Падзеі і здарэнні
Нумар - №148-150 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
05.08.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 9 шлюбаў, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Ягору Пальчыку, Настассі Жарнаковай, Арцёму Зянькевічу, Арыне Гушчы, Данілу Цікаловічу і Софіі Каранько.
У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна.
Па матэрыялах Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь судом пакараны за незаконную лоўлю рыбы ў вадаёме вёскі Горкі двое мінчан. Сталічныя жыхары ўстанавілі на возеры дзевяць сетак, з дапамогаю якіх здабылі 30 кілаграмаў карася. Снасці і рыба былі канфіскаваны, а аматары дармавой юшкі атрымалі па 525 тысяч рублёў штрафу кожны і заплацілі дадаткова 757 тысяч рублёў за нанесены ўрон. На возеры ў Падгорнай жыхар Уздзенскага раёна вырашыў налавіць ракаў забароненым спосабам, за што і быў аштрафаваны на 350 тысяч рублёў з канфіскацыяй ракалоўкі.
Пракуратурай раёна падтрымлівалася ў судзе раёна абвінавачванне па сямі крымінальных справах і па дзевяці грамадзянскіх. Жыхар Засулля ў сувязі з ужываннем спіртных напіткаў і неаднаразовым прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Устаноўлены прэвентыўны нагляд у адносінах да жыхара Новага Свержаня, які пасля вызвалення з месца пазбаўлення волі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку. Разгледжаны дзве грамадзянскія справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў бацькоў, якія злоўжываюць спіртным. Накіравана ў суд восем крымінальных спраў у адносінах да васьмі асоб.
Судом асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі жыхар Ніўнага, які ў стане алкагольнага ап'янення, у прыступе рэўнасці да сваёй сужыцелькі забіў са стрэльбы вяскоўца. Асуджаны распіваў з сужыцелькай спіртное, і якраз у гэты час да іх зайшоў пацярпеўшы. У працэсе размовы завязалася сварка, якая і прывяла да трагедыі. На пяць гадоў пазбаўлены правоў кіравання і аштрафаваны на 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў стаўбчанін, які на працягу года ўжо быў пазбаўлены правоў, але зноў сеў за руль аўтамашыны ў нецвярозым стане.
Паўтара года і год і тры месяцы "хіміі" адпаведна атрымалі раней судзімыя жыхар Ператокаў і жыхарка Наваколасава, якія ўкралі грошы з дома пенсіянеркі ў Ператоках. Састарэлая жанчына папрасіла іх прыгледзець за домам, дзе знаходзіўся яе хворы муж, а сама адлучылася. Зладзеі скарысталі просьбу ў сваіх карыслівых мэтах.
ДАІ затрымала 150 парушальнікаў правілаў дарожнага руху, сярод якіх 6 нецвярозых і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 4 недысцыплінаваныя пешаходы. Адбылося чатырнаццаць дробных аварый, у якіх пацярпела толькі тэхніка.
Хуткая выязджала да хворых 228 разоў, у прыватнасці, чатырнаццаць сігналаў паступіла да асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, і чатыры сігналы прылічаны медыкамі да неабгрунтаваных.






