Пра правапарадак і імідж міліцыянера
Нумар - №151-152 Рубрыка - Ахова правапарадку
09.08.2011

Адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў Алегам Савасцеем. Жыхары раёна ўзнімалі актуальныя пытанні аховы правапарадку, дарожнай бяспекі і іміджу супрацоўніка міліцыі.
На беразе ракі Нёман паблізу вёскі Канкаловічы знойдзены мёртвы мужчына. Што здарылася? Турбуемся, бо там адпачываюць нашы дзеці.
Алег Савасцей:
- На працягу дня гэты малады чалавек разам з кампаніяй выпіваў на беразе. Распівала там і яшчэ адна кампанія. Устаноўлена, што бойкі не было. Яго пакінулі аднаго на беразе і пайшлі. На наступныя суткі хлопца знайшлі мёртвым. Ідзе разбіральніцтва. Папярэдне магу сказаць, што крыміналу ў гэтым выпадку няма. Хацелася б, каб людзі не праходзілі абыякава міма такіх кампаній, падказвалі нам. Зоны масавага адпачынку на вадзе нашы супрацоўнікі патрулююць пастаянна. Абстаноўка спакойная.
Сям'я са Стоўбцаў паскардзілася на недастойныя паводзіны свайго суседа - супрацоўніка райаддзела, які загарадзіў з іх боку неахайны плот.
- Гэту сітуацыю мы ўжо ведаем. Людзі звярталіся і ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама (і ў рэдакцыю нашай газеты - Т. П.). Як мне паведамілі, складзены адміністрацыйны пратакол за самавольныя пабудовы, нягледзячы на міліцэйскі чын суседа. Яго паводзіны разгледзім у сваім калектыве на таварыскім судзе. Міліцыянер - таксама чалавек, але мы працуем над тым, каб кожны міліцыянер быў прыкладам і на рабоце, і ў быце, а людзі ішлі да яго з даверам. Прыкрывацца мундзірам нікому не дазволена. Паверце, сваю службу мы будуем для людзей і ў інтарэсах людзей. Любыя факты, якія паступаюць да нас, не застаюцца без увагі і ацэнкі. Узровень поўнага даверу міліцыі раёна нам трэба павышаць. Па апошніх даных, ён склаў сярод апытаных 31 працэнт (у вобласці - 34,3 працэнта). Назаву вам і яшчэ лічбу: у гэтым годзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 9 супрацоўнікаў, 8 з іх - за парушэнні правілаў дарожнага руху. З 9-ці трое былі выяўлены супрацоўнікамі вышэйстаячых падраздзяленняў унутраных спраў, большасць - кіраўніцтвам райаддзела. Шмат чаго робіцца ў выхаваўчай рабоце з асабістым саставам, хацелася б пачуць і прапановы ад грамадзян.
Стаўбчанін М. І. Елісееў, пенсіянер, звярнуў увагу на дарожную бяспеку ў нашым горадзе. Напрыклад, заезд у Дом гандлю з боку вуліцы Цэнтральнай і пешаходная "зебра" каля гаспадарчага магазіна з вельмі высокімі бардзюрамі. Немагчыма падняць інвалідную каляску, проста дзіцячую каляску. З-за гэтага ствараецца "пробка" на дарозе. Вадзіцелі абураюцца, а пешаходы падвяргаюць небяспецы і сябе, і дзіця.
- Звяжамся з камунальнай службай, у бліжэйшы час выправім становішча, каб з'езд быў больш плоскі. Дзякуй вам за званок - для гэтага ў нас і прамыя лініі ладзяцца, каб абменьвацца інфармацыяй.
Ці зменіцца што ў нашым горадзе пасля дваровых сходаў, якія праходзяць у шматпавярховым мікрараёне?
- Гэта акцыя маштабная, з удзелам не толькі міліцыі, а і прадстаўнікоў ідэалагічнага аддзела, камунальнай службы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Па ходу падключаюцца і іншыя службы. На сходах збіраецца ад 30 да 50 чалавек. Ахапілі і прыватны сектар. Дыялог з людзьмі атрымаўся карысным. Інфармацыю мы абагульняем. Скажу, што людзі выказалі пажаданне аб устаноўцы некаторых дарожных знакаў, узнімалі пытанні па паркоўцы, добраўпарадкаванні, ямачным рамонце… У адным са злабадзённых пытанняў - абнаўленні дзіцячых пляцовак у шматпавярховых дварах - АКС ужо пайшоў насустрач жыльцам.
СМІ інфармуе, што ўзровень злачыннасці ў апошнія гады ў раёне змяншаецца. Але чаму фігурыруюць цяжкія злачынствы - забойствы?
- Пра змяншэнне ўзроўню злачыннасці амаль на 32 працэнты - гэта праўда. Пры гэтым вось і цяпер за суткі ў дзяжурную часць паступілі 22 паведамленні, і ўсе - сямейна-бытавыя скандалы. Сусед з суседам не падзеляць агарод... Сёстры-дачніцы ў бацькоўскім доме на дзве палавіны не ўжываюцца… Гэтыя справы больш маральныя, пры жаданні людзі маглі б самі ўрэгуляваць іх. Турбуе тое, што людзі часта застаюцца ўбаку ад такіх сітуацый, якія сапраўды патрабуюць увагі міліцыі. Муж з жонкаю "ціха" б'юцца не адзін год, а суседзі, аднавяскоўцы нібыта не бачаць. Да трагедыі - недалёка, бо запалоханая расправай жонка ў міліцыю не пойдзе. Пракуратура вядзе следства па забойстве ў Новым Свержані: мужчына расправіўся з сужыцелькай, з якой пражыў 9 гадоў. Са свайго боку прыцягваю да адказнасці ўчастковага інспектара, супрацоўніка крымінальнага вышуку, якія абслугоўвалі гэты населены пункт. У Ніўным грамадзянін, раней судзімы, пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў выстраліў у сабутэльніка. Абодва нідзе не працавалі, перабіваліся выпадковымі заробкамі. З імі вяскоўцы разлічваліся спіртным… За два тыдні да трагедыі ў загінуўшага была канфіскавана незарэгістраваная стрэльба. Не будзьце староннімі назіральнікамі, паведамляйце нам трывожную інфармацыю, каб своечасова прымаць адэкватныя меры.
Калі не будзе п'яных за рулём?
- Міліцыя праводзіць актыўныя мерапрыемствы па выяўленні п'яных вадзіцеляў. Людзі могуць званіць нам па тэл. 5-19-15, 3-94-55 або 102 і падказваць такія факты. На мінулым тыдні паступілі тры паведамленні, і ўсе знайшлі пацвярджэнне. Абстаноўку на дарогах раёна нельга назваць простай: за першае паўгоддзе здарылася 17 аварый (4 чалавекі загінулі і 23 паранены), затрыманы 158 нецвярозых і 175 бяспраўных вадзіцеляў, 659 - за перавышэнне хуткасці, 419 пешаходаў, якія парушылі правілы дарожнага руху. У адносінах да 17-ці нецвярозых вадзіцеляў узбуджана крымінальная справа - за паўторны факт кіравання транспартам у стане алкагольнага ап'янення пасля накладання адміністрацыйнага спагнання. Выяўляем, штрафуем... Ёсць і другі бок справы - стараемся больш працаваць з дзецьмі, выхоўваць дысцыплінаваных удзельнікаў дарожнага руху. Прымяняем новыя формы работы. Напрыклад, на базе аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі прайшоў Рэспубліканскі адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Ён быў адметным, з конкурсам веласіпедыстаў.
Бацькоў хвалюе будучае дзяцей. Што рабіць з падлеткамі, якія ўжо ў гэтым узросце трымаюць у напружанні цэлы клас?
- Разумею, пра што вы гаворыце. Выхаваўчых мерапрыемстваў праводзіцца нямала з боку ўсіх зацікаўленых службаў, але, нягледзячы на прынятыя меры, толькі за 6 месяцаў года на тэрыторыі раёна 22 падлеткі ўчынілі 13 злачынстваў і былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з недасягненнем узросту. Крымінальная адказнасць наступае з 14-ці гадоў, а ім - толькі 10-11. Гэты факт відавочна паказвае, што мы ўпускаем час ранняй прафілактыкі. Малалетнія выцягваюць грошы з кішэні пенсіянера, трапляюць у чужы дом, разбіваюць вокны ў памяшканні… Характэрны праяўленні насілля, жорсткасці.
Работа праводзіцца з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, з дзецьмі, якія трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Звазілі іх на экскурсію ў гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", Хатынь наведалі. Але ёсць пытанні і да сям'і, і да ўстаноў адукацыі, і, зразумела, да работы інспекцыі па справах непаўналетніх. Вяртаючыся да падлеткаў, скажу, што два злачынствы ўчынены імі ў п'яным выглядзе. 68 падлеткаў раёна былі затрыманы ў грамадскіх месцах за распіццё спіртных напіткаў. Ёсць над чым думаць і міліцыі, і бацькам.
Не ўсе абавязаныя асобы пагашаюць запазычанасць за знаходжанне іх дзяцей у інтэрнатных установах. Чаму?
- Дэкрэт № 18 абавязвае іх кампенсаваць выдаткі. З 91-й абавязанай асобы не працаўладкаваны дзве. Працаваць яны не хочуць. Пад рознымі прычынамі ўхіляюцца ад праходжання медкамісіі. У чымсьці і ўчастковыя інспектары праяўляюць беспрынцыпнасць. Напрыклад, у адной абавязанай асобы запазычанасць складае… 39 тысяч рублёў. Умоўна кажучы, пагасіць яе можна толькі зайшоўшы ў лес. Збяры ды прадай грыбы, ягады і пагасіш доўг перад дзяржавай. Але і гэта ім цяжка. Ставіцца пытанне аб узбуджэнні на гэту абавязаную асобу крымінальнай справы.
Калі людзі паведамляюць вам адносна самагоншчыкаў, ці не зводзяць яны такім чынам рахункі з суседам, аднавяскоўцам?
- Людзі адносяцца да нашых прапаноў з разуменнем. Асабістых рахункаў ніхто не зводзіць. Усе разумеюць, што паклёп таксама цягне адказнасць. Ну і, зразумела, бачаць вынікі нашай работы. За 7 месяцаў бягучага года ў раёне выяўлены 95 фактаў самагонаварэння. Знішчаны 31 міні-завод і самагонны апарат, больш за 300 літраў самагону, 3 тысячы літраў брагі, 200 літраў спірту і спіртаўтрымліваючай вадкасці. Ад жыхароў раёна наконт самагонаварэння паступіла 27 інфармацый - 11 з іх пацвердзіліся, астатнія - у стадыі праверкі. Узаемадзейнічаем з сельвыканкамамі, працоўнымі калектывамі.
Летам у райаддзел звычайна прыходзяць маладыя супрацоўнікі. Які ў РАУС кадравы рэзерв?
Неўзабаве прыйдуць на працу чацвёра выпускнікоў Акадэміі міліцыі, сярод іх - дзяўчына, якая будзе працаваць у крымінальным вышуку. Усе яны - мясцовыя. Па традыцыі будзем прымаць іх у рады супрацоўнікаў міліцыі ўрачыста. Кадравы рэзерв ствараецца і, думаю, надзейны: сёлета чацвёра з 6-ці кандыдатаў паступілі ў Акадэмію міліцыі.
Падчас прамой лініі нечакана высветлілася такая асаблівасць супрацоўнікаў райаддзела, як донарства. Начальніку крымінальна-выканальніцкай інспекцыі Сяргею Шыркоўскаму тэрмінова пазванілі з бальніцы - трэба здаць кроў. І ён паехаў... Ён, як і старшы эксперт-крыміналіст Мікалай Белавусаў, мае медаль "Ганаровы донар".
Фота Васіля ЗЯНЬКО






