мобильная версия
Прамень

Пытанні канкрэтныя, жыццёвыя і ўсе вырашальныя

Нумар - №123-125    Рубрыка - Прамая лінія

01.07.2011

Фотография 1

Увага да чалавека і яго праблем -  сутнасць дзяржаўнай палітыкі, змест работы органаў улады. Мясцовай - таксама і тым больш, што яна з'яўляецца першай інстанцыяй, куды ідуць нашы землякі па дапамогу, параду, падтрымку ў рашэнні сваіх жыццёвых складанасцяў і катаклізмаў. З самымі рознымі пытаннямі і праблемамі звяртаюцца жыхары Стаўбцоўшчыны да старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Місько. 22 чэрвеня, у час правядзення прамой тэлефоннай лініі, такую магчымасць скарысталі 20 чалавек, якія патэлефанавалі на прамую лінію да старшыні райвыканкама.

Большасць пытанняў датычыла тэмы добраўпарадкавання дарог, работы службаў ЖКГ, электрасувязі, падтрымкі вяскоўцаў-пенсіянераў, якія вядуць уласную гаспадарку, і г. д. Літаральна ўсе ўзнятыя пытанні вывучаны. Кіраўнік раёна даў даручэнні сваім намеснікам, начальнікам службаў, спецыялістам па іх вырашэнні ў сціслыя тэрміны.

Сёння "Прамень" друкуе справаздачу з прамой лініі старшыні райвыканкама.

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

-       Паважаны Уладзімір Трафімавіч, вас турбуюць жыхары вул. М. Горкага. Па нашай вуліцы няма тратуара (участак ад плошчы Леніна да святлафора). Дапамажыце, калі ласка.

-       Гэтую праблему мы ведаем, і на вуліцы будзе пакладзена тратуарная плітка адразу ж, як закончыцца рамонт вуліцы Гагарына.

Яшчэ адзін званок. Жыхарку з вул. М. Горкага турбуе пытанне, што побач па вул. Камуністычнай, д. 14, набылі ўчастак, але колькі год ён не даглядаецца, не абкошваецца, зарос лебядой.

-       Абавязкова выклічам гаспадара данага ўчастка для навядзення парадку. Таксама адправім яшчэ супрацоўнікаў санэпідстанцыі, каб "дапамаглі" навесці парадак. Дзякуй за падказку адраса безгаспадарчасці.

Цішулін (вул. Энгельса, г. Стоўбцы):

-       Дапамажыце навесці парадак па вул. Цэнтральнай: добраўпарадкаваць участак пешаходнай дарожкі ад магазіна "Дом гандлю" да магазіна "Арманда". Ды і каля самога магазіна "Арманда" трэба, каб гаспадар парупіўся добраўпарадкаваць тэрыторыю. Пешаходны пераход праз вуліцу Цэнтральную ў час дажджу залівае вадой, няма падходу да пераходу.

-       Для таго каб адрамантаваць тратуар, патрэбны вялікія грошы. На першым часе зробім бягучы рамонт. А наконт пешаходнага пераходу - разметка там нанесена, знакі стаяць. Залівае вадой - так зроблена сцёкавая каналізацыя (гарадская), але ж гэта часова, трэба трошкі пацярпець.

Жыхары вул. Калгаснай, дамы 9, 11:

-       У час дажджоў вуліца тоне ў вадзе.

-       У горадзе няма ліўневай каналізацыі. Гэта праблема многіх вуліц.

Язвінскі І. І. (г. Стоўбцы):

-       Жыхары вул. Зялёнай каля сваіх дамоў траву абкошваюць. А хто павінен абкошваць тэрыторыю, якая не належыць уласнікам дамоў, асабліва ў раёне чыгункі?

-       Дадзім даручэнне АКС і лясгасу. Яны дапамогуць прывесці тэрыторыю ў парадак.

Жыхарка вёскі Дзераўной звярнулася з просьбай, каб зрабілі пераход ці знак паставілі каля магазіна ПМК. Людзям небяспечна пераходзіць дарогу ў гэтым месцы.

-       Абавязкова знак паставім ці зробім пешаходны пераход. Даручым разабрацца з данай сітуацыяй супрацоўнікам ДАІ.

Н. М. Даўлюд (г. Стоўбцы) выказала незадавальненне станам вуліцы Шаўчэнкі ў Стоўбцах.

- Абавязкова сам там пабываю, і тады вырашым, што рабіць з гэтай вуліцай, які там патрэбен рамонт.

Жыхар вёскі Скамарошкі:

-       Паважаны Уладзімір Трафімавіч, вельмі непакоіць стан дарог у нашай вёсцы. Звяртаўся ў сельскі Савет, але справы не змяніліся.

-       Адрасую вашу просьбу ДРБУ-135. Яны абавязкова падрамантуюць дарогі ў вёсцы.

САЦЫЯЛЬНЫ АСПЕКТ

А. А. Самахвал з Кнотаўшчыны гаварыла аб тым, што ў іх ужо працяглы час не працуе тэлефон, провад ляжыць на зямлі.

-  Ваша просьба тэрмінова будзе адрасавана вузлу электрасувязі, і я асабіста пракантралюю яе выкананне.

Жыхар дома № 3 па вул. Энгельса (Цішулін):

-       У нас не працуе радыё.

-       Звярніцеся ў вузел электрасувязі, а я вашу праблему адрасую непасрэдна начальніку РВЭС М. І. Касабуцкаму.

Жыхарка вёскі Літвы звярнулася да старшыні райвыканкама з просьбай, каб яе вярнулі на ранейшае месца працы, на ферму. За парушэнне дысцыпліны працы яна была звольнена. Сама абавязаная асоба, мае 3-х дзяцей. Абяцала, што болей такога не паўтарыцца.

Уладзімір Трафімавіч пагутарыў з дырэктарам данага ААТ, было вырашана пайсці жанчыне насустрач.

М. Р. Маз (вёска Халаімаўшчына):

- Просім, каб пасадзейнічалі ў вырашэнні пытання аб аўтобусным маршруце (на летні перыяд прадоўжыць маршрут аўтобуса да Халаімаўшчыны, хаця б у выхадныя дні).

- Пастараемся штосьці зрабіць, г. зн. дапамагчы вам з гэтай праблемай. Не абяцаю, што аўтобус будзе хадзіць у Халаімаўшчыну, а да скрыжавання дарог на Галавенчыцы і Халаімаўшчыну магчыма прадоўжым маршрут.

ПЫТАННІ ЖКГ

Жыхароў вул. Энгельса горада Стоўбцы непакоіць, што ў іх не ізаляваныя трубы ацяплення, не праводзяцца прафілактычныя работы.

-       Дайце, калі ласка, заяўку ў АКС. Падкажыце, напомніце пра сябе супрацоўнікам АКС.

Жыхары дома № 4 па вул. Кутузава ў Стоўбцах:

-       Уладзімір Трафімавіч, у нас праблема з вадой. Як толькі наступіў летні перыяд, вада ў кране ўвогуле адсутнічае. Такая ж праблема і па вул. Танкістаў, а на суседніх вуліцах (Стадыённай, Ленінскай) вада ідзе пад вялікім напорам. Прыходзіцца вёдрамі насіць ваду з суседніх вуліц.

-       Абавязкова адправім да вас супрацоўнікаў АКС, каб дапамаглі разабрацца ў чым прычына. Вада ў кране павінна быць хоць без напору.

Тубышава (г. Стоўбцы, вул. Энгельса, д. 1-а):

-       У нас у доме цячэ дах, у кватэры вокны згнілі. Калі будзе праводзіцца рамонт нашага дома?

-       Калі кватэра ваша прыватызавана, то рамонт кватэры, замена вокнаў, дзвярэй праводзіцца за ўласны кошт, а дах паглядзяць работнікі АКС. Давайце заяўку, пішыце заяву ў АКС.

ЖЫЛЛЁ. БУДАЎНІЦТВА

Жыхары Стоўбцаў:

-       Уладзімір Трафімавіч, калі ж будуць выдавацца ўчасткі пад будаўніцтва ў мікрараёне "Паўночны-2"?

-       Усе неабходныя дакументы ўжо сабралі. На наступным тыдні пачнуць выдзяляць участкі. Вас усіх папярэдзяць.

Індывідуальны прадпрымальнік Клаўсуць скардзілася, што ёй затрымліваюць работы па вырабе зямельна-кадастравай дакументацыі пад гандлёвы павільён у раёне плошчы Леніна.

-       Гэтыя работы праводзяцца па дагаворы з райвыканкамам РУП "Белгеадэзія". Зямельны ўчастак сфарміраваны і ў бліжэйшы час будзе праведзены аўкцыён па продажы данага зямельнага ўчастка.

ПЕНСІЯНЕРЫ ПРОСЯЦЬ ДАПАМОГІ

-       Паважаны Уладзімір Трафімавіч, звяртаецца да вас жыхарка вёскі Ячонка Л. Кухарчык. Многія пенсіянеры хочуць трымаць кароў на сваіх падвор'ях, але дапамогі ад таварыства няма, у прыватнасці, з пакрыццём каровы, нарыхтоўкай сена. Я пайшла на пенсію з  мясцовага дзіцячага сада і не карыстаюся ніякімі льготамі для вяскоўцаў, хоць амаль  10 гадоў адпрацавала ў калгасе.

-       Не хвалюйцеся. Гэтае пытанне ўзгадню з дырэктарам ААТ "Каганец". Напішыце заяву ў гаспадарку, каб можна было набыць сена і пакрыць карову. Думаю, што вашу праблему вырашым станоўча.

-       Звяртаецца да вас  Ганна Канстанцінаўна з вёскі Зарэчча Вішнявецкага сельсавета. Мы з мужам інваліды. Скажыце, калі ласка, ці павінны нам выдаваць малако і ці будзе аказана дапамога ў рамонце плоту?

-       Вы атрымліваеце пенсію, у вас ёсць дзеці, таму дзеці павінны дапамагаць сваім бацькам, а малако вы можаце набыць у мясцовым магазіне.

Па нявырашаных праблемах адказным службам райвыканкама дадзены даручэнні выехаць на месца, разабрацца і выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час. Большасць пытанняў вырашаны ў час тэлефоннай размовы.

Падводзячы вынікі прамой лініі з жыхарамі Стаўбцоўшчыны, Уладзімір Трафімавіч адзначыў, што на прамую лінію паступілі пытанні жыццёвыя, канкрэтныя, і ўсе яны вырашаюцца. Па сутнасці, практычна на ўсе пытанні абавязаны былі даць выніковы адказ службовыя асобы райвыканкама, кіраўнікі адпаведных арганізацый, устаноў. Патрэбна, каб усе больш адказна ставіліся да праблем людзей. Трэба памятаць: улада для народа, а не наадварот.

Нэлі АСТРЭЙКА