мобильная версия
Прамень

Прыгожы вобраз застанецца

Нумар - №118-120    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

24.06.2011

Фотография 1

Апечкаўскае лясніцтва вітае сваіх наведвальнікаў арыгінальнай скульптурнай кампазіцыяй з дрэва.

Як адзначае ляснічы Апечкаўскага лясніцтва Уладзімір Чэмка, над гэтым мастацкім творам пашчыраваў сталічны майстар, а ўся астатняя аздоба  зроблена ўласнымі рукамі лесаводаў.

За апошнія тры гады шмат што змянілася. Летась завяршыўся ка-пітальны рамонт адміністрацыйнага будынка. Упрыгожвае ён вясковую вуліцу і здалёку вылучаецца сваім "цёплым" лімонным колерам. На ганку цвіце "дрэва" з гаршкамі кветак. Гэта -  ідэя ляснічага. Унутры будынка - сучасная абстаноўка кабінетаў і актавай залы, камп'ютарная тэхніка. Падключаны інтэрнэт, электронная пошта, якія даюць адчуванне, што апечкаўскія лесаводы маюць сувязь не толькі са сваімі калегамі з раёна, а і з усім светам.

Для бухгалтара Ірыны Бычко (яе вы бачыце на здымку)  усё камп'ютарнае начынне - вялікая зручнасць у рабоце. У лясніцтве яна шосты год, а да гэтага рабіла бухгалтарам у лясгасе. Ірына Пятроўна - адзіная жанчына (акрамя прыбіральшчыцы) у калектыве, які налічвае тры дзясяткі работнікаў. Іменна жаночымі рукамі садзяцца і даглядаюцца кветкі, ствараюцца на тэрыторыі лясніцтва пышныя клумбы. Не так даўно тут з'явіліся плантацыі ядлоўцу і туек. Апечкаўскім лесаводам хочацца, каб іх лясніцтва было самае прыгожае.   

У двары ў гэту спёку прыцягвае калодзеж, з якога можна наталіць смагу халодненькай вадой або зачэрпаць яе для якіх гаспадарчых патрэб. Калі набраў вядро з вадою, ставіш яго на высокую і шырокую дубовую калоду. Здаецца, яна таксама дэкаратыўная, выразаная з дрэва, але... нечага не хапае. Аказваецца, з ёю здарылася прыкрая гісторыя. Скульптура была цэласнай, у выглядзе мядзведжай сямейкі, і лесаводы ўстанавілі яе на аўтамагістралі М 1, што праходзіць побач з лясніцтвам і, як і рака Нёман, з'яўляецца яго адметнасцю. "Экзотыка", на жаль, доўга не прастаяла. Знайшліся хціўцы і адпілавалі вялікаму мядзведзю галаву... Вандалы, напэўна, не здагадваліся, што яна будзе такой цяжкай. Кацілі, кацілі яе, але так і не змаглі дакаціць да асфальту... Парушылі скульптуру, але прыгожы вобраз лясніцтва застаўся непарушным.

Згадваючы пра калодзеж, нельга не сказаць пра водныя багацці гэтых мясцін і, у прыватнасці, - пра крыніцы. На тэрыторыі Апечкаўскага лясніцтва размешчаны гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння, які носіць назву "Судніцкія крыніцы".

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ