мобильная версия
Прамень

На варце законнасці

Нумар - №118-120    Рубрыка - Ахова правапарадку

24.06.2011

Мяняецца ўклад жыцця, яго тэмпы, прыярытэты. І пракуратура імкнецца адпавядаць у сваёй рабоце патрабаванням сённяшняга дня, тым больш, што заканадаўства нашай краіны пастаянна  ўдасканальваецца. А прызначэнне пракуратуры -  забяспечваць законнасць і правапарадак, абарону правоў і інтарэсаў грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

Важнейшым напрамкам у рабоце застаецца каардынацыя намаганняў праваахоўных, іншых дзяржаўных органаў па супрацьдзеянні злачыннасці і карупцыі.  Штомесячна пракуратурай робіцца аналіз стану і дынамікі злачыннасці ў раёне і ўпушчэнняў у рабоце ўсіх суб'ектаў прафілактыкі. Вынікі гэтага аналізу кладуцца ў аснову работы праваахоўнай сістэмы на перспектыву. У бягучым годзе з улікам значнасці праблем стварэння бяспечных умоў жыцця, умоў працы грамадзян гэтыя пытанні выносіліся на разгляд раённага выканаўчага камітэта. Па ініцыятыве пракуратуры раёна і аддзела ўнутраных спраў зацверджаны комплексны план прафілактычных мерапрыемстваў на 2011 год. Ужо цяпер можна сказаць, што зладжаная работа па супрацьдзеянні злачыннасці, п'янству, як першапрычыне правапарушэнняў, дае адчувальны станоўчы вынік.

З 2006 года назіраецца скарачэнне колькасці зарэгістраваных у Стаўбцоўскім раёне злачынстваў. Тэндэнцыя да змяншэння колькасці найбольш небяспечных злачынстваў захоўваецца і ў бягучым годзе. Устаноўлены ўсе вінаватыя асобы, якія іх учынілі, і прыцягнуты да адказнасці.

Значны ўклад у справу ўмацавання правапарадку ўносіць пракуратура не толькі як арганізатар і каардынатар, але і як суб'ект прафілактыкі. Да прыкладу,  27 з 32-х грамадзян, вызваленых у бягучым годзе з месцаў пазбаўлення волі, пракурорам раёна або намеснікам праведзены індывідуальныя прафілактычныя гутаркі, аказвалася дапамога ў вырашэнні іх праблем.

Пастаянную ўвагу пракуратура раёна ўдзяляла пытанням захавання заканадаўства аб ахове працы, аб зямлі, ахове навакольнага асяроддзя, падатковага, банкаўскага заканадаўства, захаванасці ўласнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый. Каб забяспечыць эканамічныя інтарэсы дзяржавы, прадпрыемстваў і арганізацый, пракурорам заяўлена ў суд раёна 90 іскаў аб спагнанні звыш 120 мільёнаў рублёў, у гаспадарчы суд - 22 іскі амаль на 2 мільярды рублёў. Большасць з іх разгледжаны і задаволены.

На прыём у пракуратуру раёна ў 2010 годзе звярнуліся 188  грамадзян, за 5 месяцаў бягучага года - 70. Работнікамі пракуратуры вырашана 90 пісьмовых зваротаў у мінулым годзе і 42 - у бягучым. Прымаліся меры да аднаўлення парушаных правоў грамадзян. За 5 месяцаў бягучага года пракурорам і намеснікам вывучана і накіравана ў суд 106 крымінальных спраў у адносінах да 127-мі абвінавачваных. Падтрымана абвінавачванне па 110-ці крымінальных справах.

Напружана працуе калектыў пракуратуры раёна. Сёння хачу выказаць словы ўдзячнасці і павіншаваць з прафесійным святам вопытных работнікаў: намесніка пракурора Л. В. Мядзведзь, следчага пракуратуры А. В. Крывава. Поспехаў у працы і ўсіх пачынаннях пажадаць маладым  супрацоўнікам - памочнікам пракурора М. М. Дулубу і Ю. А. Чабан, і нашым тэхнічным работнікам: вадзіцелю Уладзіміру Рудко, загадчыцы канцылярыі Дар'і Анішчук, кур'ер-прыбіральшчыцы І. А. Багдановіч. Шчыра віншую нашых ветэранаў і супрацоўнікаў, хто паспяхова працаваў у пракуратуры Стаўбцоўскага раёна, якая стала адной з прыступак у іх службе.

Уладзімір ЯГАДЗІНСКІ, пракурор Стаўбцоўскага раёна, саветнік юстыцыі