мобильная версия
Прамень

Што людзей хвалюе

Нумар - №163-165    Рубрыка - Прамая лінія

27.08.2011

Фотография 1

Актыўнасць у ходзе прамой тэлефоннай лініі - знак даверу людзей да ўлады, спадзяванняў на тое, што іх праблемы будуць вырашаны.

І падчас прамой лініі, якую праводзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі, тэлефон у яго кабінеце не змаўкаў. Цярпліва Аркадзій Расціслававіч выслухоўваў заяўнікаў, хаця былі і  аматары пагутарыць, якія займалі ўвагу кіраўніка амаль на паўгадзіны. На кожнае пытанне давалася абгрунтаванае тлумачэнне. Некаторыя праблемы патрабавалі дадатковага вывучэння, з выездам на месца або кансультацыі з іншымі кампетэнтнымі інстанцыямі.

Так, стаўбчанка Ларыса Панамарова выказала занепакоенасць і сваю, і суседзяў станам жылога дома па вул. Энгельса, 4. Дырэктар Стаўбцоўскага аб'яднання камунальных службаў Віктар Шкляр пазней удакладніў, што будзе праведзена абследаванне. І калі выявіцца аб'ектыўная неабходнасць, капітальны рамонт дома будзе запланаваны на наступны ці 2013 год. Увогуле ж у плане сёлетняга капітальнага рамонту, добраўпарадкавання - рад аб'ектаў. На гэтыя работы будзе зрасходавана больш за 800 мільёнаў рублёў.

Няпростая сітуацыя ў Алены Каралецкай, жыхаркі Мікалаеўшчыны. Згарэла гаспадарчая пабудова. Прытым, як прызнаецца сама заяўніца, з-за яе неасцярожнага абыходжання з агнём. Страты, хоць у якой ступені, былі б кампенсаваны, калі б жанчына застрахавала будынак. Вось таму акрамя абавязковага страхавання надзейна раскашэліцца і на дадатковае, добраахвотнае. Сума за страхоўку невялікая, а ў жыцці ўсякае бывае…

Пытанне аб жыллі, дакладней выкарыстанне зямельных участкаў для будаўніцтва, задала жыхарка Атцэды Антаніна Семаковіч. Асобныя ўчасткі запушчаны, зарастаюць пустазеллем. Аркадзій Казякоўскі ў адказе спаслаўся на даныя землеўпарадкавальнай службы. А парадак тут строгі. Калі ў тэрмін уладальнікі ўчасткаў не пачынаюць будаўніцтва, яны спачатку папярэджваюцца. Не дапамагае - пытанне аб адабранні ўчастка выносіцца на разгляд суда. Усяго ж у раёне абследаваны 333 зямельныя ўчасткі. Высветлілася, што 53 з іх не выкарыстоўваліся больш за год. Гаспадары 24-х пасля атрымання падпісанняў прыступілі да будаўніцтва, а шэсць участкаў адабраны. Яны пераразмяркоўваюцца іншым, хто мае патрэбу, або выстаўляюцца на аўкцыён.

Надзённыя пытанні наконт уборкі збажыны на прысядзібных участках вяскоўцаў. Яны паступілі старшыні райсавета з Заброддзя і Атцэды. "Усе ўчасткі грамадзян будуць абмалочаны ў бліжэйшы час,  запэўніў А. Казякоўскі. - Справу стрымала хіба што дажджлівае надвор'е. Што ж датычыць паводзін камбайнера, які мінае вёску, адкуль паступіла заяўка, і спяшаецца ў наступную, то аб такой "чарговасці" даводзіцца да ведама кіраўнікоў адпаведных ААТ.

Старыя, вялізныя дрэвы, якія не толькі закрываюць святло, "высушваюць" агароды, але і пагражаюць зламацца падчас буры, нарабіць бяды - праблема многіх вёсак. Цяпер такое пытанне паставілі Рамуальд Салей з Судзевічаў і заяўнік, які выказаў просьбу жыхароў Шашкоў.

-       Калі дрэва знаходзіцца на прыватным участку, яно спілоўваецца за кошт уласніка ўчастка. Увогуле ж райсавет, сельвыканкамы заўсёды садзейнічаюць у гэтай важнай справе добраўпарадкавання. Можна заказаць вышку брыгады АКС, ёсць і прыватнікі, якія займаюцца спілоўваннем. Але каштуе гэтая работа дорага: убраць аварыйнае дрэва абыдзецца ў мільён рублёў і больш.

Ад жыхароў гарадской вуліцы Сацыялістычнай паступіла пытанне: чаму ўбраны кантэйнеры для збору бытавых адходаў каля пераходу да чыгуначнага вакзала?

"Ідзе рэканструкцыя пешаходнага пераходу да вакзала,  заўважыў А. Казякоўскі, - і такое рашэнне зразумелае. Але, - удакладніў ён, - гэта не значыць, што калі пераходны мост зноў адкрыецца, іменна каля яго паставяць кантэйнер. Можа хопіць і ўрнаў. Тут справа санітарыі, прывабнага выгляду такога грамадскага месца. А жыхарам дамоў, размешчаных паблізу, трэба паклапаціцца аб абавязковым заключэнні дагавораў на вываз смецця.

Рад пытанняў паставіў Канстанцін Дудак са Старыны. Адно з іх наконт асвятлення вуліц. "Згодна з нормамі сацыяльнага стандарту, - нагадаў старшыня райсавета, - начное асвятленне павінна быць абавязкова пры ўездзе і выездзе з вёскі, а таксама ў месцах, дзе размешчаны грамадскія і сацыяльныя аб'екты. Што датычыць грэйдзіравання вуліц, то яно вядзецца. Праўда, моцныя ліўні падбаўляюць тут клопату. Газіфікацыя вёсак, дзе ўжо створаны кааператывы, вядзецца згодна з чарговасцю пасля вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі.

Да Аркадзія Казякоўскага паступілі і іншыя пытанні прыватнага характару, якія вывучаюцца, бяруцца на кантроль.

Ф. БАНДАРОВІЧ