Збянтэжанае паляванне
Нумар - №118-120 Рубрыка - Ахова правапарадку
24.06.2011
Трое неўстаноўленых грамадзян палявалі без дазволу непадалёку ад вёскі Перакопаўшчына на дзікоў, але засталіся і без здабычы, і без зброі.
Двое з так званых паляўнічых, крадучыся да дзікоў, спрабавалі загнаць іх да трэцяга. І трэба ж, у гэты час іменна да іх таварыша кіравалася рэйдавая група з ліку інспектараў Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і егера раённай арганізацыйнай структуры "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў". Ад нечаканасці "паляўнічы" так рвануў у лес, што пакінуў на прыгатаваным "лежаку" зараджаную зброю. На ствалах яе быў прымацаваны электрычны ліхтар, які свяціў зялёным колерам. Высветлілася, што знаходка інспектараў аказалася не зарэгістраванай у міліцыі, адпаведна, - браканьерскай. Цяпер месца яе знаходжання - у райаддзеле міліцыі.
Для струхнуўшых браканьераў гэта наводка, куды звяртацца па сваю зброю.






