"Раскопкі" дзераўнянцаў
Нумар - №146-147 Рубрыка - Прамысловасць
04.08.2011



Газіфікацыя ў Дзераўной - складаны і вялікі аб'ект. Завяршыць яго работнікі ТАА "Стоўбцыгазбуд" пастараюцца да канца бягучага года.
Уздоўж вуліцы Пясочнай у Дзераўной расце пясчаная "града". Роўны шлейф са свежага жвіру кладзецца з-пад каўшоў двух экскаватараў. Услед ідуць рабочыя ўніверсальнай брыгады ТАА "Стоўбцыгазбуд" - раскатваюць у траншэі і прысыпаюць сучасную поліэтыленавую трубу, па якой ужо сёлета павінен прыйсці ў дамы дзераўнянцаў доўгачаканы газ...
- Аб'ект цяжкі, - адразу звяртае ўвагу прадстаўнік заказчыка, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела РУ "Стоўбцырайгаз" Аляксандр Бабіч. - На шляху газіфікацыі шмат камунікацый. Асфальтавае пакрыццё прыходзіцца разбураць... Але якасць работ добрая. Магу пацвердзіць гэта як работнік газавай гаспадаркі, якая будзе прымаць новы газаправод на свой баланс і ў далейшым эксплуатаваць яго. Кантроль вядзецца пастаянна, сумесна са службай тэхнагляду.
Сёння на Стаўбцоўшчыне налічваецца прыкладна 600 км газаправодаў. Са здачай аб'екта ў Дзераўной працягласць іх вырасце яшчэ на 16 км. 70 працэнтаў фінансавых выдаткаў на праектаванне і будаўнічыя работы па газіфікацыі жыллёвага фонду дзераўнянцаў, згодна з Указам Прэзідэнта № 368, узяла на сябе дзяржава (на бягучы год таксама выдзелены сродкі на газіфікацыю пасёлка Школьны і вёскі Казейкі). У Дзераўной трэцяя частка газаправода ўжо ўкладзена ТАА "Стоўбцыгазбуд" у зямлю. Да канца бягучага года работы на аб'екце плануецца завяршыць. Над гэтай задачай і працуе штодзень, не зважаючы на капрызы надвор'я, прарабскі ўчастак Аляксандра Пласкавіцкага.
- Сёлета гэта наш чацвёрты аб'ект, найбольш складаны, - тлумачыць прараб, "бронзавы" ад сонца. - Асаблівыя цяжкасці ўзніклі каля касцёла. Наткнуліся на дарогу з каменю - брусчатку, на незразумелы глыбокі пераход, старыя бардзюры...
Людзі з розных раёнаў
Аляксандру Пласкавіцкаму і яго калегам да цяжкасцей не прывыкаць: іменна яго ўчастак займаўся газіфікацыяй вёскі Налібакі ў 2009 годзе. Там земляныя работы таксама вылучаліся павышанай складанасцю. Але ж пераадолелі, перамаглі! Родам з Капыльшчыны, ён пабудаваў у Капылі хату. Праўда, бываць дома даводзіцца звычайна па выхадных: на працягу апошніх 12-ці гадоў Аляксандр працуе ў камандзіроўках па ўсёй Мінскай вобласці. І падабраліся на яго ўчастку людзі з розных раёнаў - Нясвіжскага, Клецкага, Стаўбцоўскага. Але палова брыгады, трое чалавек, - гэта яго землякі, капыляне. Вось, напрыклад, Сяргей Занько. Экскаватаршчыкам працуе ўсё сваё жыццё. Летась яму выдзелілі новы "Амкадор". Работа Сяргею за радасць і таму, што дома яго чакаюць з камандзіроўкі жонка і тры дачкі - сямікласніца і дзве трэцякласніцы, двайняткі, якія з'явіліся на свет акурат на Купалле…
А пакуль яны, "іншагароднія", ідуць пасля работы ў інтэрнат мясцовай ПМК.
- Пліта ёсць, памыцца можна. Умовы нядрэнныя, - падсумоўвае Аляксандр Пласкавіцкі, які, як і яго калегі, непатрабавальны да бытавых зручнасцей. Ім даводзілася сутыкацца і са значна горшымі варыянтамі. - Працуем звычайна з 8-мі да 17-ці, а ў гарачыя летнія дні карэкціруем графік - з 5-ці да 15-ці. Вольны ад работы час кожны праводзіць па-свойму - ловіць рыбу, глядзіць тэлевізар…
Члены брыгады, хто жыве на Стаўбцоўшчыне, на дзераўнянскім аб'екце ў выйгрышным становішчы: могуць дазволіць сабе прыязджаць дадому не толькі на выхадныя. Двое цёзкаў - Генадзь Саятэвіч і Генадзь Віцько - з мясцовых. У Генадзя Віцько з Задвор'я, як і ў экскаватаршчыка-капыляніна Сяргея Занько, дома трое дзяцей, меншае яшчэ ходзіць у дзіцячы садок.
Працуюць абодва Генадзі дружна, паспяваюць услед за Сяргеевым "Амкадорам" укладваць трубы. Генадзь Саятэвіч яшчэ па сумяшчальніцтву і вадзіцель. Пры неабходнасці садзіцца за руль "Газелі", замацаванай за прарабскім участкам. Аўтамабіль дзяжурыць тут жа, дзе працуюць людзі.
Крыху вышэй па вуліцы Пясочнай шчыруе другая "тройка" з брыгады: экскаватаршчык Аляксандр Радзечка, мантажнік Сяргей Сухаверх і газаэлектразваршчык Аляксей Гушча. Справу маюць з "поліэтыленам", такіх труб закуплена пад поўную патрэбнасць, таму ўсе - "на лапаце", нават газаэлектразваршчык. Зварка спатрэбіцца толькі для даварвання стаякоў з металічнай трубы на ўводах да жылых дамоў, для ўстройвання кантрольных трубак.
Ва ўмовах універсальнасці членам брыгады не абысціся без узаемаразумення і дапамогі. І, канешне, без пачуцця гумару. З ім у маіх суразмоўцаў усё ў парадку. Партрэт сваёй брыгады яны намалявалі хутка: "У нас два Гены, два Сашы, два Сярогі і Аляксей".
Не разбурыўшы, не пабудуеш
За чэрвень прарабскім участкам Аляксандра Пласкавіцкага выкананы аб'ём работ на 132 мільёны рублёў, за ліпень - на такую ж суму. Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ТАА "Стоўбцыгазбуд" Сяргей Бабко, які часта бывае на аб'ектах, праводзіць свой аналіз:
- Нашу арганізацыю ўзначальвае вопытнае кіраўніцтва, якое цэніць добрых работнікаў і стымулюе іх працу. Для гэтага сярод пяці прарабскіх участкаў арганізавана вытворчае спаборніцтва, распрацавана палажэнне аб прэміраванні. Участак прараба Аляксандра Пласкавіцкага прызнаны сярод іх лепшым. Адрознівае яго высокая прадукцыйнасць працы, якасць і тэмпы выканання вытворчага задання. Зразумела, людзі адчуваюць гэта на рахунку сваёй банкаўскай карткі...
Матэрыяльныя выгоды разам з высокай якасцю жыцця забяспечваюць газбудаўцы таксама і тым, для каго стараюцца. Жыхар Дзераўной Мікалай Загуста, адзін з 280-ці членаў спажывецкага кааператыва "Дзераўная-2009", выйшаў на вуліцу, калі экскаватар газбудаўцаў параўняўся з яго домам. Прыглядваўся, як будзе капаць свой увод, з задавальненнем адказаў на нашы пытанні.
- Дваццаць гадоў жыву ў доме і ўвесь час - з думкай аб газе, - прызнаўся Мікалай Іосіфавіч. - Паўз Дзераўную газаправод вялі яшчэ пры Савецкім Саюзе, але вёска так і засталася ўбаку. У мяне - паравое ацяпленне, дроў на зіму не назапасіцца. Канешне, на вуліцы цяпер траншэі, пясок... Ёсць нязручнасці, але трэба пацярпець. Не разбурыўшы, нічога не пабудуеш. На газіфікацыю мы ўжо далі па 1,5 мільёна рублёў з двара, гэта нядорага. Людзі жывуць надзеяй. Адно каб цана на газ не моцна падскочыла…
За многія гады работы з членамі спажывецкіх кааператываў газбудаўцы заўважылі адну істотную дэталь: з прыходам газу сама вёска, як нявеста, непазнавальна мяняецца. Літаральна ўслед за газіфікацыяй большасць гаспадароў добраўпарадкуе свае сядзібы, яны становяцца падобнымі да гарадскіх дамоў, зручных для жыцця і, немалаважна, перспектыўных для рынку нерухомасці. У такіх вёсках жыццё сапраўды адраджаецца наноў.
НА ЗДЫМКАХ: будаўніцтва з праектам у руках (злева направа): Аляксандр Бабіч, Аляксандр Пласкавіцкі і Сяргей Бабко; газіфікацыя зменіць Дзераўную; гатовы выконваць планы Генадзь Саятэвіч і Генадзь Віцько.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






