Кава. Шкодная ці не?
Нумар - №151-152 Рубрыка - Медыцына
09.08.2011

Мільёны людзей ва ўсім свеце пачынаюць дзень з кубачка кавы. Пры гэтым яны нават і не падазраваюць, колькі супярэчлівасцяў тоіць у сабе гэты напітак. На працягу многіх гадоў вучоныя спрабуюць адказаць на пытанне: шкодны ён ці не?
Кава бадзёрыць, садзейнічае развіццю памяці, дорыць аптымістычны пагляд на жыццё. Асноўным біялагічным кампанентам кавы, дзякуючы чаму і ўзнікае цяга да гэтага напітку, з'яўляецца кафеін. Даказана, што кафеін з'яўляецца ўмераным стымулятарам, які ўздзейнічае праз аддзелы галаўнога мозгу на цэнтральную нервовую сістэму і сістэму кровазвароту. Яго прыём выклікае адчуванне бадзёрасці, прыліву сіл, а таксама здымае галаўныя болі. Па гэтай прычыне ён уключаны ў склад больш як 20 найменняў розных лекавых прэпаратаў.
Аднак кафеін - гэта толькі адно з 500 хімічных рэчываў, якія ўваходзяць у састаў кавы. Акрамя кафеіну, у састаў кафейнага зерня ўваходзяць калій, кальцый, натрый, жалеза, сера, фосфар, азот, магній, хлор, а таксама 8 вітамінаў групы В і каштоўныя для здароўя арганічныя амінакіслоты. Кафеін садзейнічае больш хуткаму спальванню тлушчаў у арганізме. Кава без цукру і малака нізкакаларыйная і ўтрымлівае толькі 2 калорыі.
Фільтраваная кава ў вялікіх колькасцях не павялічвае рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Па выніках 20-гадовага назірання вучоныя заўважылі тэндэнцыю, што людзі, якія ўжываюць каву ў вялікіх колькасцях, часцей кураць і злоўжываюць алкаголем, чым тыя, якія ўжываюць каву менш. Аднак, менавіта курэнне і злоўжыванне алкаголем, а не кава, з'яўляюцца тымі фактарамі, якія выклікаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Рызыка развіцця інфаркту ў людзей, якія ўжывалі маленькія і вялікія дозы кавы, не адрозніваюцца.
Нягледзячы на атрыманыя даныя, вучоныя ўсё ж не рэкамендуюць злоўжываць любімым напіткам. Галоўны прынцып, якім павінен кіравацца сапраўдны аматар кавы, - умеранасць. Бяспечным для здароўя з'яўляецца 300-500 мг кафеіну ў суткі. У адным кубачку кавы ў сярэднім утрымліваецца 100 мг кафеіну. Прычым, у абсмажаным зерні кавы - 80-115 мг, растваральнай каве - 65-71 мг, экспрэса - 40 мг.






