мобильная версия
Прамень

Давер людзей у працэнтах не адлюструеш

Нумар - №166-167    Рубрыка - Гандаль

31.08.2011

Засулле і Зарэчча размешчаны побач, ды і па колькасці жыхароў вёскі не намнога ўступаюць аграгарадку. А вось у яскравым сацыяльным паказчыку лічбы значна розняцца: Засульскім магазінам райспажыўтаварыства пяцімесячны сёлетні план таваразвароту выкананы на 109,2 працэнта, зарэчанскім - толькі на 69. У чым прычына такога дысбалансу і як увогуле палепшыць гандлёвае абслугоўванне? Аб гэтым ішла размова на сесіі Засульскага сельскага Савета дэпутатаў.

На сесіі, дзе разглядаліся і іншыя пытанні, асабліва не засяроджвалі ўвагу на праліках адстаючай загадчыцы магазіна. Не выходзіць у чалавека, сама перажывае. Зразумела яна, што не яе гэта прызванне, і нядаўна звольнілася. Цяпер у Зарэчанскі магазін падбіраюць новых прадаўцоў. Сельвыканкам уважліва ўзважвае, каб не памыліцца ў даверы кандыдатам. Высокія працэнты паказчыкаў, вядома, важна, але галоўнае, каб попыт людзей і на самае надзённае, і на розныя прадметы ўжытку задавальняўся на месцы. Вобразна кажучы, каб не ехаць па каструлю ці лыжку у райцэнтр ці нават у Мінск.

Простая, здавалася б збоку, справа прадаўца, ды і тут патрэбна прызванне, каб не былі пакрыўджаны, і каб самому мець ад працы задавальненне. Кацярына Логвін у згаданым Засуллі, Вікторыя Тарасевіч у Ячонцы, як гаворыцца, на сваіх месцах. Стараюцца, збіраюць заказы, самі спытаюць у людзей, што ім прывезці. Таму і справа ідзе.

Даўнаршчыну, Ражанку, Сосенку, Алешкава і іншыя малыя вёскі сельсавета абслугоўваюць аўталаўкі. "Магазін на колах" рэгулярна прыбывае ў вызначаныя дні. Па папярэдніх заказах дастаўляюцца і тавары не паўсядзённага попыту. Лета - час рамонтаў, паднаўлення сядзібы. Таму асабліва просяць цяпер цэментныя сумесі, фарбу.

На тэрыторыі сельсавета працуюць 5 гандлёвых кропак прыватных уладальнікаў. Дарэчы, і ў тым жа Зарэччы недастаючыя сістэме спажыўкааперацыі працэнты тавараабароту набірае прыватнік. Здаровая канкурэнцыя - агульнай справе толькі падмога. Рашуча ўзялі на сябе гандлёвыя функцыі таксама паштовае аддзяленне і камбінат бытавога абслугоўвання. Загадчыцы іх Раіса Рахманькова і Людміла Храмцова - спецыялісты вопытныя.

Увогуле ж, як адзначалася на сесіі, магчымасці для большай фінансавай эфектыўнасці гандлёвага абслугоўвання ў гэтым рэгіёне ўсе не задзейнічаны. Пастаянна на тэрыторыі сельсавета пражывае крыху больш за тысячу чалавек. А яшчэ ж месціцца ў маляўнічых мясцінах на берагах Сулы (можа падыдзе тэрмін Прысулле) ажно 36 садаводчых таварыстваў. І, асабліва летам, жывуць тут каля чатырох тысяч дачнікаў. Мінчане, якіх пераважная большасць, з задавальненнем скарыстаюць увесь прапанаваны мясцовымі кааператарамі і прыватнікамі сэрвіс.

Магазін у вёсцы - сярод сацыяльных аб'ектаў. Багацце даступных па цэнах тавараў павінна быць у адпаведнасці са знешнім выглядам, інтэр'ерам гандлёвай кропкі. Таму заўсёды і тут хочацца калі не ідэалу, то лепшага. Вось і на сесіі ставіліся пытанні добраўпарадкавання. Вакол магазіна ў Засуллі хораша квітнеюць клумбы. А вось непафарбаваны плот доўгі час псаваў выгляд. Будынак магазіна ў Ячонцы патрабуе капітальнага рамонту. Пытанне рашуча ставілася перад праўленнем райспажыўтаварыства, і рамонт пачынаецца. Станоўча ацэнены - знаходзяцца ў добрым эстэтычным выглядзе - павільёны прыватных прадпрымальнікаў у Засуллі і Бярозаўцы. Нямала адносна большасці гандлёвых кропак выказана і заўваг.

"Магазін сустракае з ганку" - нейкі час на фасадзе аднаго з гарадскіх аб'ектаў гандлю месціўся такі плакат. Можа і варта было пакінуць, хаця неяк і нязвыкла. Калі ж задумацца, дакладна сказана. Пры сённяшняй канкурэнцыі ў гандлі больш ахвотна зойдзеш туды, дзе ўсё прывабнае - і тавар, і інтэр'ер, і шчырая ўсмешка прадаўца з падзякай за пакупку.

Ф. БАНДАРОВІЧ