На прыём да журналістаў
Нумар - №163-165 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
27.08.2011

Сёння выкарыстоўваюцца розныя формы прыёму грамадзян. Сродкі масавай інфармацыі таксама даюць магчымасць людзям звярнуцца са сваімі праблемамі, пытаннямі, прапановамі. І не толькі на старонках перыядычных выданняў, але ў час жывых сустрэч з супрацоўнікамі друкаваных і электронных СМІ. На мінулым тыдні на Стаўбцоўшчыне выязную прыёмную правяла рэдакцыя абласной газеты "Мінская праўда". Цэлы дзень у раёне працавалі намеснік галоўнага рэдактара Сяргей Грыб, рэдактар аддзела пісьмаў Наталля Шмідт, спецыяльны карэспандэнт Аляўціна Жыдкова. Прыём грамадзян быў арганізаваны ў райвыканкаме і ў Засульскім сельскім Савеце. Аб навінах раёна паведаміліі журналістам кіраўнікі службаў і структур. Пра практыку работы газеты ў гэтым накірунку нам расказвае Наталля Шмідт:
- Рэдакцыйны праект "Выязная прыёмная "Мінскай праўды" ажыццяўляецца з 2005 года. Напачатку мы наведвалі раённыя цэнтры. Людзі дзяліліся сваімі ўражаннямі, прапановамі, і сваімі скаргамі, і сваімі радасцямі. Атрымліваліся жывыя матэрыялы з месцаў. Газета магла дапамагчы сваім друкаваным словам, калі была патрэба ў гэтым. Далей геаграфія нашых паездкак пашырылася. Мы выязджаем не толькі ў гарады, але і ў сельскія Саветы, у аграгарадкі. Многія людзі, якія прыходзяць на сустрэчы падчас работы такіх выязных прыёмных, - нашы чытачы, падпісчыкі "Мінскай праўды". Такая форма работы дапамагае нам расказаць аб сваім выданні, аб новых праектах, знайсці для газеты няштатных аўтараў і, канешне ж, новых падпісчыкаў.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






