мобильная версия
Прамень

Лекі з аптэкі

Нумар - №113-115    Рубрыка - Медыцына

17.06.2011

Хоць працаўнікі аптэк і займаюцца гандлёвай дзейнасцю, аднак усе супрацоўнікі гэтых устаноў -  медыцынскія работнікі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У падпарадкаванні цэнтральнай раённай аптэкі № 7 яшчэ 7 аптэк у раёне: тры у райцэнтры і чатыры ў сельскай мясцовасці - Рубяжэвічах, Дзераўной, Наваколасаве і Вішняўцы.

Яркай адметнасцю дня з'яўляецца той факт, што аптэкі набываюць сучасны вонкавы і ўнутраны выгляд, укамплектоўваюцца новым абсталяваннем.

У цэнтральную аптэку № 7 пасля капітальнага рамонту наведвальніку прыемна зайсці і быць абслужаным. Нададзена належная ўвага і добраўпарадкаванню тэрыторыі. Палюбілася жыхарам  горада і новая аптэка на вуліцы Цэнтральнай. Загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі Валянціне Бондаравай неаднаразова паступала ўдзячнасць стаўбчан, асабліва маладых сем'яў, якія густа насяляюць гэты мікрараён, за адкрыццё новай аптэкі, за вялікі асартымент дзіцячых тавараў. Аптэку № 293 па вуліцы Цэнтральнай узначаліў малады спецыяліст Павел Кульша. Добрая дапамога супрацоўнікам аптэкі -  камп'ютарная база даных аб наяўнасці тавару. Наогул, аптэкі горада прапануюць сёння 4 тысячы найменняў лекавых прэпаратаў, а таксама іншыя тавары, дазволеныя для рэалізацыі ў аптэчнай сетцы. Цэнтральная раённая аптэка № 7 мае яшчэ і статус вытворчай - акрамя рэалізацыі гатовых лекавых прэпаратаў, тут рыхтуюць лекавыя формы па рэцэптах урачоў.

Адметнасцю аптэк раёна з'яўляюцца  стабільныя калектывы. Восем дзяржаўных аптэк абслугоўваюць 36 медыцынскіх работнікаў са спецыяльнай адукацыяй. У многіх з іх адзін запіс у працоўнай кніжцы. Больш за 30 гадоў складае стаж работы ў загадчыка Рубяжэвіцкай аптэкі Анатоля Грыгор'ева, аўтарытэтнага і граматнага спецыяліста. Столькі ж гадоў аддалі сваёй любімай справе Ларыса Пархімовіч, Тамара Ельяшэвіч, Галіна Кужэльная, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Валянціна Бондарава. 15 гадоў яна - на пасадзе кіраўніка. У загадчыцы Наваколасаўскай аптэкі Валянціны Дземідовіч прафесіянальны стаж складае 50 гадоў. Больш за 20 гадоў аддаюць свае сілы абранай некалі прафесіі бухгалтар цэнтральнай аптэкі Алена Самец, загадчыца аптэкі раённай паліклінікі Зоя Дубіцкая і загадчыца Дзераўнянскай аптэкі Валянціна Філіповіч.

З нагоды прафесіянальнага свята намеснік загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі Людміла Маркоўская прадстаўлена да ўзнагароджання Ганаровай граматай РУП "Мінскфармацыя", фармацэўт-рэцэптар гэтай жа аптэкі Тамара Ельяшэвіч і ўкладчык-фасоўшчык Рубяжэвіцкай аптэкі Галіна Дубінец -  да падзякі РУП "Мінскфармацыя".

Лана СВЯТЛІЦКАЯ