мобильная версия
Прамень

Вабіць плынь будучага

Нумар - №143-145    Рубрыка - Прамысловасць

04.08.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

31  ліпеня філіял маторнага завода адзначае свой чарговы дзень нараджэння. Сёлета - 18-годдзе.

Адно з самых маладых і, адначасова, сур'ёзных прадпрыемстваў Стаўбцоўшчыны падышло да пары "паўналецця".  Але і нямала здзейсненага. З дня выпуска першай дэталі колькі іх сышло з канвеера за 18 гадоў! Акрамя камплектацыі для зборкі рухавікоў Мінскага маторнага завода, стаўбцоўскія машынабудаўнікі змаглі асвоіць і ўласную вытворчасць, зрабіць яе дадатковым стымулам для развіцця філіяла і магчымасцю хоць і маладым, але ўпэўненым крокам ісці ў нагу з часам і нават апярэджваць яго сваімі амбіцыёзнымі планамі. Немалая заслуга належыць вопытнаму і ініцыятыўнаму дырэктару Анатолю Молчану, дружнай камандзе аднадумцаў, што падабралася на заводзе. Ад гэтага перспектывы ў прадпрыемства з кожным годам шырацца, мацнеюць. Спрыяюць рэйтынгу і дзяржаўныя рашэнні: так, на пляцоўках трэцяй, пакуль не задзейнічанай, чаргі філіяла вырашана пабудаваць новы завод -  завод чыгуннага ліцця. Ліцейная вытворчасць дазволіць маторнаму заводу выпускаць канкурэнтаздольную, сусветнай якасці прадукцыю.    

З ОПЦЫЯМІ, ПА ЯПОНСКІМ МЕТАДЗЕ

З чым, уласна кажучы, сустракаюць завадчане  свой 18-ы дзень нараджэння?

За апошнія месяцы рэзка вырас попыт на рухавікі маркі ММЗ. Вытворцы характарызуюць яго як сезонны і тлумачаць найперш патрэбамі ўборачнай кампаніі. Каб забяспечыць выпуск на галаўным канвееры больш за 11 тысяч рухавікоў у месяц, філіял працуе  ў дзве змены. Выходзяць  рабочыя і ў выхадныя дні. За перапрацоўку ім налічваецца двайная аплата. У чэрвені, напрыклад, сярэдні памер заробку па прадпрыемстве  дасягнуў 1 мільёна 937 тысяч рублёў. Выпускаецца некалькі дзясяткаў мадыфікацый рухавікоў, таму асартымент камплектуючых ужо даходзіць да 1 тысячы 319 найменняў. У ліпені на галаўны канвеер адгружана дэталяў на 9,5 мільярда рублёў. Адзіны дэфіцыт, які нечакана ўзнік у калектыве, дзе працуе сёння 1362 чалавекі, -  некаторыя масавыя прафесіі, такія як штампоўшчык, шліфоўшчык, токар, аператар станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем... Каб тэрмінова запоўніць вакансіі, прыйшлося прыбегнуць да пераводу некаторых работнікаў з іншых падраздзяленняў.    

Акрамя таго, філіялаўцы занятыя пошукам дадатковых аб'ёмаў вытворчасці на сваіх магутнасцях. Як адзначыў намеснік галоўнага тэхнолага Генадзь Жэшка, цяпер вядзецца падрыхтоўка да выпуску 12-ці пазіцый дэталяў, перададзеных з ААТ "Радиоволна" (г. Гродна). Для ЗАТ "Нагінскі завод паліўнай апаратуры" асвоены 54 пазіцыі дэталяў, яшчэ 9 - на падыходзе. Іх серыйны выраб запланаваны на трэці квартал бягучага года. Працягваецца супрацоўніцтва з ЗАТ "Фламетр", ААТ "Рэмід", ТДА "Прасет" і інш. Завязваюцца і новыя сувязі.

Штомесячныя адгрузкі прадукцыі завода даходзяць да двух мільярдаў рублёў, у тым ліку на 1,5 мільярда - запасных частак да рухавікоў, на 70 - 100 мільёнаў - тавараў народнага спажывання. Ільвіная частка выпушчанага ідзе на экспарт, у Расію. Сярод яго - гордасць стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў - кампрэсарныя станцыі. За месяц іх  рэалізуецца ў сярэднім 20-25 адзінак на айчынным і расійскім рынках. Асаблівым попытам карыстаюцца станцыі з прадукцыйнасцю ад 6 да 12 м3 у мінуту і рабочым ціскам 7-10 атмасфер.   

Начальнік канструктарскага бюро Уладзімір Стэльмах падзяліўся, што поўнасцю асвоены станцыі з павялічаным ціскам паветра на выхадзе. Іх прадукцыйнасць - 3 м3 у мінуту пры ціску ў 12 атмасфер. Па сутнасці, у мадэльным радзе гэта навінка (пакуль - у адзінкавым экземпляры, своеасаблівы адказ на заяўкі дарожных, будаўнічых арганізацый). Нядаўна зроблена (і адразу прададзена!) станцыя з дыяфрагменнай помпай, якая ідэальна падыходзіць для камунальных арганізацый. Дазваляе падаваць  сціснутае паветра, помпа ж працуе для перакачкі-адкачкі розных вадкасцей (вады, нафтапрадуктаў і інш.). І абсалютна новы від прадукцыі, які цяпер праходзіць выпрабаванне і на які філіялаўцы ўскладаюць вялікія надзеі, - дызель-генератарная ўстаноўка са зварачным інвертарам. Гэта не кампрэсарная станцыя, а аўтаномная крыніца сілкавання, для якой характэрныя мабільнасць і перасоўнасць з магчымасцю выпрацоўваць электраэнергію 380/220 В. Зварачны інвентар - як дадатковая опцыя. Сфера прымянення - вельмі шырокая: на будоўлях, у сельскай гаспадарцы. Іменна такой устаноўкай цікавіліся наведвальнікі розных міжнародных спецыялізаваных выстаў, у якіх маторнікі пастаянна бяруць удзел і знаёмяць  са сваімі навінкамі.

НЕ ВЫХОДЗЯЧЫ ЗА ПРАХАДНУЮ

Не застаецца па-за ўвагай  работнік з яго надзённымі патрэбамі. Згадзіцеся, зручна і прыемна, не выходзячы за тэрыторыю прахадной, атрымаць паслугі інфакіёска, паабедаць у сталовай, зрабіць неабходныя пакупкі ў магазіне... Дзякуючы камп'ютарнай сістэме ўліку, разлік можа быць безнаяўным і ў лік заробку.

У абедзеннай зале летась быў зроблены рамонт. Па сваім  дызайне яна нечым нагадвае ўтульнае кафэ. Па гэтай прычыне яна не "адпачывае" ў выхадныя дні  - запатрабавана для карпаратываў, сямейных і іншых урачыстасцей. Ахвотна карыстаюцца паслугай як свае работнікі, так і жыхары раёна. Што тут казаць, калі да канца летняга сезона сталовая ўжо заказана... Тавараабарот яе за першае паўгоддзе склаў амаль 233 мільёны рублёў (з ростам у 136 працэнтаў). Тавараабарот у двух ведамасных магазінах прадпрыемства вырас да 1 мільярда 141 мільёна рублёў (на 145 працэнтаў).        

Для многіх маторабудаўнікоў ведамасны інтэрнат прадпрыемства дапамагае вырашаць жыллёвую праблему. Пражывае тут сёння больш за 680 чалавек, але, акрамя маторнікаў, знайшлі прытулак і прадстаўнікі яшчэ 36-ці арганізацый горада. Ідучы насустрач інтарэсам раёна, кіраўніцтва завода прадаставіла ведамасны інтэрнат больш чым 200 "староннім" спецыялістам самага рознага профілю. "Ад раёна маторнікі чакаюць дапамогі ў арганізацыі падвозу работнікаў дамоў пасля другой змены, у 24.00", - адзначае памочнік дырэктара па выхаваўчай рабоце і сацразвіцці Віталь Шалькевіч. 

Сярод маторнікаў нямала спартсменаў і турыстаў, якія кульцівіруюць у калектыве актыўны лад жыцця, усе разам працуюць і адпачываюць. У іх дзяцей ёсць магчымасць бавіць летнія канікулы ў ведамасным аздараўленчым лагеры "Церамок" на маляўнічым беразе Нёмана.

І, як няспынная рачная плынь, часам пераменлівая, але ўсё роўна магутная, будучае ў самага вялікага прадпрыемства Стаўбцоўшчыны такое ж светлае, поўнае новых ідэй, планаў і шчаслівых дзён нараджэння.

НА ЗДЫМКАХ: кампрэсарныя станцыі стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў перад адпраўкай заказчыкам; у эканамічным аддзеле - Віталь Суднік (справа) і Дзмітрый Свірыдзенка; станочніца аўтаматнага цэха Валянціна Буднік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ