Флейты шчаслівы матыў
Нумар - №156-157 Рубрыка - Сям’я
17.08.2011

У бацькоўскім доме, на спеўнай стаўбцоўскай зямлі жыве дружная сям'я Грыгарцэвічаў.
Чацвёра дзяцей у сям'і майстра лесу Прудскога лясніцтва Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Сяргея Грыгарцэвіча. Адны дзяўчынкі. Самая маленькая дачушка, Палінка, - пакуль у матулі на руках, ёй споўнілася чатыры месяцы. Па чарзе люляюць немаўля матуля з бабуляй, старэйшыя дзеці цалуюць сястрычку і па-свойму забаўляюцца з ёю, жывой "лялькай". Малодшыя школьніцы Насця і Ліза цяпер на канікулах, а пяцігадовая Юля акурат вярнулася з дзіцячага садка. Вечарам уся сям'я нарэшце ў зборы. Пад рукамі дарослых мільгаюць гарэзлівыя "хвосцікі" з заколкамі, абавязкова - аднолькавымі ("каб слёз ні ў кога не было" - падказвае мама). У доме Грыгарцэвічаў не сціхаюць шум, гамана, дзіцячы смех...
Вялікая сям'я - сур'ёзныя і клопаты. Балазе, жыве "моладзь" разам з бабуляй-"выручалачкай" - матуляй Сяргея, Рэгінай Антонаўнай. І дом - бацькоўскі, стаіць на ўскраіне пушчанскай вёскі Янкавічы. Ужо за плотам пачынаецца лес. Летась Сяргей і Галіна Грыгарцэвічы ўзялі льготны крэдыт і разбудавалі стары дом. Зрабілі дыхтоўны рамонт знадворку, знутры. Шмат што Сяргей майстраваў сваімі рукамі. Для гэтага і прыгадзіліся яму навыкі тынкоўшчыка-муляра, якія атрымаў падчас службы ў арміі.
Сёння вясковай сядзібы Грыгарцэвічаў не пазнаць. Прасторныя пакоі. Новая мэбля. Старэйшыя дзяўчынкі спаборнічаюць, хто першы зойме месца ля манітора сучаснага камп'ютара. Сустракае іх дома незвычайны дамачадзец - папугай Кеша. Тата нядаўна прывёз яго з Мінска. Гаспадар марыць яшчэ сажалку выкапаць у двары, запусціць туды рыбак. Азірніся вакол дома - раздолле, воля для фантазіі, таму, сапраўды, можна рэалізаваць не адзін творчы праект....
Насця, Ліза і Юля Грыгарцэвічы наведваюць школу і садок у суседняй Дзераўной, за 7 км. Але праблем з іх падвозам няма. У Янкавічах ёсць яшчэ 5 сямей з дзецьмі, рэгулярна курсіруе школьны аўтобус. Ды і ў таты ёсць аўтамабіль, калі раптам што здарыцца. Для Насці і Лізы дзяржава забяспечыла бясплатнае харчаванне ў школе, для Юлі - 50-працэнтую скідку ў аплаце за садок. Лясгас не пакідае без увагі сем'і сваіх работнікаў - да зарплаты выплачвае пры нараджэнні дзіцяці дзесяць базавых велічынь.
14 гадоў сумленна працуе Сяргей Грыгарцэвіч у Прудскім лясніцтве. Пачынаў з рабочага. Быў вальшчыкам, лесніком. За кошт лясгаса вывучыўся без адрыву ад вытворчасці ў Барысаўскім лясным каледжы. Наконт сваёй сучаснай пасады ён заўважае:
- Майстар лесу - увесь час па лесе. Але маім нагам не прывыкаць. Дзялянкі ёсць і да 7 гектараў, абыходжу іх уздоўж і ўпоперак, кожны пянёк убачу. Калі ёсць жаданне працаваць, то і работа спорыцца...
Сапраўды, ногі кормяць майстра лесу. Яны, натрэніраваныя, даюць яму магчымасць быць і добрым спартсменам, заставацца моцным і прыгожым маладым чалавекам. Яшчэ са школы Сяргей слыве заўзятым футбалістам, лыжнікам. Нездарма Галіна, дзяўчына з суседняй вёскі Ніўнае, выбрала яго некалі сярод равеснікаў. Сябравалі восем гадоў, пакуль пажаніліся... Пакуль яна дома з дзецьмі, муж "зарабляе" граматы, падарункі. У летняй і зімовай спартакіядах Мінскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Сяргей удзельнічае пастаянна і нязменна займае прызавыя месцы. Трапіў нават у каманду лесаводаў Міншчыны на "рэспубліку".
У сваёй роднай вёсцы Янкавічы ён і цяпер падтрымлівае форму ў футбольнай камандзе, выступае за мясцовае сельгаспрадпрыемства. І гэта пры тым, што ў сваёй вялікай сям'і ён - адзіны мужчына і кармілец. На выказанае шкадаванне, што работы ў яго многа, а памочніка-сына пакуль няма, ён толькі ўсміхаецца сваёй абаяльнай усмешкай і рупіцца па гаспадарцы далей.
Каб дасягнуць дастатку, усе ў сям'і Грыгарцэвічаў з ранняга дзяцінства прывучаюцца да працы. Прыклад паказваюць дарослыя. Цяжкасцей не баяцца - яны іх пераадольваюць. Тата косіць - дзеці носяць траву. З мамай дачушкі садзілі кветкі. Мама ўзяла ад бабулі Палінку на рукі - бабуля заспяшалася ў агарод...
У гэтай сям'і абедзве жанчыны - і Галіна, і Рэгіна Антонаўна - паходзяць са шматдзетных сямей (затое калі якое сямейнае свята, то ў хаце столькі гасцей, усе - радня!). Напэўна, таму і разумеюць адна адну з паўслова, як маці з дачкою. Унучкі цясней абдымаюць сваю бабулечку - яна ў іх адзіная, умее і суцешыць, і разважыць. "Без бабулі мы б прапалі", - паціскае плячыма маладая гаспадыня. Ды і бабуля, "маладая" пенсіянерка, на свой узрост не выглядае. Побач з унучкамі яна маладзее, вочы яе святлеюць і напаўняюцца пяшчотай.
На стале - свае яйкі, мяса, бульба і іншая агародніна. Дзеці вельмі любяць мачанку з мамінымі блінамі. Асабістая гаспадарка - значная падмога для сямейнага бюджэту. Каля хаты апрацоўваюць 30 сотак зямлі. Каб было лягчэй, гаспадар набыў трактар Т-40, не на хаду, але сваімі рукамі давёў яго да рабочага ладу. Абзавёўся плугамі. Купіў голую раму, крыху павазіўся з ёю і разжыўся прычэпам да трактара. З дапамогай тэхнікі Сяргей выручае таксама і пажылых аднавяскоўцаў, калі трэба агарод заараць або дроў прывезці.
У сезон і малых, і старэйшых Грыгарцэвічаў кліча лес. Ён дае магчымасць зарабіць неблагую капейку. Сёлета дзеці хадзілі ў ягады, грыбы з бабуляй, бо маме трэба быць з Палінкай. Навараць, намарозяць сабе на зіму вітамінных запасаў і, дакладна ведаюць дзяўчаткі, за выручаныя ад лясных дароў грошы ў іх будуць абноўкі да новага навучальнага года, мама купіць сшыткі з алоўкамі.
А ў школу яны збіраюцца з ахвотай і стараюцца парадаваць бацькоў. Старэйшая Насця займаецца ў школе мастацтваў, іграе на флейце. Экзамены па музыцы юны "маэстра" здала на "9" і "10". І нам сыграла любімых "Дударыкаў". Ездзіла ў лагер "Родничок", адпачывала там летась, вельмі спадабалася. А яшчэ дзяўчынка расказала аб важнай падзеі - першай споведзі... Усмешлівая Ліза, аказваецца, танцорка. Пахвалілася і сваёй першай граматай. Настаўніца падпісала іменна ёй, бо Ліза лепш за ўсіх у класе чытае. Юлька, татава любіміца, не адстае ад таты, зазірае ў вочы і так і круціцца вакол яго...
У Грыгарцэвічаў тата даў імёны ўсім сваім чацвярым дачушкам і падарыў ім шчаслівую сям'ю.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






