Усе пытанні важныя
Нумар - №166-167 Рубрыка - Прамая лінія
31.08.2011

На мінулым тыдні адбылася прамая тэлефонная лінія старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра МІСЬКО з жыхарамі Стаўбцоўшчыны.
Добраўпарадкаванне дарог, жылля, сацыяльныя пытанні - вось асноўныя тэмы, якія хвалююць стаўбчан і жыхароў раёна. За адну гадзіну на прамую лінію паступіла 20 званкоў.
Вельмі прыемна, што першы тэлефонны званок быў адрасаваны старшыні райвыканкама са словамі падзякі ад жыхароў вуліцы М. Горкага Стоўбцаў за распачатае добраўпарадкаванне.
Многіх стаўбчан хвалюе пытанне добраўпарадкавання вуліц. Так, горад прыгажэе, разбудоўваецца, але кожнаму жыхару хочацца, каб вуліца была асфальтаванай, з тратуарнай пліткай. Безумоўна, на ўсё не хапае фінансавых сродкаў. Таму хочацца, каб яе хоць бы грэйдзіравалі.
Стаўбчанка Н. Нарановіч патэлефанавала да старшыні райвыканкама са скаргай, што не грэйдзіруецца завулак Палявы. Заяўкі ў АКС на грэйдзіраванне не выконваюцца.
Уладзімір Трафімавіч цвёрда запэўніў, што ў самы бліжэйшы час завулак будзе прагрэйдзіраваны.
З такой жа праблемай патэлефанавалі з Драздоў А. Акуліч і з Дзярэчынцаў К. Рашатко. Уважліва выслухаўшы тэлефанаваўшых, старшыня райвыканкама параіў звярнуцца ў ДЭУ-135, арганізацыю, якая абслугоўвае дарогі ў гэтых вёсках, і, безумоўна, да старшынь сельскіх Саветаў.
Многіх жыхароў нашага раёна хвалявала пытанне водазабеспячэння. Ю. Дзяруга з Аталезі, жыхары Сцяцкоў і Дзераўной гаварылі аб тым, што ў вёсках адсутнічае цэнтралізаванае водазабеспячэнне, няма дзе ўзяць вады, каб памыцца.
Уладзімір Трафімавіч запэўніў, што абавязкова разбярэцца з праблемай адсутнасці вады, а жыхарам Сцяцкоў расказаў, што ў іх будзе будавацца новая свідравіна, якую злучаць са старой, і з'явіцца вада. Гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні. А на скаргу з Дзераўной, што трубы водазабеспячэння згнілі, старшыня райвыканкама растлумачыў, што ў заяўніка асабісты дом, таму аплачваць работу і трубы прыйдзецца самім.
Ліпніцкая, жыхарка горада, цікавілася далейшым лёсам малочнага завода ў Стоўбцах.
- Старшыня Камітэта дзяржкантролю У. С. Цыдзік сустракаўся з гаспадарамі завода і даў ім 2 тыдні, каб распрацаваць комплекс мерапрыемстваў па рэканструкцыі завода і прыступіць да мантажу ці абсталявання.
А на пытанне, калі закончыцца рамонт гасцініцы "Зара", быў адказ - да 1 верасня.
Жыхарка Казеек Сагайдакевіч скардзілася, што ў вёсцы многія ўчасткі не абкошваюцца, асабліва каля нежылых дамоў. Адказ быў, што ў першую чаргу гэтую праблему трэба адрасаваць старшыні сельскага Савета. Менавіта ён павінен адказваць за выгляд і добраўпарадкаванасць сваіх вёсак.
В. Пяткевіч, вул. Варашылава, д. 5, звярнулася да старшыні райвыканкама з просьбай спілаваць дрэвы на могілках, прывесці могілкі ў парадак.
- Безумоўна, беспарадак на могілках - гэта "грэх" кожнага чалавека, кожнага жыхара раёна. А чаму б не сабрацца ўсім на суботнік? Мы падключым супрацоўнікаў АКС, МНС, школы, царкву і касцёл і навядзём парадак на гэтым святым месцы.
Жыхарка Рубяжэвіч Кавалеўская цікавілася, калі ў іх вёсцы будзе пабудавана лазня?
- Па ўсіх нарматывах лазня будуецца, калі ў населеным пункце не менш за тысячу жыхароў, але вам з гэтай просьбай трэба патурбаваць старшыню сельскага Савета.
Амаль напрыканцы прамой лініі патэлефанавалі жыхары гарадскіх вуліц Галаўскога і Танкістаў. Абодва пытанні тычыліся работы АКС. Наталля Калошыч з вул. Танкістаў расказала, што супрацоўнікі АКС чамусьці забылі палажыць тратуарную плітку па вул. Танкістаў насупраць дамоў 17 і 19, а жыхарка вул. Галаўскога, д. 20, скардзілася на тое, што ў яе кватэры мокрыя сцены.
А. Пракаповіч з вёскі Пруды прасіла аказаць ёй матэрыяльную дапамогу. Сама працуе цялятніцай, зарплата складае 700 тыс. руб., мае 3-х непаўналетніх дзяцей, адзінокая.
- Абавязкова звярніцеся да намесніка старшыні райвыканкама С. Я. Шэсцеля, напішыце заяву, і Сяргей Яўгенавіч усё вам растлумачыць, акажа садзей-нічанне.
А на пытанне, ці можа яна яшчэ ўладкавацца на працу на палову стаўкі прыбіральшчыцай, жанчына атрымала адказ: "Калі ласка, працуйце".
Было некалькі тэлефонных званкоў наконт землекарыстання. Стаўбчанка Вольга цікавілася, калі будуць выдавацца зямельныя ўчасткі ў мікрараёне "Паўночны-2", а жыхарка вуліцы Ф. Скарыны расказала, што на іх вуліцы ёсць надзел зямлі, дзе раней планавалася нейкае будаўніцтва, напэўна, магазіна. Прайшлі гады, а будаўніцтва не вядзецца. Уладзімір Місько запэўніў, што абавязкова пабывае там разам з зацікаўленымі службамі і вырашаць лёс участка.
На прамую лінію паступалі тэлефанаванні і асабістага характару.
Па ўсіх пытаннях быў дадзены старшынёй райвыканкама грунтоўны адказ ці парада. Многія адказныя асобы атрымалі даручэнні выехаць на месца і дапамагчы вырашыць тую ці іншую прыблему.






