На сувязі — рэдакцыя
Нумар - №171-172 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
06.09.2011

Таццяна Сямёнава патэлефанавала з просьбай даць інфармацыю, чым можа дапамагчы служба занятасці выпускнікам, якія не прайшлі па конкурсу ў навучальныя ўстановы.
Адказ дае начальнік аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Афанасенка: "Тым выпускнікам школ раёна, якія не паступілі і пакуль не працаўладкаваліся, мы прапаноўваем атрымаць першую спецыяльнасць без платы за навучанне. У верасні фарміруюцца групы для навучання па спецыяльнасцях: у г. Стоўбцы - аператар ПЭВМ з веданнем "1С: Бухгалтэрыя", тэрмін навучання 2,7 месяца. У Мінску будзе праводзіцца навучанне па спецыяльнасцях: цырульнік, майстар па манікюры, электрагазазваршчык, маляр-тынкоўшчык, абліцоўшчык, плітачнік, муляр, повар, сакратар-справавод, слесар па рамонце аўтамабіляў, электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання (аўтамабільная электроніка), аператар газавай кацельні, аператар ПЭВМ, прадавец. Звяртацца на адрас: г. Стоўбцы, вул Сацыялістычная, 40, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама, каб. 8".
Па пытанні работы тэлефоннай сувязі ў вёсцы Сверынава адказ дае начальнік раённага вузла электроннай сувязі Міхаіл Касабуцкі: "У вёсцы Сверынава ўстаноўлена 25 стацыянарных тэлефонаў і 20 тэлефонаў па бесправадной тэхналогіі WLL. Летам навальнічнымі разрадамі пашкоджвалася апаратура абаненцкага ўшчыльнення, з выкарыстаннем якой падключаны стацыянарныя тэлефоны ў Сверынаве. Пастаўшчык абсталявання абаненцкага ўшчыльнення падоўжыў тэрмін рамонту абсталявання, што пацягнула часовыя перабоі тэлефоннай сувязі ў вёсцы Сверынава. У сучасны момант тэлефоны ў Сверынаве працуюць устойліва".






