Шлюб, крануты пазалотай
Нумар - №151-152 Рубрыка - Сям’я
09.08.2011

Можа і не надта шмат сямейных параў, шлюб якіх кранула каштоўная пазалота цёплых узаемных пачуццяў, не растрачаных на жыццёвых дарогах, сагрэтых і праз гады блізкімі позіркамі і надзвычай знаёмымі словамі, усё роўна як прызнаннем у каханні, - Анютка, Іванка...
Год сустрэчы дзяўчыны з вёскі Галавенчыцы і хлопца з вёскі Трылес - 1959-ты.
Ганна закончыла школу, спрабавала паступіць у педінстытут, але не вытрымала конкурсу. Між іншым, з яе б атрымалася добрая настаўніца… Але лёс больш не даў ёй шанцу цягнуць латарэйны білет: у наступны год паступала ўжо яе малодшая сястра, а ёй, старэйшай, трэба было змірыцца і дапамагаць па гаспадарцы маці, удаве са скалечанай у сячкарні рукой, з траіма дзецьмі ў сям'і. Бацька Ганны прапаў на фронце ў 45-м, без вестак…
20-гадовай дзяўчынай прыйшла яна ўладкоўвацца на Навасвержанскі лесазавод. Прыйшоў і Іван. Адзін ён быў тады. Бацькі яго выехалі ў Польшчу з чатырма дзецьмі на руках, клікалі і яго за сабою. Не паслухаў, застаўся на сваёй радзіме. Завод прытуліў хлопца, які толькі прыехаў з цаліны, і выдзеліў яму месца ў інтэрнаце.
Вось і сустрэліся гэтыя маладыя, непадобныя лёсы ля старой прахадной... Трапілі працаваць у адну змену, у адзін і той жа, тарны, цэх. Абое - станочнікі. У 1961-м Ганна і Іван Шыдлоўскія пажаніліся. Дружна, па цаглінцы пачалі будаваць свой дом і гісторыю сваёй сям'і.
Адназначна, што паўвекавая дарога не была расквечана пялёсткамі кветак, без якіх сёння сапраўды нельга ўявіць сядзібу Шыдлоўскіх з Новага Свержаня. Дагледжаная, аздобленая гаспадарамі ўжо ў сталым узросце на сучасны лад, яна літаральна купаецца ў герані, петуніях, флёксах… Кветкі цвітуць на вуліцы не толькі на клумбах, але і ў гаршчочках. Які водар стаіць вечарам у іх "жывой" альтанцы з вінаграднымі гронкамі!.. Пасля дзённых турбот у гэтай цяністай засені гаманліва, чуваць і суседскія галасы...
А яшчэ нядаўна на гэтым месцы рос стары каштан. Садзілі яго маладыя, як пачыналі будавацца. Ганніна матуля прыгаворвала: "Каштан - абярэг дома". Абярэг разросся так, што яго прыйшлося спілаваць. На гэтым гаспадары не заспакоіліся. Самі сабе падкінулі ідэю - зрабіць з жалеза каркас, увіць яго вінаградам. Сказалі і... наперад, хутчэй за справу! Рэалізавалі сваю задуму творча, адшукаўшы дастойную замену дарагому для іх дрэву.
Так у Шыдлоўскіх ва ўсім - нідзе няма пустаты, бязладдзя, непарадку. Калі бяруцца за што-небудзь, то з душой, з гаспадарскім падыходам. Ганна Міхайлаўна за сваю нялёгкую шматгадовую працу на лесазаводзе (апошнія 12 гадоў перад выхадам на пенсію рабіла аператарам кацельні) мае шмат узнагародаў, і сярод іх - ордэн Працоўнай славы 3-й ступені. Іван Юльянавіч, які выбраў сабе жыццё "рулявое" ў былой сельгастэхніцы, зведаў нямала ўборачных і пасяўных у калгасах раёна. Самую розную тэхніку асвоіў - "Урал", "КРАЗ", "МАЗ", "ГАЗ"… У былога шафёра-перадавіка захаваўся цэлы стос грамат і падзяк. Ён і сёння, у свае немаладыя і юбілейныя 70, цягнецца да работы, яшчэ падпрацоўвае на палігоне цвёрдых бытавых адходаў у аб'яднанні камунальных службаў! Ну, а "рулюе" ўласнымі легкавіком і… мотаблокам, калі апрацоўвае агарод.
Шыдлоўскія выгадавалі працавітых дзяцей - сына і дачку. Сяргей і Галіна працягнулі свой адметны род і ўзнагародзілі бабулю і дзядулю траіма цудоўнымі ўнукамі - Яўгенам, Настассяй і Аляксеем. Усе едуць да іх у госці, не забываюць і дапамагаць. Вось сын, сталяр, можна сказаць, ад прыроды, аздобіў бацькоўскі дом прыгожымі дзвярыма. А дачка разам з нявесткай (абедзве - медыкі) пры неабходнасці падлечваюць бацькоў. Зрэшты, бацькі ў іх лёгкія на пад'ём, не шукаюць здароўя ў пілюлях. Раніца пачынаецца ў іх з фіззарадкі. Каб жыць, трэба рухацца. Адзін аднаму паддаюць вясёлага настрою. Глядзіш, і дзень няцяжкі. Управіцца ў доме, накарміць курэй, ката, агарод упарадкаваць - усё гэта з усмешкай, з жартамі, нібыта гуляючы. Ганна Міхайлаўна не можа ўтрымацца, каб не расказаць памятны эпізод: "Гараж мы склалі за тыдзень. Іван клаў цагліны, а я забівала пазы і расшывачку рабіла".
Пазы, расшывачкі… Чаго толькі не ўмее рабіць гэтая жанчына! За сумесных паўвека хапіла ўсяго, але самы галоўны будаўнічы "матэрыял" у руках Ганны Міхайлаўны - яе душэўнасць, жаданне і ў рабоце быць разам з мужам. "Трэба размаўляць, не злуючыся, і саступаць адзін аднаму", - кажа яна. Здаецца, так усё проста. Дык цярпення вам, Божага блаславення, залатыя юбіляры, і добрых пяшчотных слоў адзін для аднаго на доўгія гады!






