мобильная версия
Прамень

Касцёл Святога Казіміра: радкі гісторыі

Нумар - №156-157    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

17.08.2011

Фотография 1

У прыходзе касцёла Святога Казіміра збіраецца гісторыя святыні. Удакладнена, што заснаваны касцёл у Стоўбцах пры манастыры дамініканцаў у 1641 годзе, 370 гадоў таму назад.

Праўда, асвячэнне яго адбылося толькі ў 1675 годзе, відаць, з-за перыпетый вайны 1654-1677 гг.

Гэта быў трохнефны храм. Галоўны фасад яго акрэслівалі дзве квадратныя вежы, а бакавыя фасады - купальныя капліцы. Архітэктурна выкананы будынак быў у формах ранняга барока, меў плоскія пілястры і нішы. Інтэр'ер упрыгожвалі вылепленыя выявы рэлігійнага зместу. Хоры абапіраліся на два круглыя мураваныя слупы. На іх размяшчаўся вялікі арган з двума мяхамі і меднымі барабанамі, абцягнутымі скурай. Падлога была заслана каменнымі плітамі, 13 з якіх, мармуровых, з'яўляліся надмагільнымі і мелі на сабе надпісы імён тых, хто быў пахаваны ў падвале пад галоўным нефам, у сямейным магільным склепе ўладальнікаў Стоўбцаў Слушкаў.

Галоўны алтар абсталявалі ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя. Ён меў 4 калоны, столькі ж скульптур і абраз св. Казіміра ў цэнтры. У капліцы св. Дамініка ляпніна ўпрыгожвала сцены і купал. Тут знаходзіліся абразы святых Дамініка і Францыска, а таксама гіпсавыя скульптуры святых Аўгусціна і Кацярыны Сіенскай.

Уладзіслаў Сыракомля адзначаў, што ў некаторых карцінах, што аздабляюць гэты храм, "прыкметная рука Юзафа Гескага". Удзел славутага мастака ў афармленні стаўбцоўскага касцёла цалкам верагодны, паколькі ў той жа час ён упрыгожваў іншы дамініканскі манастыр - побач, у Нясвіжы. Размяшчалася ў касцёле і карціна мастака Смуглевіча, якая адлюстроўвала бітву Міхаіла Архангела з д'яблам. Яе падарылі стаўбцоўскім даніміканцам графы Чартарыйскія.

У 1831 годзе касцёл стаў парафіяльным, а ў 1865 годзе яго закрылі і перадалі праваслаўнай епархіі. Перабудова пад царкву ажыццяўлялася ў 1867-1883 гг. Работы вяліся па праекце губернскага архітэктара Валковіча. Мінскі майстар Санчукоўскі выканаў чатырох'ярусны іканастас, а 14 ікон для яго ўпрыгажэння намаляваў маскоўскі мастак Зотаў. Іконы Марыі Магдаліны і Маці Божай засталіся ад касцёла. Абраз Выратавальніка ў срэбранай рызе прыслаў у дар імператар Аляксандр ІІІ. Набор літургічнага посуду са срэбра быў  падораны ў 1870 г. епіскапам мінскім Аляксандрам. У тым жа годзе царкву асвяцілі ў гонар Марыі Магдаліны.

У 1874 г. інжынер Нектар'еўскі склаў новы праект рэканструкцыі, якога і прытрымліваліся ў далейшым. Арыгінальная ляпніна, якая спачатку ўпрыгожвала храм, паступова была заменена на больш традыцыйныя для праваслаўя ўпрыгажэнні. Змянілася святыня і знешне: верхавіны вежаў замянілі на тыповыя купалы - "цыбуліны", над фасадным шчытом прыбудавалі яшчэ адну квадратную вежу, узвялі купал над алтаром. Усё гэта сапсавала класічны барокаўскі сілуэт будынка.

У 1922 годзе католікі вярнулі святыню пад сваю юрысдыкцыю. Архітэктар Тэадор Буржэ распрацаваў праект поўнай перабудовы храма. І шмат было зроблена, каб вярнуць яму першапачатковы выгляд. Краязнаўца Аляксандр Змачынскі прыгадвае, што ў 1930 годзе на адной з вежаў касцёла зрабілі надбудову з высокім шпілем. Кожную нядзелю ў сем гадзін раніцы на гэтую вежу падымаўся салдат з кларнетам і іграў раннюю малітву.

У вайну храм практычна не пацярпеў. Але пасля вайны не быў вернуты тым, для каго прызначаны. У 1958 г. было аддадзена распараджэнне ўзарваць яго. З гэтага часу горад страціў адзін з галоўных сваіх сімвалаў.

Час перабудовы, набыццё незалежнасці Беларусі вярнулі вернікам іх святыні. У Стоўбцах пабудавалі капліцу, дзе і адбываюцца касцельныя службы. Закладзены падмурак пад новы храм, які ў пэўнай ступені паўторыць воблік знішчанай святыні. Будоўля - справа вельмі дарагая, і ў касцёле з удзячнасцю прымуць ахвяраванні для таго, каб узвесці велічны будынак, варты нашай гісторыі, традыцый веры.

Архіўны здымак. Фотавыява касцёла Святога Казіміра ў пачатку ХХ стагоддзя.

Ф. БАНДАРОВІЧ