мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №118-120    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

24.06.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 14 шлюбаў, а таксама зроблены 2 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэннні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арцёму Сергіевічу, Вікторыі Шылак, Аляксандру Мішуку, Настассі Акотчык, Кіры Пятровай і Георгію Вярэўку.

Зямны шлях закончыўся для 19-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Кучкунах агнём пашкоджана дача, прычына загарання ўстанаўліваецца. Ноччу ў вёсцы Варнавугал згарэла лазня. Да няшчасця прывяло парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры ўстройванні пячнога ацяплення.

Міліцыяй узбуджана 8 крымінальных спраў. У Наваколасаве невядомы выкраў 40 м высакавольтнага кабелю, які належаў садоваму таварыству. Абрабаваны дачны дом паблізу Засулля. З будынка прыватнай станцыі тэхабслугоўвання прапалі аргтэхніка, слясарны інструмент і інш. З тамбура пад'езда дома па вул. Цэнтральнай угнаны веласіпед. З аўтамабіля, прыпаркаванага на падворку ў вёсцы Цеснавая-2, прапалі аўтамагнітола, дакумент аб праходжанні тэхагляду і інш. На вул. Кірава ў Стоўбцах злачынец збіў без прычыны грамадзянку. У Слабадзе грамадзянін пагражаў пасынку забойствам і нанёс яму траўмы. На аўтамагістралі ў выніку дарожнага здарэння атрымала траўмы, небяспечныя для жыцця, грамадзянка, якая рухалася на аўтамабілі "ВАЗ" і стварыла перашкоду для аўтамабіля "Фольксваген", адбылося іх сутыкненне. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь быў затрыманы ў паляўнічых угоддзях паблізу вёскі Буцькавічы жыхар  Фаніпаля С. С. Дзядзейка, які займаўся незаконным паляваннем. Судом раёна браканьер аштрафаваны на 700 тысяч рублёў з канфіскацыяй у даход дзяржавы зброі, а таксама пазбаўлены права палявання на 2 гады. У суд накіраваны і адміністрацыйны матэрыял на "рыбака" з Капыльскага раёна: ён здабываў рыбу ў Нёмане (недалёка ад Канкаловічаў) з дапамогай сеткі.  

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па факце смерці грамадзяніна ў ДУ "Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат". Сумесна са Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй працы праведзена праверка будаўнічых арганізацый з мэтай медыцынскага агляду работнікаў напрыканцы рабочага дня на  знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Па выяўленых парушэннях рыхтуецца акт рэагавання. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачанне па 6 крымінальных справах, накіраваны для разгляду 3 крымінальныя справы ў адносінах да 3 асоб. 

Суд аштрафаваў на 140 тысяч рублёў 23-гадовага стаўбчаніна: малады чалавек адправіў па мабільным тэлефоне SMS-паведамленне... з абразамі.  

ДАІ выявіла 164 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 12 п'яных і 11 бяспраўных вадзіцеляў, 6 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 14 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 213 разоў, у тым ліку 8 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ