Патрэбны актыўныя дзеянні
Нумар - №146-147 Рубрыка - Медыцына
04.08.2011
Паважаныя жыхары г. Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці! Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі звяртаецца да вас з заклікам беражліва адносіцца да прыродных багаццяў нашага краю, каб захаваць іх для будучых пакаленняў. Патрэбна асабіста праяўляць ініцыятыву па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый, якія прылягаюць да прадпрыемстваў, арганізацый, уласных падвор'яў, каб сваім удзелам унесці важкі ўклад у павышэнне культуры і паляпшэнне знешняга выгляду населеных пунктаў.
Нагадваю, што на тэрыторыі горада і раёна дзейнічаюць санітарныя нормы, правілы і нарматывы "Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў", зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2009 № 143, а таксама Патрабаванні да добраўпарадкавання індывідуальных жылых пабудоў на тэрыторыі Мінскай вобласці, у адпаведнасці з якімі ўладальнікі зямельных участкаў, індывідуальных жылых дамоў, кіраўнікі прадпрыемстваў маюць шэраг абавязкаў.
Найперш гэта падтрыманне чысціні і парадку на тэрыторыі, якая прылягае да прадпрыемства і арганізацыі, домаўладання да восі праезджай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка, у тым ліку і на прыдомавай тэрыторыі. Неабходна сістэматычна ачышчаць яе ад засмечвання, адходаў будаўніцтва, праводзіць абкошванне пустазелля.
Нельга дапускаць утварэння звалак бытавых і іншых адходаў, а ўтылізаваць раслінныя рэшткі ў кампосных ямах, размешчаных на ўласных участках.
Належыць заключаць дагаворы на вываз камунальных адходаў са спецыялізаваным прадпрыемствам, у даным выпадку з АКС. Утрымліваць у парадку фасады дамоў, гаспадарчых пабудоў, вулічныя агароджванні, своечасова праводзіць іх рамонт і пафарбоўку, замену канструктыўных элементаў, якія прыйшлі ў непрыгоднасць.
Чысціня і парадак на зямлі - справа агульная, аднак многія кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый пра гэта забываюць.
Згодна з распараджэннем Стаўбцоўскага райвыканкама ад 25.03.2010 № 60р "Аб замацаванні за прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі гарадскіх тэрыторый", у горадзе ўстаноўлены адзіны санітарны дзень па ўборцы тэрыторый - чацвер, у які прадпрыемствы, арганізацыі, установы ўсіх форм уласнасці абавязаны ўбіраць не толькі прылеглыя тэрыторыі, але і замацаваныя за імі.
Са станоўчага боку тут неабходна адзначыць МАУП "Стаўбцоўская ПМК", раённы вузел паштовай сувязі, Стаўбцоўскія электрычныя сеткі, ААТ "Стоўбцыгазбуд", МАВГУП "Стаўбцоўскі мясакамбінат". І ў той жа час не поўнае разуменне агульнай задачы адзначаецца з боку аўтапарка № 17, аўтабазы РУП "Мінскагратранс", ЗАТ "Аграмашзапчастка", Стаўбцоўскага цэха УП "Мінскуторчармет", ДРБУ-135, РБУ.
Час угавораў і прапаноў ужо мінуў, патрэбны актыўныя дзеянні ў навядзенні парадку на зямлі. Падтрыманне належнай санітарыі і элементаў добраўпарадкавання - гэта не разавая акцыя, а працэс пастаянны. Да асоб, якія дапусцяць парушэнні санітарных правілаў і патрабаванняў, будуць прымяняцца штрафныя санкцыі, і немалыя - да 200 базавых велічынь. Асобныя нядбайныя кіраўнікі і грамадзяне такую меру ўздзеяння ўжо адчулі. Так, за мінулы перыяд года аштрафаваны 130 асоб на агульную суму 22 995 000 рублёў. Хто асабліва "любіць" свае тэрыторыі, сталі "героямі" публікацый газеты, аб іх пачулі па радыё. У большасці выпадкаў усё магло быць інакш, калі б усе імкнуліся палепшыць асяроддзе свайго жыцця.
Памятайце, Стаўбцоўшчына - наш агульны дом, а ў доме павінен быць парадак, як у сапраўдных гаспадароў.






