Увесь год – з "Праменем"
Нумар - №121-122 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
28.06.2011



21-га чэрвеня ў гарадскім аддзяленні сувязі ладзілася свята для падпісчыкаў.
Літаральна за некалькі гадзін больш за два дзясяткі жыхароў раёна падпісаліся на раённую газету "Прамень", а таксама на іншыя перыядычныя выданні. Адначасова яны паўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі, у выніку якой атрымалі ад паштавікоў прыемныя сувеніры на памяць. Рэдакцыя "раёнкі" падрыхтавала для сваіх прыхільнікаў конкурс з сюрпрызам. Разыгрываліся пяць экземпляраў бясплатнай падпіскі на "Прамень" на трэці квартал. Сярод шчасліўчыкаў - стаўбчане М. Крамко, В. Гоман, М. Андрэенка, В. Свінабурка, А. Сямілетава. Па іх жаданні адметны падарунак у выглядзе квартальнай падпіскі на "Прамень" атрымаюць іх дзеці, сваякі або сябры. Напярэдадні вялікага свята - Дня незалежнасці - ён вельмі дарэчы...
Падпіска ішла надзвычай актыўна, з ахвотай. Побач з аператарам Таццянай Міцкевіч і намеснікам начальніка вузла паштовай сувязі Марынай Петух, якія за асобным столікам вялі яе афармленне, часта была чутна адна просьба: "Мне "Прамень" да канца года". Вельмі прыемна, што нашы чытачы давяраюць нам і настроены на працяглую і моцную дружбу.
Шаноўныя чытачы, мы пастараемся апраўдаць ваш давер. І як яго не апраўдаць, калі людзі выказваюць такія шчырыя словы? Паслухайце ўдзельніцу Дня падпісчыка Леакадзію Валіцкую (яна выпісвала яшчэ "Голас селяніна"): "Не магу без "Праменя". У пачатку года атрымала насценны каляндар на 2011 год, вялікі дзякуй, ён вісіць у мяне навідавоку". Наша даўняя падпісчыца Зінаіда Міхалькевіч падзялілася: "Вечарам рана спаць не кладуся, усю "раёнку" прабяру. Меншы сын, ён жыве ў Мачулішчах, просіць, каб збірала газеты. Як прыедзе, таксама любіць пачытаць. Падабаецца раённая газета".
У размовах пераканалася ў чарговы раз, што раёнка - цікавая газета для нашых падпісчыкаў. У прыватнасці, для сям'і Мазурэнкаў, Вольгі Калкоўскай, Ірыны Мяжынскай, Уладзіміра Купрэева і многіх іншых. Шчыры "праменеўскі" сябар Вера Кожыч прыйшла на пошту з пышным букетам званочкаў і напярсцянкі. "Якое свята без кветак? - усміхаецца Вера Бярнардаўна. - "Раёнку" выпісваю ўсё жыццё і чакаю паштальёна як вялікага госця. Нашу вуліцу Магістральную абслугоўвае Людміла Зубенка. Цудоўны чалавек! Ніколі яна не забудзе прапанаваць падпісацца, заўсёды акуратна прыносіць газету ў паштовую скрыню".
Нагадваем, што і сярод паштальёнаў раёна рэдакцыя праводзіць конкурс па найбольшай колькасці падпісчыкаў на нашу газету. Будуць вызначаны тры прызавыя месцы. Самых актыўных паштальёнаў чакае грашовае зааахвочванне.
Хто яшчэ не падпісаў газету "Прамень" на новы квартал або на паўгоддзе, паспяшайцеся! Аформіць падпіску можна ў паштальёна або на пошце. Будзем разам!






