Падзеі і здарэнні
Нумар - №143-145 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
04.08.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 5 шлюбаў, зроблены 4 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Дар'і Машчыц, Любові Гацура, Аляксею Вараксу, Міхаілу Полацкаму, Мацвею Дубатоўку і Ціхану Філіповічу.
Зямны шлях закончыўся для 16-ці чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне падчас моцнай навальніцы 21 ліпеня. Ад прамога пападання маланкі ўспыхнула сенасховішча з назапашаным там сенам на малочнатаварнай ферме ў Драздах ААТ "Агранёманскі". Памер нанесеных страт устанаўліваецца. Ад стыхіі, якая разыгралася ў гэты дзень, у райцэнтры ламаліся дрэвы і галіны, якія перакрывалі рух транспарту або перашкаджалі яму. На падобныя здарэнні выратавальнікі выязджалі на вуліцы Гайдука, 17 Верасня, Ленінскую і інш.
Міліцыяй узбуджана 8 крымінальных спраў. У кафэ-бары "Стары двор" невядомы выкраў у наведвальніка мабільны тэлефон. У наведвальніка рэстарана "Турыст" знік партманет з грашыма. На будаўнічай пляцоўцы па вуліцы Ленінскай група зламыснікаў паквапілася на арматуру, якая належала камерцыйнаму прадпрыемству. У Стоўбцах з берага Нёмана было выкрадзена адзенне разам з двума мабільнымі тэлефонамі, грашыма і інш. З гаража жыхара Дзераўной украдзены матацыкл. Прыйдзецца адказваць грамадзяніну, які сістэматычна збіваў сваю сужыцельку.
Суд асудзіў да 1 года абмежавання волі 48-гадовую жыхарку вёскі Пагарэлае, абавязаную кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. Аднак яна ўхілялася ад гэтага, не выходзіла на работу. 17-гадовы мінчанін прыгавораны да 1 года 7 месяцаў зняволення, праўда, з выпрабавальным тэрмінам на працягу трох гадоў, за тое, што рухаўся на аўтамабілі без вадзіцельскага пасведчання, учыніў дарожную аварыю і з месца здарэння ўцёк. Пацярпелы вадзіцель мапеда, які атрымаў цяжкія траўмы, быў кінуты ім у небяспечным стане... На 560 тысяч рублёў аштрафаваны 32-гадовы жыхар Кляцішча: у доме мужчыны былі знойдзены самагонны апарат і адна тона брагі. Уся знаходка канфіскавана. У суд быў выкліканы і 48-гадовы жыхар Цеснавой і пакараны штрафам у 35 тысяч рублёў з канфіскацыяй незаконнага прадмета - самагоннага апарата. 29-гадовы грамадзянін, будучы службовай асобай аграбудфірмы "ПМК-74 - Налібакі", парушыў тэрміны вяртання часова занятых арганізацыяй земляў, за што аштрафаваны на 350 тысяч рублёў.
ДАІ затрымала 198 парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 9 нецвярозых і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 8 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Зафіксавана 9 дробных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.
"Хуткая" выязджала да хворых 231 раз, у прыватнасці, 6 сігналаў паступіла наконт асоб з алкагольным ап'яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі адносяць да ліку неабгрунтаваных.






