Шпіталь для ветэранаў
Нумар - №143-145 Рубрыка - Медыцына
04.08.2011
З пачатку года 48 жыхароў раёна прайшлі комплекснае стацыянарнае лячэнне ў шпіталі для інвалідаў вайны.
- Сярод 48-мі чалавек пераважаюць інваліды, удзельнікі вайны, але накіраванні прадастаўляліся і адзінокім пажылым людзям, - патлумачыла загадчык паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Кашпар.
Па водгуках нашых ветэранаў, у шпіталі, які, дарэчы, носіць імя Пятра Міронавіча Машэрава і знаходзіцца ў Бараўлянах, створаны цудоўныя ўмовы для лячэння і псіхалагічнай рэабілітацыі. За 21 дзень можна прайсці комплекснае стацыянарнае лячэнне па любым з профіляў - тэрапеўтычным, уралагічным або неўралагічным. Попыт на яго высокі. Нямала жадаючых, каб трапіць у шпіталь і некалькі разоў на год.
Для ветэранаў створаны ўмовы і ў цэнтральнай раённай бальніцы. У кожным аддзяленні для іх выдзелена асобная аднамясцовая палата павышанай камфортнасці. У ёй устаноўлены тэлевізар, халадзільнік, на месцы - туалет. У такую палату шпіталізуюцца ў першую чаргу ветэраны вайны.






