мобильная версия
Прамень

У Стоўбцах распачынаецца будаўніцтва Свята-Уваскрэсенскага храма

Нумар - №168-170    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

03.09.2011

Фотография 1

Адбылася значная падзея ў духоўным жыцці нашага горада. Падрыхтаваны і атрыманы ўсе дакументы на будаўніцтва новага храма ў гонар Уваскрэсення Хрыстова ў Стоўбцах. Царква ўзводзіцца па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Пад святыню мясцовай уладай выдзелены ўчастак зямлі ў новым мікрараёне на скрыжаванні вуліц Міру і Машынабудаўнікоў. Пачаты работы па агароджванню тэрыторыі. Праводзяцца яны сіламі стаўбчан. Паўдзельнічаць у будаўніцтве храма - вялікі дар Божы для кожнага чалавека. З удзячнасцю будзе прынята любая дапамога. Зараз кожны дзень на ўчастку праводзяцца работы, каб хутчэй абгарадзіць тэрыторыю, устанавіць крыж і пачаць завозіць будаўнічыя матэрыялы. Тыя са стаўбчан, у каго ёсць свабодны дзень ці хоць некалькі гадзін, прыходзяць на ўчастак папрацаваць.

Акрамя таго, пакуль яшчэ не наступілі цёмныя восеньскія вечары, настаяцелем Стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыходу іерэем Віталіем Шарковым тут жа, прама на царкоўным участку, у 18 гадзін кожную нядзелю будуць служыцца малебны. Першы быў адслужаны ў мінулую нядзелю ў дзень вялікага свята Успення Прасвятой Багародзіцы (на здымку). Кожны са стаўбчан можа прыйсці ў выхадны дзень, каб паўдзельнічаць ў саборнай малітве.

Хто мае жаданне дапамагчы ў будаўніцтве храма ці сваёй фізічнай сілай, ці сродкамі, матэрыяламі, тэхнікай, тэлефануйце свяшчэнніку айцу Віталію па тэлефоне 8-0293089615 ці Алене Пятроўне па тэлефоне 8-0298620186.

Дай Бог кожнаму з нас успрыняць як вялікую міласць Божую да нас узвядзенне святыні на нашай зямлі і не аддаліць ад сябе благаславенне быць удзельнікамі вялікай справы будаўніцтва храма.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ