мобильная версия
Прамень

І прэзентацыя кафэ

Нумар - №123-125    Рубрыка - Гандаль

01.07.2011

Больш за 700 чалавек у нашым раёне прадстаўляюць спажывецкую кааперацыю раёна і працуюць у 111 ведамасных магазінах, рэстаранах і кафэ, вытворчых цэхах, за рулём аўтатранспарту... Гэта адна з самых старэйшых арганізацый раёна. Яна аб'ядноўвае не толькі сённяшніх працаўнікоў, але і ветэранаў, якія аддавалі свой прафесіяналізм райспажыўтаварыству - кожны на сваім месцы. Да іх шаноўнае стаўленне ў калектыве.

Прафсаюзная арганізацыя падтрымлівае традыцыі арганізацыі сустрэч з ветэранамі спажывецкай кааперацыі. Іх справу працягвае маладое пакаленне, якое імкнецца ўнесці ў работу свежы струмень, свае новыя ідэі і жаданне іх увасобіць у жыццё.

Яркай адметнасцю работы спажывецкага таварыства ў сучасны момант з'яўляецца абнаўленне вытворчых аб'ектаў, увядзенне ў дзеянне новых прадпрыемстваў сэрвісу, прычым на старых вытворчых плошчах, адкрыццё спецыялізаваных магазінаў.

Вось і да прафесіянальнага свята запланавана прэзентацыя яшчэ аднаго кафэ, якое мае адметную назву "Рыцарскі прывал". У адпаведнасці з гэтай назвай выкананы і інтэр'ер памяшкання - у старадаўнім стылі, складзена  меню. Кафэ будзе працаваць у памяшканні былой  "Мелодыі" на плошчы Леніна. У свой час яно было вельмі папулярнае ў горадзе, лічылася маладзёжным, аднак з цягам часу згубіла сваіх прыхільнікаў. Гэта стала сігналам для кіраўніцтва ведамства, каб спланаваць абнаўленне аб'екта сэрвісу. З'явілася ідэя адкрыць новае кафэ з новымі ідэямі і прапановамі.  Былі ўкладзены пазычаныя банкаўскія і ўласныя сродкі, каб закупіць новае гандлёвае абсталяванне, правесці рамонт, набыць мэблю, банерныя пано, іншы адпаведны інтэр'ер.  

Як расказвае начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Валянціна Стрэльчанка, кафэ разлічана для адпачынку моладзі. Закуплена абсталяванне для мяккага марожанага, у пятніцу і суботу будзе гучаць "жывая" музыка. Адметнасцю кафэ з'яўляецца і тое, што ў меню будзе шырока прадстаўлена беларуская кухня, традыцыйныя нацыянальныя стравы. Днём кафэ будзе выконваць функцыі сталовай, дзе можна паабедаць і працаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, і прыезджым. Кіраўніцтва ведамства спадзяецца, што гэта прадпрыемства сэрвісу апраўдае надзеі на павелічэнне тавараабароту, паляпшэнне якасці абслугоўвання наведвальнікаў, як і папярэднія, якія былі адкрыты ў райцэнтры ў бягучым і мінулым годзе і працуюць з добрымі вытворчымі паказчыкамі.

У дзень прафесіянальнага свята дарэчы заўважыць і тое, што аддзел грамадскага харчавання стаўбцоўскага райспажыўтаварыства з'яўляецца лідарам у вобласці па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці. І па аб'ёме тавараабароту гэты аддзел у пяцёрцы лепшых сярод спажывецкіх таварыстваў вобласці.

Галоўная задача працаўнікоў усіх падраздзяленняў райспажыўтаварыства - нарошчваць аб'ёмы вытворчасці і продажу тавараў. Пры гэтым спажывецкая кааперацыя заклікана выконваць і сваю галоўную сацыяльную місію - забяспечваць поўнае задавальненне ўсіх запытаў пайшчыкаў і якасна праводзіць гандлёвае абслугоўванне жыхароў райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ