Падзеі і здарэнні
Нумар - №163-165 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
27.08.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 9 шлюбаў. Зроблены 5 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Уладзіславу Яўсейчыку, Мілане Міцякінай, Ягору Клізу, Арсенію Садоўскаму, Мікіту Шуцько і Паліне Кавалеўскай.
Зямны шлях закончыўся для 13 чалавек.
У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна.
Міліцыяй узбуджана 6 крымінальных спраў. Зламыснік вырваў засаўку акна і забраўся ў дом жыхара Варацішча, адкуль скраў маёмасць. З вуліцы Якуба Коласа ў горадзе ўгнаны веласіпед, на якім знаходзіўся пакет з прадуктамі. З салона незакрытай аўтамашыны ў райцэнтры знікла барсетка з дакументамі, грошы і запасны ключ ад іншамаркі. З адчыненага гаража стаўбчаніна ўкрадзена тры бляшанкі фарбы і адна - шпаклёўкі. Злоўжываючы даверам гаспадыні, ашуканец скраў грошы з кватэры ў Наваколасаве. Грамадзянін, які спакойна адпачываў у доме, пазбавіўся грошай - яны былі выцягнуты з кішэні яго сарочкі.
Пракуратурай у судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па трох крымінальных справах, у суд накіравана пяць крымінальных спраў. Праводзіцца праверка па фактах смерці жыхароў Стоўбцаў і Аталезі.
Судом асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі раней судзімы жыхар Семенчыц, які абрабаваў два дачныя дамы ў гэтай жа вёсцы - злодзей вынес прадуктаў з аднаго дома на 81 тысячу рублёў, а з другога, праз некалькі дзён, на 207 тысяч рублёў. А яго аднавясковец, таксама раней судзімы, як абавязаная асоба атрымаў два гады абмежавання волі за ўхіленне ад пакрыцця расходаў, звязаных з утрыманнем яго непаўналетняга сына. Стаўбчанін, які раней быў пазбаўлены судом правоў кіравання за тое, што неаднаразова затрымліваўся за рулём у нецвярозым стане, пакараны на год пазбаўлення волі: парушальнік зноў сеў за руль п'яны - на гэты раз ён кіраваў скутарам. Раней судзімая жыхарка Мікалаеўшчыны выкрала ў сваёй сабутэльніцы грошы і мабільны тэлефон: сума нарабаванага склала 400 тысяч рублёў, а пакаранне за крадзеж яна атрымала ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі. Муж і жонка былі аштрафаваны адпаведна на 175 і 140 тысяч рублёў за тое, што абражалі адзін аднаго брыдкімі словамі ў грамадскім месцы. Жыхар Стоўбцаў з'явіўся на разгляд у адносінах да яго судовай справы, накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, у нецвярозым стане і атрымаў за гэта 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Аператар машыннага даення ААТ "Агранёманскі" аштрафавана на 105 тысяч рублёў за знаходжанне на рабоце ў нецвярозым стане.
ДАІ затрымала 188 парушальнікаў правілаў дарожнага руху, сярод якіх 10 нецвярозых і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 6 недысцыплінаваных пешаходаў.
Адбыліся сем дробных аварый.
Хуткая выязджала да хворых 206 разоў. Медыкі даставілі ў райбальніцу з Альбуці васьмярых экскурсантаў, якіх пакусалі шэршні. Усім своечасова аказана неабходная дапамога.






