мобильная версия
Прамень

З даверам да "Паштавіка"

Нумар - №143-145    Рубрыка - Гандаль

04.08.2011

Фотография 1

Дзесяць гадоў таму адкрыўся ў нашым горадзе магазін  раённага вузла паштовай сувязі "Паштавік". З першых дзён  прыйшла працаваць сюды арганізатар рознічнага продажу Валянціна Жыбуль. Вопытны прадавец, да гэтага яна абслугоўвала пакупнікоў у адным з магазінаў райспажыўтаварыства. Яшчэ раней Валянціна набіралася навыкаў у школе-магазіне. А прывяла яе ў гэту няпростую прафесію звычайная сустрэча ў магазіне. "Аднакласніца  працавала  прадаўцом, якраз выкладвала тавар, мне спадабалася", - успамінае Валянціна тое, што запомнілася 18 гадоў таму. Менавіта столькі налічвае і яе стаж у гандлёвай сферы. 

У пары з Валянцінай гандлюе не менш вопытная Святлана Шаблін-ская. Яна таксама прыйшла з сістэмы райспажыўтаварыства, толькі на нейкі год пазней. Абедзве вучыліся ў адной, Заямнаўскай, школе, аднагодкі, хоць і займаліся з розніцай у адзін клас. Не думалі, што дзявочая дружба перарасце ў адносіны калегаў. І хоць работа іх лёгкай не бывае - трэба прыняць тавар, расцаніць яго і выкласці, прафесійна абслужыць пакупнікоў, - галоўнае, што прысутнічае  ў гэтым невялікім калектыве, - давер адзін да аднаго. Ад гэтага, напэўна, і добры настрой, жаданне працаваць яшчэ лепш. Валянціна Жыбуль прызнаецца: "Прачынаюся з адной думкай -  на што даць заяўку, чаго не забыцца  заказаць. Хочацца, каб вітрыны былі поўныя".  Пакупнікі, сярод якіх не толькі работнікі вузла паштовай сувязі, а і жыхары нашага раёна, аддзячваюць ім тым, што не забываюць дарогу ў фірменны магазін "Паштавік".

Ды і як забыць яе, калі тут такая прадуктовая разнастайнасць, на любы густ гаспадыні! Мяса птушкі, каўбасы і каўбасныя вырабы ад Стаўбцоўскага мясакамбіната, агракамбінатаў "Сноў" і "Дзяржынскі", прэсервы ад "Санта-брэмар", салодкасці ад "Спартака", крупы ад "Экалайна", малочныя прадукты ад "Савушкінага прадукту" і "Клецкай крыначкі", лікёра-гарэлачныя вырабы ад "Крышталю", сокі і агароднінныя кансервы ад ААТ "БелНатурПрадукт", хлеб і булкі ад нашага стаўбцоўскага хлебазавода… З году ў год у сезон  карыстаюцца вялікім попытам насенне, цыбуля-сявок. Улічваючы, што гэта магазін "Паштавік", адна з вітрын паштовая - з віншавальнымі паштоўкамі, канвертамі…            

У "Паштавік" тавар паступае некалькі разоў на тыдзень непасрэдна ад вытворцы. Ён заўсёды свежы і, немалаважна, з меншай гандлёвай надбаўкай. Дні завозу каўбасы, малака, цвёрдых сыроў стаўбчане добра ведаюць і  чакаюць прывозу. 

У аддзеле эканомікі райвыканкама звярнулі ўвагу, што "Паштавік" працуе стабільна, забяспечвае планавыя паказчыкі па тавараабароце. У сярэднім гэта 80 мільёнаў рублёў у месяц. Кіраўніцтва вузла паштовай сувязі таксама выказвае задаволенасць работай свайго магазіна і турбуецца, каб яго ўзровень адпавядаў сучасным санітарным нормам. Так, магазін дастаткова аснашчаны халадзільным, вітрынным абсталяваннем, там  устаноўлены кандыцыянер. Зроблены рамонт памяшкання, у якім з'явіўся водаправод, бойлер, каб работнікі маглі карыстацца гарачай вадой.

…А чым жывуць гандлёвыя работнікі па-за прылаўкам?  Валянціна Жыбуль з ахвотай дзеліцца сваёй радасцю. Дачка Святлана з мужам нарадзілі ёй першую ўнучку. Назвалі Ксюшай.  Ірына, малодшая дачка Валянціны,  працуе ў раённай бальніцы бухгалтарам.

У Святланы Шаблінскай - двое сыноў. Старэйшы Максім працуе ў Мінску абвальшчыкам, а малодшы Андрэй сёлета закончыў школу № 3. Плануе паступіць у Мінскі ліцэй малочнай прамысловасці. Муж у Святланы -  "дальнабойшчык", таму сыны - яе першыя памочнікі па доме, у агародзе. 

Няхай у гандлёвых работнікаў раёна заўсёды будзе лад у сям'і і шчасце ў доме, тады нас, пакупнікоў, яны будуць сустракаць толькі з добрым настроем!

НА ЗДЫМКУ: Валянціна Жыбуль  і Святлана Шаблінская шчыруюць у магазіне "Паштавік".

Таццяна ПЯТКЕВІЧ