Пад пакроў Прасвятой Багародзіцы
Нумар - №156-157 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
17.08.2011


З 6 чэрвеня па 28 жніўня праходзіць Усебеларускі хрэсны ход "Пад пакровам Прасвятой Багародзіцы". Ён здзяйсняецца па рашэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы і па благаславенні Уладыкі Філарэта.
Хрэсны ход выйшаў са Свята-Ефрасіньеўскага жаночага манастыра з Полацка 6 чэрвеня. Аднаўляецца старадаўняя праваслаўная традыцыя правядзення хрэсных ходаў. Малітоўнае шэсце з іконай Божай Маці Жыровіцкай, іконамі прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай з часцінкай мошчаў і свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава з часцінкай мошчаў, крыжом з Іерусаліма праходзіць па гарадах і вёсках Віцебскай, Магілёўскай. Мінскай і Гродзенскай абласцей. У маршруце духоўнай акцыі былі і нашы Стоўбцы. Хрэстаходцы прыйшлі ў наш райцэнтр 10 жніўня, да хрэснага ходу далучыліся мясцовыя жыхары. Усе, у каго было жаданне, маглі прайсці хрэсным ходам пад пакровам Прасвятой Багародзіцы. З машын выходзілі вадзіцелі, прахожыя на стаўбцоўскіх вуліцах падыходзілі да іконы, святое шэсце прыпынялася, каб даць магчымасць людзям памаліцца і пакланіцца святыням.
У Стаўбцоўскай царкве ўдзельнікаў хрэснага ходу гасцінна сустракалі хлебам-соллю. Быў адслужаны малебен. Стаўбчане маглі прыкласціся да цудатворнай іконы Божай Маці Жыровіцкай з Жыровіцкага манастыра.
Клір і прыхаджане Свята-Аннін-скага храма паклапаціліся арганізаваць хрэстаходцам трапезу, начлег, каб яны маглі адпачыць з дарогі. Маршрут хрэснага ходу складае больш за 1500 кіламетраў. У складзе ўдзельнікаў гэтага малітоўнага шэсця былі людзі, якія ідуць з першага дня - з Полацка. Некаторыя далучаліся з розных населеных пунктаў Беларусі. У час хрэсных ходаў асаблівая благадаць Божая, па веры сваёй многія атрымлівалі хуткую дапамогу Божую на свае просьбы. Такі закон духоўны - чалавек атрымлівае ў тую меру, у якую ён духоўна папрацаваў, колькі ён можа прыняць, наколькі адкрыта яго сэрца Богу.
Пасля малебна ў стаўбцоўскай царкве 11 жніўня хрэсны ход узяў накірунак на Мір, дзе таксама быў прыпынак, далей пройдзе дарогамі святынь Гродзенскай епархіі і завяршыцца 28 жніўня, у дзень вялікага двунадзясятага свята - Успення Прасвятой Багародзіцы ў Жыровічах, у гэты дзень адзначаецца прастольнае свята Свята-Успенскага мужчынскага манастыра. Будзе вернута ў манастыр ікона Божай Маці Жыровіцкай, якая суправаджала Усебеларускі хрэсны ход амаль тры месяцы.
Спрадвеку людзі сустракалі хрэсныя іконы ўкленчыўшы, са слязамі просячы Госпада, Маці Божую, святых угоднікаў Божых аб дапамозе і міласці. Хрэсным ходам асвячаецца ўся мясцовасць, ачышчаецца ад нечысці. У нашы дні, калі аслабла вера, хрэсныя ходы служаць адраджэнню духоўнасці. Удзельнікамі Усебеларускага хрэснага ходу было заўважана, што сустрэць вялікія святыні ў нашым райцэнтры прыйшло нямнога людзей, хоць рабочы дзень быў ужо закончаны, у той час як у гарадах і вёсках Віцебскай вобласці стоячы на каленях сустракалі хрэсны ход сотні людзей. Будзем прасіць Бога аб адраджэнні духоўнасці на нашай зямлі, аб прасвятленні нашых сэрцаў і душ святлом Божым.






