мобильная версия
Прамень

З любоўю і клопатам

Нумар - №153-155    Рубрыка - Медыцына

12.08.2011

У гэты кабінет дзеці нясуць свае хваробы, а мамы - дзясяткі пытанняў: "Як і чым лячыць?", "Чым дапамагчы" і, нарэшце, "Што наогул рабіць?" Зайшоўшы ў кабінет, адразу адчуваеш нейкую станоўчую атмасферу - дабра, даверу, узаемадапамогі. Яна заўсёды ўсмешлівая, ветлівая - участковы ўрач-педыятр Стаўбцоўскай раённай паліклінікі Настасся Шарко.

- Настасся Ігараўна, раскажыце, калі ласка, крышку пра сябе: чаму вы вырашылі абраць менавіта гэтую прафесію?

- Я з самага дзяцінства марыла стаць дзіцячым доктарам, заўсёды імкнулася добра вучыцца, каб мая мара збылася. Закончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Па размеркаванні прыехала працаваць у Стаўбцоўскую раённую паліклініку.

- Ці прыйшлося вам сутыкнуцца з якімі-небудзь цяжкасцямі, паступіўшы на працу ў нашу па-ліклініку?

- Цяжкасцяў ніякіх не паўстала. Больш таго, прыемна здзівіла тое, наколькі ветліва прыняў мяне калектыў медработніка, якую пасільную дапамогу ў працы аказалі мне. Асабліва хочацца адзначыць участковага ўрача Ірыну Дзмітрыеўну Атрушкевіч і медыцынскую сястру нашага кабінета Іну Мікалаеўну Бандаровіч. Іх можна ахарактарызаваць не толькі як вопытных кваліфікаваных працаўнікоў, але і добрай душы людзей, тактоўных, уважлівых.

- Колькі дзяцей абслугоўваецца на вашым участку?

- Зараз у нас 712 дзяцей. Гэта жыхары вуліц Энгельса, Свярдлова, Царука, Цэнтральнай і Ленін-скай.

- Настасся Іванаўна, як бы вы ахарактарызавалі сучасных бацькоў?

- Большасць бацькоў у наш час не жадаюць перакладаць адказнасць за дзяцей на чужыя плечы, у прыватнасці, на дактароў. Яны не жадаюць, каб спецыялісты з боку паказвалі ім, як абыходзіцца з дзіцем. Гэта выдатная тэндэнцыя, якую трэба падтрымліваць. Аднак ёсць і адмоўныя рысы - залішняя ўвага да дзяцей, ад якой узнікаюць некаторыя праблемы: часам здараецца так, што бацькі самі ствараюць такія ўмовы, што немаўляты пачынаюць хварэць. Мамы з татамі пераграваюць дзяцей, прымушаюць іх шмат есці, абмяжоўваюць фізічныя нагрузкі. Гэта ў сваю чаргу падрывае работу ахоўных функцый арганізма, што вядзе да частых хвароб.

- Якія захворванні найбольш часта сустракаюцца ў дзяцей, і якія рэкамендацыі вы маглі б даць па прафілактыцы іх?

- Найбольш частымі захворваннямі, якія сустракаюцца цяпер у дзяцей, з'яўляюцца вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. Любую хваробу лягчэй прадухіліць, чым потым доўга і цярпліва лячыць. Прывяду некалькі даволі простых правіл, якія дапамогуць пазбегнуць ВРВІ: важна часта мыць рукі, асабліва ў перыяды пад'ёму эпідэміялагічнага становішча. З мэтай прафілактыкі захворвання на грып і ВРВІ вельмі важна абмежаваць кантакты з хворымі людзьмі, і гэта асабліва датычыцца дзяцей. Карысныя працяглыя прагулкі на свежым паветры. Адным з важных метадаў прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных захворванняў з'яўляецца загартоўванне арганізма. З мэтай прафілактыкі рэкамендуецца прымаць полівітаміны з вялікім утрыманнем вітаміну С. Вітамінам С багатыя цытрусавыя, шмат яго ў кіслай капусце.

- Ці існуюць якія-небудзь тыповыя праблемы са здароўем для сённяшняга пакалення дзяцей?

- Праблемы са страўнікам - яшчэ адно "балючае" пытанне. Як правіла, гэтая праблема больш актуальная для дзяцей школьнага ўзросту. Тут галоўная задача бацькоў - прывучыць дзіця харчавацца правільна. Усё роўна, браць з сабой ежу ці есці ў школьнай сталовай - галоўнае, каб школьнік харчаваўся правільна. Не чыпсы, колу і піцу, а "першае", "другое" і кампот. Аабавязкова ў дзіцячым рацыёне павінны прысутнічаць свежая садавіна, агародніна, мёд, арэхі і малочныя прадукты. На мой погляд, бацькам неабходна сур'ёзна задумацца пра наступствы ўжывання чыпсаў і газіроўкі. Асноўная праблема такога харчавання ў лішку калорый, утрыманні вялікай колькасці тлушчаў і адсутнасці вітамінаў.

- Можа ў вас ёсць нейкія пажаданні, парады бацькам нашага горада і іх дзецям?

- Жадаю ўсім моцнага здароўя! Бацькам хочацца параіць уважліва ставіцца да свайго здароўя і здароўя сваіх дзяцей і памятаць, што паміж моцным здароўем і правільным ладам жыцця існуе прамая залежнасць.

Вікторыя СУДНІК