мобильная версия
Прамень

З прыемнай усмешкай

Нумар - №158-160    Рубрыка - Гандаль

19.08.2011

Фотография 1

Заўжды з прыемнай усмешкай сустракае наведвальнікаў паштовага аддзялення Новая Вёска яго начальнік Таццяна Райская. Таццяна Мікалаеўна - спецыяліст у сваёй сферы. Да яе можна звярнуцца з любым пытаннем і атрымаць кампетэнтны адказ. Жанчына мае вышэйшую адукацыю, скончыла Новасібірскі электратэхнічны інстытут сувязі. Памяшканне, дзе працуе Таццяна Мікалаеўна, невялікае, але ўтульнае. Кліенты, а прыходзіць на пошту штодзень нямала людзей, спаўна скарыстоўваюць тут розныя паштовыя паслугі і атрымліваюць патрэбную інфармацыю. Купляюць тавары - прадуктовыя і прамысловыя.

Адна з галоўных задач для работнікаў пошты - афармленне падпіскі на перыядычныя выданні. Даводзіцца і план, які патрэбна выконваць. Таццяна Мікалаеўна гаворыць, што падпіска ішла з цяжкасцямі:

- План выканалі. Але калі раней людзі выпісвалі перыёдыку адразу на квартал ці паўгода, то цяпер многія падпісаліся толькі на адзін месяц.

Па словах начальніка, сярод самых чытаемых застаецца "Прамень", які паштальёны прыносяць у 122 вясковыя хаты. На другой, трэцяй і чацвёртай пазіцыях "Советская Белоруссия" , "Народная газета", штотыднёвік "7 дзён", а таксама застаюцца ў пашане ў пажылых людзей "Народный доктор", часопісы "Гаспадыня", "Кудесница". Апошнім часам папулярнасць сярод вясковых пенсіянераў набыла газета "Друг пенсионера". А вось моладзь не жадае выпісваць перыёдыку і аб навінах даведваецца больш з інтэрнэту і тэлевізара.

У падпарадкаванні начальніка паштовага аддзялення тры паштальёны. Гэта Алена Дзякола, Рамуальда Макавецкая і Тамара Куцеш, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Менавіта дзякуючы іх уменню і старанню выконваецца і план па продажу тавараў народнага спажывання. Вельмі важна, каб калектыў працаваў дружна і зладжана, і ў нававёскаўскіх работнікаў гэта выдатна атрымліваецца.

Дарэчы, у Новую Вёску сям'я Райскіх прыехала з Казахстана. Жывуць яны тут ужо больш за дзесяць гадоў. Спадабаліся ім гэтыя мясціны, ды і жыллёвыя ўмовы задавальняюць. Муж Мікалай Іванавіч загадвае майстэрнямі ў мясцовым сельскагаспадарчым таварыстве.

Надзея БАТАЛКА