мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №113-115    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

17.06.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 14 шлюбаў, а таксама зроблены 3 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дванаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Яне Кахна, Лізавеце Чатырка, Аляксею Канкаловічу, Надзеі Арлоўскай, Дар'і Шыбук, Злаце Курловіч, Юрыю Чарняўскаму, Аляксандру Зоткіну, Марыі Вайцяховіч, Ільі Кармановічу, Ягору Ланковічу і Артуру Груцу.

Зямны шлях закончыўся для 18-ці чалавек. 

  У пажарнай часці згадалі 3 вогненныя здарэнні. 12 чэрвеня, падчас навальніцы, здарыліся два пажары ад удару маланкі - успыхнулі драўляныя хлявы пенсіянераў са Старыны і з Малых Навікоў (жыхар Старыны зможа кампенсаваць свае нечаканыя страты за кошт добраахвотнай страхоўкі гаспадарчых пабудоў). У Стоўбцах, па вул. Зялёнай, агонь паглуміўся над мікрааўтобусам "Фольксваген". Для высвятлення прычыны загарання аўто прызначана экспертыза. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы на вадаёме вёскі Горкі двое жыхароў Мінска, часова беспрацоўных, якія з дапамогай дзевяці сетак агульнай даўжынёй 636 метраў здабылі 91 карася сярэбранага. Агульная вага ўлову - 30 кг. Страты, нанесеныя браканьерамі навакольнаму асяроддзю, складаюць 757 тысяч рублёў, а сумы штрафу ім вызначыць суд (ад 10 да 50 базавых велічынь).  

 Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па факце смерці жыхаркі Мінска і жыхара вёскі Налібакі. Арганізацыям, за якімі замацаваны месцы масавага адпачынку на вадзе, накіраваны для выканання акты рэагавання, прадпісанні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства ў  арганізацыі аховы жыцця людзей на вадзе і ўмовах карыстання воднымі аб'ектамі. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па 4-х крымінальных справах.

  Суд абмежаваў у волі на 2 гады жыхара Галавенчыцаў: 40-гадовы гора-бацька, будучы абавязанай асобай, ухіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей. Асуджаны да абмежавання волі на 1 год жыхар  Ганцавічаў: у стане алкагольнага ап'янення ён знаходзіўся ў электрычцы Мінск - Баранавічы і адтуль зрабіў фальшывае паведамленне ў міліцыю аб замініраванні электрычкі і выбуху, які рыхтуецца. 28-гадовы жыхар Запольцаў пазбавіўся 100 літраў самагоннай брагі, якую захоўваў у сябе дома, а таксама аштрафаваны на 175 тысяч рублёў. 

ДАІ выявіла 168 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 9 п'яных і 14 бяспраўных вадзіцеляў, 9 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. За тыдзень здарылася 18 дарожных аварый, з іх 5 - толькі за адзін дзень мінулай суботы. Так, на вуліцы  Цэнтральнай у Стоўбцах пацярпеў 7-гадовы хлопчык, які перабягаў праезджую частку ў неўстаноўленым месцы, па-за пешаходным пераходам, а на аўтадарозе Брэст - Масква, паблізу павароту на Залужжа, падчас сутыкнення аўтамашын пацярпела жанчына. У абодвух выпадках пацярпелыя шпіталізаваны ў раённую бальніцу.

"Хуткая" выязджала да хворых 223 разы, у прыватнасці 9 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ