мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №168-170    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

03.09.2011

Фотография 1

ЗАГСам зарэгістравана па раёну 13 шлюбаў, зроблена 1 адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены трынаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Аляксею Іванцу, Мілане Бычкевіч, Дар'і Сенька, Кірылу Грышану, Аляксею Нарывунчыку, Уладзіславу Врублеўскаму, Савелію Семянчуку, Цімафею Каспяровічу, Сяргею Хука, Ганне Маляўкінай, Івану Вераценскаму, Софіі Гамза і Артуру Горлаву.

Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек. 

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна, без здарэнняў. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы на рацэ Шура непадалёку ад Дзераўной двое рыбакоў - жыхары вёскі Агароднікі і горада Мінска, якія  з дапамогай электралавільнай устаноўкі ажыццяўлялі незаконную здабычу рыбы. Раённым аддзелам унутраных спраў разглядаецца пытанне аб узбуджэнні ў адносінах да іх крымінальнай справы. У лясным масіве ў раёне вёскі Кляцішча інспектарамі былі канфіскаваны ў двух жыхароў Новага Свержаня незарэгістраваныя стрэльбы. Матэрыял накіраваны ў суд для разгляду.

Пракуратурай праводзіцца праверка па факту смерці жыхароў Стоўбцаў, Наваколасава і Шашкоў. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачанне па трох крымінальных справах. Разгледжана грамадзянская справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У суд накіраваны 10 крымінальных спраў у адносінах да 12 асоб.

Суд прысудзіў 1,5 года выпраўленчых работ 34-гадоваму стаўбчаніну, які паўторна на працягу года сеў за руль аўтамабіля ў стане алкагольнага ап'янення. Акрамя таго, гора-вадзіцель яшчэ пазбаўлены права кіравання на 5 гадоў. 19-гадовая жыхарка вёскі Слабада, будучы абавязанай асобай, ухілялася ад уплаты сродкаў на ўтрыманне яе дваіх непаўналетніх дзяцей у дзяржаўных установах, за што суд абмежаваў яе ў волі на 2 гады. Аштрафавана на 700 тысяч рублёў прыватнае прадпрыемства "Рэкламны шчыт", якое размясціла ў сваім выданні рэкламу аб працаўладкаванні грамадзян за мяжой, не ўзгадніўшы яе з Міністэрствам унутраных спраў рэспублікі, і пры гэтым не ўказала рэквізітаў і ліцэнзіі рэкламадаўцы. 48-гадовы механізатар ААТ "Рочавічы" пакараны штрафам у 350 тысяч рублёў за дробны крадзеж - паквапіўся на 20 л дызпаліва. У лясным масіве на тэрыторыі Апечкаўскага лясніцтва самавольна спілаваны дзве сасны - за гэтыя высечкі пакараны штрафам у 175 тысяч рублёў 38-гадовы жыхар Ператокаў. Самаўпраўства абярнулася праблемамі і для 25-гадовага жыхара вёскі Горкі: штраф у памеры 70 тысяч рублёў яму прыйдзецца заплаціць за тое, што на рабоце схапіў без дазволу чужы веласіпед і з'ездзіў на ім за мабільным тэлефонам, які забыўся дома. 22-гадовы стаўбчанін быў выкліканы ў суд у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, але ў суд не з'явіўся і таму на бліжэйшыя 7 сутак трапіў у лік арыштаваных.

"Хуткая" выязджала да хворых 203 разы, у прыватнасці 5 сігналаў паступіла наконт асоб з алкагольным ап'яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ