мобильная версия
Прамень

Перш чым выехаць за мяжу – узважце

Нумар - №121-122    Рубрыка - Прамая лінія

28.06.2011

Фотография 1

Няхай у гэтыя летнія дні наша жыццё не азмрочыць інфекцыя, якая сапсуе чарговы адпачынак і выкліча іншыя непрыемныя моманты. Па просьбе нашых чытачоў мы праводзім прамую лінію з загадчыцай аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірынай Пятровіч.

У ліку пытанняў, якія паступілі, быў непакой аб кішэчнай інфекцыі, што агарнула Германію. Па паведамленні СМІ, захварэлі 4 тысячы чалавек. Інфекцыя выклікае пагрозу для жыцця, колькасць ахвяр узрасла да 36 чалавек. Чым выклікана гэтая інфекцыя, і што робіцца па недапушчэнні распаўсюджвання яе ў Беларусі?

Ірына ПЯТРОВІЧ:

- Згодна з асноўнай версіяй вучоных, крыніцай захворвання ў Германіі  сталі прарошчаныя злакі. Спачатку меркавалася, што прычынай узнікнення кішэчнай інфекцыі былі салатныя агуркі з Іспаніі, аднак гэта не пацвердзілася. На падазрэнні соя і фасоля, вырашчаныя ў Германіі. Сімптомы выкліканых кішэчнымі палачкамі (бактэрыямі ЕНЕС) хвароб - крывавая дыярэя, жар, ірвота. У сувязі з ускладненнем развіцця эпідэмічнай сітуацыі па халеры на Украіне і інфекцыі, якая называецца энтэрагемарагічнай кішэчнай палачкай, у Германіі, у нашай краіне прымаюцца меры, каб не дапусціць завозу гэтых небяспечных інфекцыйных захворванняў. Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь уведзена забарона на транзіт сырой агародніны і фруктаў, якія вырашчаны ў краінах Еўрапейскага саюза, праз тэрыторыю Беларусі ў Расійскую Федэрацыю да асобага распараджэння. Адследжваецца дастаўка кожнай партыі завезеных сырой агародніны і фруктаў для прыгатавання страў ва ўстановах адукацыі, арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых установах. Рэкамендавана кіраўнікам арганізацый, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, пастаянна інфармаваць спажыўцоў турыстычнага прадукту аб санітарна-эпідэмічнай абстаноўцы і магчымай рызыцы заражэння інфекцыйнымі захворваннямі. Узмоцнены санітарна-гігіенічны кантроль за пасажырамі, якія прыбываюць паветраным, чыгуначным і аўтамабільным транспартам з краін, небяспечных па халеры і вострых кішэчных інфекцыях. Забяспечана пастаянная гатоўнасць арганізацый аховы здароўя да правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў ва ўмовах завозу ці выяўлення кішэчных інфекцый і халеры ў Беларусі. Праводзіцца штодзённы маніторынг эпідзначных аб'ектаў: харчовых, аздараўленчых. Варта нагадаць пяць ключавых правіл па прафілактыцы кішэчных інфекцый: падтрымліваць чысціню ў быце і асабістую, аддзяляць сырое ад прыгатаванага, добра прасмажваць ці праварваць прадукты, захоўваць іх пры патрэбнай тэмпературы, выкарыстоўваць бяспечную ваду і бяспечныя сырыя прадукты.

Паступіла пытанне ад бацькоў пра тое, што ў дзіцячых дашкольных установах  ёсць захворванне на вятранку. Наколькі небяспечна дзіцяці перахварэць на гэтую хваробу?

- За 5 месяцаў бягучага года ў нас у раёне зарэгістравана 215 выпадкаў ветраной воспы, 200 з іх - у дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 17 гадоў. Ветраную воспу выклікае герпес-вірус, які дастаткова лёгка перадаецца паветра-кропельным шляхам. Магчымасці віруса выклікаць захворванне вельмі высокія: са 100 кантактных з хворымі заражаюцца 85-99 чалавек. Таму так і распаўсюджваецца інфекцыя ў дашкольных установах. Часцей захворванне ўзнікае ў дзіцячым узросце і працякае не вельмі цяжка: з'яўляецца тэмпература, недамаганне і высыпанне на скуры ў выглядзе пухіркоў, якое свярбіць. Як правіла, гэта высыпка праходзіць, не пакідаючы ніякіх слядоў на скуры. Так што бацькам асабліва не трэба трывожыцца, калі дзіця перахварэла. Галоўнае - выконваць усе рэкмендацыі ўрача. Калі дзіця было ў кантакце з хворым, то на працягу чатырох дзён можна абараніць яго ўвядзеннем вакцыны ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы ў Мінску, якая дазволіць папярэдзіць захворванне. Найбольш эфектыўная абарона забяспечваецца ў выпадку ўвядзення вакцыны на працягу першых трох дзён з моманту кантакту.

Наколькі небяспечна ў сучасны момант захварэць на адзёр?

- У Рэспубліцы Беларусь з пачатку года зарэгістравана 17 выпадкаў адзёру, з іх 13 - на тэрыторыі Мінскай вобласці. Так што, трывога ваша не беспадстаўная. Звяртаю ўвагу на тое, што ў шэрагу выпадкаў захворванне клінічна працякае атыпова, без наяўнасці ўсіх характэрных прызнакаў адзёру, пад "маскай ВРВІ", што абцяжарвае пастаноўку дыягназу. Вірус адзёру трапляе ў арганізм праз дыхальныя шляхі, дзе ён размнажаецца ў крыві і разносіцца па розных органах, паражае міндаліны, печань, лёгкія, косны мозг. Адзёр пачынаецца з прызнакаў, падобных на ВРВІ - павышэнне тэмпературы, кашаль, насмарк. Гэты стан захоўваецца 2-3 дні. Затым з'яўляецца ярка чырвоная высыпка, адразу на твары, затым распаўсюджваецца па ўсім целе. Адзёр небяспечны ўскладненнямі ў выглядзе запалення сярэдняга вуха, лёгкіх, тразеі, бронхаў, а таксама запаленнем абалонак мозгу. Як абараніцца ад адзёру? Толькі атрымаўшы прышчэпку, якая праводзіцца ва ўзросце 1 год і 6 гадоў.

Было тэлефанаванне з просьбай патлумачыць, што такое энтэравірусная інфекцыя?

- З пачатку года ў раёне зарэгістраваны два выпадкі энтэравіруснай інфекцыі - кішэчнай. Энтэравірус выдзяляецца з насаглоткі і кішэчнага тракту і можа перадавацца як фекальна-аральным, так і паветрана-кропельным шляхам. Найбольш характэрныя сімптомы - павышэнне тэмпературы цела, недамаганне, галаўны боль, можа быць высыпка на руках, нагах, твары, боль у мышцах. Пры цяжкіх формах захворвання вірус можа выклікаць ацёк лёгкіх, менінгіт, энцэфаліт. Засцерагчы сябе ад захворвання можна выконваючы правілы асабістай гігіены, не трэба ўжываць для піцця ваду з адкрытых вадаёмаў, захоўваць патрабаванні гігіены пры прыгатаванні ежы, добра прамываць агародніну і фрукты, не парушаць тэмпературны рэжым і таварнае суседства пры захаванні прадуктаў, абараняць ежу ад мух.

Патэлефанаваў чалавек з сельскай мясцовасці з непакоем, што дзіця ўкусіў сабака. Са злосці сын знішчыў жывёліну, таму ўзніклі праблемы з абследаваннем сабакі на шаленства.

- Урачы санэпідслужбы неаднаразова звярталіся да жыхароў раёна з просьбай, нават патрабаваннем не знішчаць жывёлін, якія пакусалі чалавека, паведамляць у ветэрынарныя і медыцынскія ўстановы аб выпадках пакусаў. За жывёлінамі ўстанаўніваецца назіранне на працягу 10 дзён. Шаленства - смяротна небяспечнае інфекцыйнае захворванне жывёлы і чалавека. Узбуджальнік яго - вірус - па нервовых шляхах праходзіць у мозг і паражае яго. Выдзяляецца вірус са слюнай хворай жывёліны. Калі вас пакусала, падрапала ці абслініла жывёліна, трэба абільна прамыць раны, драпіны вадою і тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў бліжэйшую лячэбна-прафілактычную ўстанову для вырашэння пытання аб назначэнні ці неназначэнні курсу прышчэпак ад шаленства. Курс вакцынацыі складаецца з 6 прышчэпак па пэўнай схеме. Шаленства - невылечная хвароба. Вакцынацыя - адзіны спосаб абароны ад шаленства. У нас па раёне абстаноўка застаецца небяспечнай. З пачатку года зарэгістраваны чатыры лабараторна пацверджаныя выпадкі шаленства сярод жывёлы (два каты і дзве лісы) на тэрыторыі чатырох сельсаветаў - Варацішчанскага, Мікалаеўшчынскага, Залужскага і Навасвержанскага. Таму варта яшчэ раз сказаць жыхарам раёна, каб абмежавалі кантакт з дзікімі і беспрытульнымі жывёлінамі, не датыкаліся да трупаў жывёлін, захоўвалі правілы ўтрымання дамашняй жывёлы, рэгістраваць сабак і катоў і рабіць ім прышчэпкі ў ветэрынарных установах.

Мяркуючы па тэлефанаваннях, жыхароў раёна ў гэты купальны сезон непакоіць, якасць вады ў вадаёмах?

- Пастаянна праводзіцца лабараторнае даследаванне вады ў адкрытых вадаёмах. У выпадку небяспекі будзе паведамленне аб забароне купання ў тым ці іншым вадаёме. Пакуль абстаноўка спакойная.

Адносна планавання свайго адпачынку былі пытанні, у якія краіны не рэкамендуецца выезд гэтым летам?

- Турыстам рэкамендуецца ўдакладняць у турыстычных фірмах эпідэмічную абстаноўку ў выбранай для адпачынку краіне. Халера назіраецца ў Марыупалі (Данецкая вобласць). Па даследаваннях мяркуецца, што прычынай захворвання стала вада ў Азоўскім моры і пападанне ў ежу рыбы, вылаўленай у гэтых месцах. Небяспечная абстаноўка па халеры склалася ў Цэнтральнай Афрыцы, краінах Карыбскага басейна, на востраве Гаіці. Халера распаўсюдзілася ў Дамініканскую Рэспубліку, Венесуэлу, Канаду, Злучаныя Штаты Амерыкі. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь не рэкамендуе пакуль выязджаць на адпачынак у гэтыя краіны, у тым ліку і на Азоўскае мора. Турыстам можна даць парады. Калі ў час адпачынку ў вас з'явіліся першыя прызнакі недамагання (болі ў жываце, вадкі стул, ірвота), не трэба займацца самалячэннем, неабходна звярнуцца да ўрача.

Хочацца пажадаць жыхарам раёна шчаслівага, эпідэмічна спакойнага лета і адпачынку.

Святлана ЖЫБУЛЬ