна хоча быць толькі медыкам, і ні кім больш. Святлана Віктараўна, маючы ўжо 15-гадовы стаж работы ўрачом, гаворыць, што яна шчаслівая, што гэты выбар быў зроблены беспамылкова. Любіць сваю прафесію, а пацыенты любяць яе. Так як і бацькі. І гэта зваротная сувязь дае ёй сілы ўдасканальвацца, аддаваць сваёй рабоце ўсю сябе.
У дзіцячым аддзяленні акрамя Святланы Пархоменкі працуе яшчэ адзін урач - Алена Гардзеева. Стаж работы Алены Раманаўны ў гэтым аддзяленні складае столькі ж, колькі і ў Святланы Віктараўны. Яны - калегі-аднадумцы. У іх выдатна складваюцца службовыя адносіны, поўнае ўзаемаразуменне. Адметна, што Алена Раманаўна таксама прадстаўляе сямейную дынастыю. Толькі ўрачы - бацькі яе мужа. Віктар Гардзееў, светлай памяці, працаваў у райбальніцы ўрачом-псіхіятрам. Галіна Гардзеева - урач дзённага стацыянара. Сама Алена Раманаўна - выпускніца Навасвержанскай школы. Доктарам яна вырашыла стаць даўно-даўно. У дзяцінстве шмат хварэла, і яе прывозілі на прыём да Ірыны Антонаўны Тулейкі, сёння светлай памяці. Урач-педыятр так палюбілася дзяўчынцы, што яна і сама вырашыла стаць урачом. Пасля заканчэння медінстытута Алена Раманаўна прыехала працаваць у свой раён. Акрамя практыкі ў дзіцячым аддзяленні яна спецыялізуецца і як неанатолаг - дзіцячы ўрач у радзільным аддзяленні. Прымае нованароджаных у радзільнай зале і сочыць за імі, пакуль не выпішуцца дамоў. Таксама вельмі любіць сваю работу, і ўпэўнена, што медыцына - яе прызванне. Застаецца прыемнае ўражанне ад гэтых урачоў, вочы якіх свецяцца дабрынёю. Яны абедзьве простыя і абаяльныя.

Святлана Пархоменка старалася пра кожнага са сваіх падначаленых сказаць добрае слова. І мы паверылі ёй, што выпадковых людзей у аддзяленні няма. З удзячнасцю гаварыла пра сваіх калег, педыятраў, якіх няма, якія адышлі маладыя, - Алу Асяеву і Ніну Ярмоленку. Пра іх і ў калег, і ў жыхароў раёна застаецца добрая памяць. З такой жа павагай успамінаюць былую загадчыцу Нілу Самахвалаву, медыцынскую справу сям'і працягвае ў стаматалагічным аддзяленні яе сын Міхаіл Барысавіч.
Старшую сястру Ніну Асіпенку, якая пайшла на пенсію, змяніла медыцынская сястра-анестэзістка рэанімацыйнага аддзялення Вольга Васіленка. У Вольгі Мікалаеўны стаж работы ў рэанімацыйным аддзяленні складае 16 гадоў. Яна гаворыць, што гэта пасада навучыла яе сабранасці, дысцыплінаванасці, вельмі патрабавальна адносіцца да сябе, загартавала, таму што часта даводзілася адваёўваць жыццё пацыента. Цяпер яна займаецца больш адміністрацыйнай дзейнасцю. І з вялікай павагай і ўдзячнасцю гаворыць пра Ніну Міхайлаўну Асіпенку, якая пакінула пасля сябе добрую спадчыну - поўны парадак у дакументах і выдатны калектыў, з якім можна вырашаць усе службовыя пытанні. Усё жыццё адпрацавала ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы Галіна Паўленка. Больш за 20 гадоў прыходзяць сюды на працу днём і ноччу лепшая медыцынская сястра Галіна Слаута, вялікі стаж работы ў медыцынскіх сясцёр Аксаны Нарышкінай, Наталлі Пяткевіч, спецыялістаў малодшага медыцынскага персаналу Іны Янскай, Лідзіі Каралецкай, Леакадзіі Кандраценкі, Алены Драгун. Калектыў папаўняецца новымі кадрамі. Пра медыцынскіх сясцёр Вольгу Лысую, Таццяну Доўнар, Марыю Пятроўскую кіраўніцтва гаворыць толькі добрыя словы. І яшчэ адзін факт скажа аб высокім прафесійным узроўні медыцынскіх работнікаў гэтага аддзялення. Медсёстры Ірына Хмель і Тацццяна Семянкевіч з дзіцячага аддзялення былі назначаны старшымі медыцынскімі сёстрамі ў інфекцыйнае і акушэрска-гінекалагічнае аддзяленні.

Два гады назад у аддзяленні была адкрыта палеатыўная палата, у якой лечацца цяжка хворыя дзеці. Для медыкаў псіхалагічна няпроста абслугоўваць іх, ведаючы, што бываюць захворванні, калі медыцына не можа дапамагчы.
Кожны год, ужо працяглы час, дзіцячае аддзяленне прымае дзяцей, якіх афармляюць у дзіцячы сацыяльны прытулак ці інтэрнатныя ўстановы. І медыцынскім работнікам даводзіцца замяняць гэтым дзеткам мам.
Медыцынскі персанал імкнецца стварыць такія ўмовы ў аддзяленні, каб маленькія пацыенты маглі забыцца пра ўколы і непрыемныя працэдуры. Ёсць гульнявы пакой. Аднак ён не ўкамплектаваны мэбляю - старую, якая аджыла век, прыйшлося вынесці. У дзіцячым аддзяленні лечацца дзеці з усяго раёна. Святлана Віктараўна скіравала гаворку і на такія важныя моманты. Можа, знойдуцца спонсары, якія б дапамаглі набыць для гульнявога пакоя хоць бы канапу, не перашкодзілі б і крэслы, а таксама дыван на падлогу, новы стэлаж. Дзеці маглі б раскласці цацкі і бавіць свой час, не сумуючы па доме. Святлана Віктараўна прывяла прыклады і такой дапамогі. Звярнула ўвагу на выставу батыка на сценах калідора. Аказваецца, гэта ўжо не першая мастацкая выстава выхаванцаў мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Педагогі Андрэй і Ірэна Зянько лічаць абавязкам свайго сэрца парадаваць хворых дзяцей і іх мам ці тат прыгожымі мастацкімі работамі. Пакінула аб сабе добрую памяць у аддзяленні і Наталля Какоўка з Бабруйска. Калі яны адпачывалі летась у Наваколасаве, яе сына ўкусіла гадзюка. Пакуль дзіця знаходзілася на стацыянарным лячэнні, Наталля Аляксандраўна распісала сцены бальнічнай палаты сюжэтамі з вядомых казак. Сцены адразу сталі не казённымі, а светлымі і вясёлымі.
Гэтыя прыклады - урокі для ўсіх. Дзіцячае аддзяленне прыме любую спонсарскую дапамогу бацькоў маленькіх пацыентаў для таго, каб стварыць для іх радасць і ў бальнічных сценах.
А медыкам у дзень іх прафесіянальнага свята пажадаем не губляць настрою радасці ад выканання сваіх службовых абавязкаў, сіл для іх працы, якая патрабуе аддаць не толькі ўменне, але і сваё сэрца.
На здымках: урач Алена Гардзеева і загадчык аддзялення Святлана Пархоменка; медыцынская сястра Галіна Слаута са сваім пацыентам; старшая медсястра Вольга Васіленка знаходзіць мінутку, каб забавіць дзіця; Леакадзія Кандраценка, Таццяна Забродная, Лідзія Каралецкая, Іна Янская.
Фота аўтара






