Падзеі і здарэнні
Нумар - №158-160 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
19.08.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 10 шлюбаў. Зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Дзмітрыю Дудзінскаму, Івану Грыбу, Ільі Гацуру, Мілане Гарбацэвіч, Глебу Шчарбуку, Ільі Ясючэню, Кіры Вінаградавай, Арыне Меляшкевіч і Ксеніі Бурновіч.
Зямны шлях закончыўся для 14-ці чалавек.
У пажарнай часці паведамілі пра два вогненныя здарэнні. Вечарам у Цвірках (Залужскі сельсавет) успыхнуў дачны дом. Прычына загарання - неасцярожнае абыходжанне з агнём. Людзі спальвалі смецце ў кастры і іскра трапіла на дах, які і быў поўнасцю знішчаны. У Стоўбцах, па папярэдняй версіі - ад удару маланкі, загарэўся прыватны гараж.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы на грамадзян Драгічынскага, Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Адны з іх займаліся незаконнай высечкай сухастою і сырой драўніны, другія парушылі правілы вывазу і нарыхтоўкі. Нанесены ўрон быў усімі кампенсаваны добраахвотна.
Міліцыяй узбуджана 8 крымінальных спраў. З прысядзібнага ўчастка ў Янушках украдзена бензапіла. З дамоў па вуліцы Сацыялістычнай у райцэнтры, а таксама ў Слабодцы зладзеямі вынесены мабільныя тэлефоны. Абрабавана аўтамашына ў Стоўбцах - зніклі касетная магнітола, чатыры акустычныя калонкі, акумулятарная батарэя і грошы.
Пракуратурай у судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па сямі крымінальных справах. У суд накіравана адна крымінальная справа. Праведзена праверка прытрымлівання "Рыбалоўна-турыстычным комплексам "Кромань" патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы і прыродаахоўнага заканадаўства, парушэнняў не выяўлена. Дадзена прадстаўленне раённай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў аб неналежным стане прыбярэжнай паласы вадаёма, які арандуецца.
Судом асуджаны да прымусовых мераў выхаваўчага характару два непаўналетнія жыхары з п. Нёман і Шашкоў, якія з курткі ў гардэробе рэстарана "Нёман" укралі мабільны тэлефон. Старасвяржанін атрымаў адзін мільён чатырыста тысяч рублёў штрафу за кражу мабільнага тэлефона, грошай і пашпарта ў сабутэльніка. Раней судзімая за крадзяжы стаўбчанка ўкрала з дома жанчыны прадукты і фотаапарат, а затым - у сяброўкі боты. За здзейсненыя злачынствы яна атрымала паўтара года абмежавання волі. За захоўванне самагоннага апарата і 300 літраў брагі жыхар Целяхоў аштрафаваны на 245 тысяч рублёў з канфіскацыяй апарата і брагі. Жыхар Сцяцкоў атрымаў штраф у памеры 350 тысяч рублёў за тое, што яго сабака, які свабодна бегаў па вуліцы без намордніка, задушыў чатырох суседскіх куранят.
ДАІ затрыманы 163 парушальнікі правілаў дарожнага руху, сярод якіх 11 нецвярозых і 4 бяспраўныя вадзіцелі, 5 недысцыплінаваных пешаходаў. Адбылося пяць дробных аварый.
Хуткая выязджала да хворых 213 разоў.






