мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №153-155    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

12.08.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 6 шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены адзінаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Прохару Гарбару, Лізавеце Салацкай, Настассі Макарэвіч, Вікторыі Радзіон, Мацвею Сахуту, Максіму Клімовічу, Уладзіміру Лапко, Дар'і Сушко, Валерыі Чарнец, Карыне Бухавецкай і Арыяне Суднік.

Зямны шлях закончыўся для 17 чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Янушках Шашкоўскага сельсавета быў поўнасцю знішчаны агнём новы двухпавярховы драўляны дачны дом, у якім вяліся аддзелачныя работы. Згарэў таксама мікрааўтобус і ўсе гаспадарчыя пабудовы. У Ніўным Хатаўскога сельсавета ўспыхнула лазня - згарэў дах.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь складзены два пратаколы на часова непрацуючых жыхароў Нясвіжа і Мінска, якія займаліся незаконнай лоўляй ракаў на вадаёме ў Падгорнай. Матэрыялы накіраваны ў суд. Два мінчаніны аштрафаваны на 140 тысяч рублёў кожны за парушэнне рэжыму ўтрымання прыроднай тэрыторыі РЛЗ "Налібоцкі", якая ахоўваецца. Яны паставілі свае аўтамашыны паблізу возера Кромань.

Міліцыяй узбуджана 8 крымінальных спраў. У жыхара Новых Рубяжэвічаў неўстаноўленыя асобы ўкралі электрарухавік і іншыя запчасткі. Са склада РТМА знік зварачны апарат і перфаратар. З дачнага дома ў Бярозаўцы і з двара грамадзяніна пасёлка Нёман вынесены рэчы.

Пракуратурай у судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па трох крымінальных справах. У суд накіравана сем крымінальных спраў у адносінах да сямі асоб.

Судом асуджаны жыхар Прудоў, які на глебе рэўнасці, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, пагражаў сваёй жонцы забойствам і металічнай "заточкай" нанёс ён рэзаныя раны. Суд аштрафаваў раўніўца на два мільёны сто тысяч рублёў, улічваючы факт прымірэння абодвух бакоў і просьбу жанчыны не выносіць мужу суровага пакарання. На 140 тысяч рублёў аштрафаваны жыхар Стоўбцаў, які падчас сваркі абразіў нецэнзурнымі словамі суседа. Жыхарка Тонава атрымала 350 тысяч рублёў штрафу за тое, што яе сабака, які бегаў па вуліцы без намордніка, пакусаў дзіця.

ДАІ затрымала 165 парушальнікаў правілаў дарожнага руху, сярод якіх 10 нецвярозых і 9 бяспраўных вадзіцеляў, 5 недысцыплінаваных пешаходаў. Паблізу Заямнага вадзіцель іншамаркі, якая рухалася ў накірунку сталіцы, няправільна выбрала хуткасць руху, у выніку чаго машына з'ехала ў кювет і перакулілася. У аварыі пацярпела жанчына-аўтааматар, яе трохмесячная дачка і маці.

Хуткая выязджала да хворых 242 разы. У прыватнасці, дзесяць сігналаў паступіла да асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Надзея БАТАЛКА