мобильная версия
Прамень

Сельскі фельчар

Нумар - №153-155    Рубрыка - Медыцына

12.08.2011

Фотография 1

Па выніках работы за мінулы год Горкаўскі фельчарска-акушэрскі пункт, дзе загадчыцай працуе Ірына Агароднік, заняў першае месца ў раёне сярод аднатыпных падраздзяленняў. Падчас сустрэчы Ірына Мікалаеўна сказала, што сорамна было б не ўвайсці ў лік лепшых, бо на ФАПе створаны ўсе ўмовы для работы - зроблены еўрарамонт, устаноўлена новае абсталяванне.

- Застаецца толькі старанна працаваць, - падвяла вынік фельчар. - Работу сваю люблю і прыкладаю ўсе намаганні для таго, каб людзі нашы менш хварэлі, а калі і звярталіся па дапамогу, то атрымлівалі яе па поўнай праграме.

Горкаўскі фельчарска-акушэрскі пункт з'яўляецца структурным падраздзяленнем Нававёскаўскай урачэбнай амбулаторыі. Кожны чацвер сюды прыязджае ўрач Віктар Панчыхін. Пры неабходнасці можна вызваць доктара і дадому да хворага.

- А ад якіх хвароб больш пакутуюць вяскоўцы? - запыталіся мы ў Ірыны Мікалаеўны.

- У кожнага свае болькі, але за апошнія гады павялічылася колькасць хворых на артэрыяльную гіпертэнзію, - адказала медык, - крывяны ціск павялічваецца з-за таго, што людзі не сочаць за сваім здароўем, а некаторыя літаральна губяць сябе, злоўжываючы спіртным і курэннем. Нямала цяпер у нашых вёсках пражывае людзей, якія прыехалі працаваць у сельгаставарыства. Яны маюць пэўны набор хвароб, і гэта выклікае заклапочанасць. Сярод іх ёсць і нядобрана-дзейныя сем'і. Захворванні карэннага насельніцтва ведаю дакладна, бо працую ўжо звыш трыццаці гадоў і пастаянна даю рэкамендацыі людзям, якія прымаць лекі, як сябе паводзіць у тых ці іншых абставінах. Маладзейшыя, на жаль, у большасці сваёй  не прыслухоўваюцца да парад пакуль, як кажуць, гром не грымне. А ў больш сталым узросце пачынаюць разумець, што паводзілі сябе не зусім правільна. І цяпер мы з імі вядзём гаворку аб тым, якімі яны ў маладосці былі наіўнымі.

 - А як прывучыць людзей да здаровага ладу жыцця?

- У першую чаргу чалавек сам павінен да гэтага імкнуцца. Мы пастаянна вядзём сярод насельніцтва растлумачальную работу.  Асаблівая ўвага да маладога пакалення. Праводзім гутаркі на даную тэму са школьнікамі, і гэта дае станоўчы плён. Практычна ніхто з вучняў нашай школы не курыць, многія юнакі і дзяўчаты займаюцца спортам, умела працуе настаўнік фізкультуры. Няма дзяцей з хранічнымі захворваннямі. У гэтым заслуга і іх бацькоў, якія стараюцца ахоўваць нашчадкаў ад згубных звычак. Ёсць толькі пэўная праблема з дашкольнікамі, бо садок наш не тыповы і дзеці розных узростаў знаходзяцца ў адной групе, таму больш падвяргаюцца інфекцыям.

Цяпер на ФАПе ёсць і апарат для правядзення электракардыяграмы - ЭКГ, што вельмі дарэчы. Ірына Мікалаеўна гаворыць, што акрамя тых, каму паказана такое даследаванне, раз у год будуць рабіць кардыяграму ўсім, каму за сорак гадоў.

Гэта абавязковая працэдура падчас праходжання людзьмі дыспансерызацыі, якая дазваляе выявіць хваробу на ранняй стадыі, а значыць, змяншаецца і фактар рызыкі пераходу яе ў хранічную.

- Хачу нагадаць, што ўвогуле фактараў рызыкі захварэць нямала, - дадала  Ірына Мікалаеўна, - а некаторых з іх чалавек сам можа пазбегнуць. Для мужчын парада не злоўжываць алкаголем і цыгарэтамі, а для жанчын - сачыць за вагой цела.

Ірына Агароднік - вясковы фельчар, таму падчас масавых палявых кампаній, як і цяпер, у час жніва, работы ў жанчыны прыбаўляецца - яна правярае стан здароўя механізатараў перад выездам у поле. У шэсць гадзін раніцы Ірына Мікалаеўна на мехдвары  і абавязкова з апаратам для вымярэння крывянога ціску, бо менавіта з-за высокага ціску часам прыходзіцца не дапускаць працаўніка да работы.

Вяскоўцы паважаюць сваю, як папросту называюць між сабою, фельчарку, бо чалавек яна сціплы і добразычлівы. Мае багаты вопыт у сваёй прафесіі і заўсёды беспамылкова ставіць дыягназ. Ірына Мікалаеўна добрая гаспадыня і клапатлівая маці. Разам з мужам выхавалі двух сыноў, радуюць бабулю з дзядулем трое ўнукаў.

- Беражыце сябе, сваіх родных і блізкіх, пабольш усміхайцеся і пастарайцеся не хвалявацца, - сказала Ірына Мікалаеўна на развітанне, - тады і праблем са здароўем у вас будзе менш.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА