З дэманстрацыяй убораў
Нумар - №156-157 Рубрыка - Гандаль
17.08.2011



Традыцыйна кааппрамгандаль райспажыўтаварыства ў сярэдзіне жніўня праводзіць дэманстрацыю мадэляў школьнага асартыменту беларускіх вытворцаў. Праходзіць гэта дзейства ў спецыялізаваным магазіне "Дзіцячы свет". Абавязкі мадэляў на гэтым подыуме выконваюць дзеці рознага ўзросту працаўнікоў кааппрамагандлю. Яны так увайшлі ў ролю, з такім задавальненнем дэманстравалі школьныя ўборы, што без усмешкі нельга было назіраць за "мадэлямі". Маленькія дзеці некалькі разоў выходзілі ў залу, іх сустракалі аплыдысментамі за такую смеласць і за іх "прафесіяналізм".
У гэты дзень пакупнікі маглі не толькі паглядзець, што прапаноўвае лёгкая прамысловасць краіны школьнікам, але і набыць тавар з 5-працэнтнай скідкай.
У час дэманстрацыі пакупнікі пазнаёміліся з прадукцыяй дзяржынскай фабрыкі "Эліз" і мазырскай "Надэкс", якія пастаўляюць у продаж сарочкі. Касцюмы для хлопчыкаў прапануюць бабруйская "Славянка", фабрыка "Ка-мінтэрн", Навагрудская і Баранавіцкая швейныя фабрыкі. Прыгожыя мадэлі школьнага адзення для дзяўчынак распрацавалі салігорская "Калінка", бабруйская "Славянка", брэсцкая "Надзея", пінская фабрыка "Палессе". Магазін мае ў продажы добры асартымент спартыўных касцюмаў з натуральных тканін. Адметна, што бабруйская фабрыка "Славянка" прапануе спартыўныя касцюмы з беларускай сімволікай.
Прадаўцы магазіна "Дзіцячы свет" гатовы індывідуальна працаваць з кожным пакупніком. У іх ёсць вопыт скамплектаваць прыгожы касцюм як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Гэтая прадэманстраваў і паказ адзення ў час правядзення школьнай акцыі. Загадчык магазіна Таіса Пляскач звяртала ўвагу пакупнікоў на цэны, на магчымасці падбору рэчаў, каб атрымаўся прыгожы гарманічны касцюм. Гэта спецыялізаваная крама прапануе таксама абутак, ранцы і школьныя сумкі, канцылярскія прылады.
Да верасня застаюцца лічаныя дні. Прадаўцы імкнуцца выканаць заяўкі пакупнікоў, кааппрамгандаль кожны дзень ажыццяўляе завоз тавару з фабрык. Работнікі гандлю таксама стараюцца, каб свята першага школьнага званка было для дзяцей радасным. Гэтаму ў многім паспрыяюць і абновы да школы.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






