мобильная версия
Прамень

Сынкавіцкая царква-крэпасць

Нумар - №156-157    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

17.08.2011

Прыхаджане Стаўбцоўскага Свята-Аннінскага храма ў суправаджэнні протаіерэя Аляксандра Марцінчыка здзейснілі паломніцкую паездку ў вёску Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца ўнікальны храм ХV стагоддзя, старэйшы ў Беларусі помнік абароннага дойлідства. Царква-крэпасць мае чатыры вежы з бай-ніцамі. На працягу шасці вякоў  храм быў  месцам абароны ад духоўнай і рэальнай бітвы, ад ворагаў бачных і нябачных. Жадаючых сярод прыхаджан паехаць да гэтай святыні было столькі, што прыйшлося заказаць тры аўтобусы - у паездку адправілася каля 100 паломнікаў.     

Гэта адзін з храмаў у Беларусі, якія найбольш наведваюць. Святыня прыцягвае паломнікаў з розных краін не толькі тым, што гэта ўнікальны помнік беларускай архітэктуры ХV стагоддзя, які захаваўся да нашых дзён, але і тым, што многія людзі атрымліваюць ацаленні ад цяжкіх хвароб ля іконы Божай Маці "Усецарыца". Вядзецца летапіс храма, дзе запісваюцца выпадкі  цудадзейных вылечванняў Сілай Божай.

Настаяцелем Сынкавіцкай царквы ў гонар архістратыга Божага Міхаіла з'яўляецца свяшчэннік Арсеній Ананько, за духоўнай парадай да якога едуць з розных куткоў нашай краіны. Стаўбцоўскія паломнікі самі пераканаліся, што  царква гэтая прыцягвае незвычайнай энергетыкай  - прыйдзеш сюды, і не хочацца выходзіць.  Царква ў Сынкавічах славіцца незвычайнымі званамі, якія спяваюць, па гучанні ім няма роўных у Беларусі. Уражвае і акустыка храма: уладкаваныя ў сцены галоснікі даносяць спеў малітваў аднолькава ва ўсе куткі царквы.

Храм знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. Рэстаўратары праводзяць цяпер складаную работу - аднаўленне сярэдневяковых графіці, а таксама старадаўняга роспісу.

Сынкавіцкая царква вядомая паломнікам і цудатворнай іконай Божай Маці "Усецарыца". Спісак абраза зроблены манахамі Ватапедскай абіцелі на Святой гары Афон. Гэта падарунак аднаго  багатага мецэната з Мінска, які і заказаў гэтую ікону на Афоне. Ён пранёс яе па афонскіх манастырах, прыклаў да многіх святынь - Пояса Прасвятой Багародзіцы ў Ватапедзе, да іконы "Усецарыца", да ступні св. Ганны, главы Іаана Златавуста, главы вялікамучаніка і цаліцеля Панцеляймона.

Не спыняецца паток людскі да сынкавіцкіх святыняў. У першую пятніцу кожнага месяца перад іконай "Усецарыца" ў храме моляцца аб ацаленні і ўмацаванні духоўным людзей з анкалагічнымі захворваннямі. У трэцюю пятніцу кожнага месяца ля іконы Божай Маці "Неўпіваемая чаша" здзяйсняецца малебен аб ацаленні ад такіх немачаў як п'янства, наркаманія.

Сынкавічы знаходзяцца на адлегласці кіламетраў 15-ць ад Жыровіч. Па дарозе дамоў паломнікі заехалі ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, акунуліся ў святой крыніцы.

Як заўсёды бывае ў паломніцкіх паездках, веруючыя людзі пакідаюць ля святынь часцінку сваёй душы. Па просьбе многіх са стаўбцоўскага храма арганізоўваецца яшчэ адна паездка ў Сынкавічы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ