мобильная версия
Прамень

Усё помніцца, нічога не забыта

Нумар - №118-120    Рубрыка - Памяць

24.06.2011

Фотография 1
Фотография 2

22 чэрвеня. Гэты самы доўгі дзень у годзе назаўсёды стаў памятнай, трагічнай датай. На досвітку 1941-га жыхароў многіх гарадоў Савецкага Саюза разбудзілі выбухі авіябомбаў. І раніцай усе пачулі страшную вестку - пачалася вайна.

Бясконцыя доўгія тры гады да вызвалення Беларусі, яшчэ амаль год да Вялікай Перамогі. А кавалася яна з самых першых дзён гітлераўскага нападу. Усе сёння згадваюць подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. І ў нашых Стоўбцах, як і паўсюдна, фашысцкія зграі сустрэлі жорсткае супраціўленне. Барацьба з варожай навалай стала ўсенароднай. Дасталася Перамога вельмі дарагой цаной: у бязлітаснай вайне загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Вечным напамінам аб гэтым абеліскі, помнікі, мемарыялы на нашай зямлі.

Позні вячэрні час. На плошчу Бессмяротнасці ідуць стаўбчане, каб ушанаваць памяць герояў і ахвяр вайны. Гучаць Званы Памяці, на экране - кадры відэараду дакументальнай хронікі і кінафільмаў. Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель аб'яўляе аб адкрыцці мітынгу-рэквіема, прысвечанага 70-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Усхвалявана гучаць галасы выступаючых. Слова бяруць намеснік камандзіра воінскай часці Юрый Лапкоўскі, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Іосіф Язвінскі, старшыня раённай арганізацыі Кампартыі Беларусі Ніна Дубовік. Яны прыгадваюць эпізоды вайны, выказваюць асаблівую падзяку ветэранам з пажаданнямі ім здароўя і даўгалецця. Стаўбчанка Клаўдзія Манцывода зведала жахі вайны, трапіла за калючы дрот фашысцкага лагера. На вачах у былога вязня слёзы, і з ёй немагчыма не суперажываць. Моладзь свята захоўвае запаветы старэйшага пакалення, урокі мужнасці. Аб гэтым гаворыць спецыяліст філіяла ААТ "ААБ "Беларусбанк" Марыя Арэшка.

У храмах прамаўляюцца малітвы Божага благаслаўлення да загінуўшых, усіх ахвяр вайны. Аб гэтым слова святароў - настаяцеля Свята-Аннінскай царквы айца Аляксандра і настаяцеля касцёла Святога Казіміра ксяндза Адама. Мінута маўчання, усе схіляюць галовы перад светлай памяццю.

А ўражлівым фіналам стала кампазіцыя са свечкамі. У паўзмроку ярка гарэлі свечкі памяці ў руках удзельнікаў тэатралізаванай імпрэзы, а таксама ў многіх з удзельнікаў мітынгу.

Да помніка і стэлаў мемарыяла ўскладаюцца вянкі і кветкі. Нішто не забыта, ніхто не забыты. Аб гэтым і шчырыя словы выступаючых, вершаваныя радкі і песні ў выкананні нашых самадзейных артыстаў. І такія думкі і пачуцці нашых людзей.

Ф. БАНДАРОВІЧ