Закон гарантуе права
Нумар - №171-172 Рубрыка - Прамая лінія
06.09.2011

Прамая тэлефонная лінія, якая праводзілася з начальнікам Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі працы Фёдарам Чагнагаловым, сабрала шэраг пытанняў, што тычыліся не толькі той канкрэтнай сітуацыі, у якую трапіў работнік, а і ўтрымлівалі просьбу растлумачыць той ці іншы артыкул Працоўнага заканадаўства.
- Варта нагадаць - адзначыў Ф. Чарнагалоў, - што з пачатку года па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы дзяржаўнымі інспектарамі працы быў разгледжаны 61 зварот працаўнікоў (38 пісьмовых). Па нашым раёне гэтая лічба склала 19 зваротаў, з якіх пяць вырашаны станоўча. Дарэчы, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць звяртанняў зменшылася. Па выніках праверак былі складзены тры акты і выдадзена наймальнікам два прадпісанні. Тры службовыя асобы аштрафаваны на суму 1 050 тысяч рублёў, чатыры прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Прычыны ўсіх выяўленых парушэнняў - некампетэнтнасць кіраўнікоў і спецыялістаў некаторых арганізацый у пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы, а таксама неналежны кантроль у даных пытаннях з боку вышэйстаячых органаў і арганізацый. А таксама слабое веданне пытанняў заканадаўства.
- Ці маюць права без маёй згоды вылічыць з зарплаты тую суму, якая была пераплачана з-за некаментэнтнасці работніка бухгалтэрыі?
- Заработная плата, якая была залішне выплачана работніку наймальнікам, у тым ліку пры няправільным прымяненні закона, не можа быць з яго спагнана, за выключэннем выпадкаў памылковага падліку.
- Звярнулася група работнікаў з пытаннем, чаму з іх заработнай платы вылічваюцца камунальныя плацяжы без іх пісьмовай згоды?
- Пры правядзенні безнаяўных разлікаў наймальнік у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, абавязаны рабіць утрыманні з заработнай платы работніка па яго пісьмовай заяве.
- Да мяне было прыменена дысцыплінарнае пакаранне - звольнілі з работы, але я не згодзен, бо лічу, што прычына, па якой адсутнічаў на рабоце, была ўважлівая. Справа ў тым, што тлумачальную запіску не пісаў і ніхто яе ад мяне не патрабаваў. Якія мае далейшыя дзеянні?
- Да прымянення дысцыплінарнага пакарання наймальнік абавязаны запатрабаваць ад работніка пісьмовае тлумачэнне. Прычым адмова работніка ад падачы тлумачэння не з'яўляецца перашкодай для прымянення дысцыплінарных мер і афармляецца актам з указаннем прысутных пры гэтым сведкаў. Дысцыплінарнае пакаранне афармляецца загадам (распараджэннем), пастановай наймальніка і аб'яўляецца работніку пад роспіс у пяцідзённы тэрмін з указаннем матываў. Лічыцца, што работнік, якога не азнаёмілі з загадам, не мае дысцыплінарнага пакарання.
Дзеянні адміністрацыі арганізацыі ў адносінах да вас могуць быць абскарджаны непасрэдна ў судзе.
- Працаваў у выхадны дзень, але мне замест двайной аплаты прадаставілі адгул. Ці магу я адмовіцца выходзіць на работу ў выхадныя дні?
- Работа ў выхадныя дні дапускаецца па прапанове наймальніка і толькі са згоды работніка або па ініцыятыве работніка са згоды наймальніка. Аднак наймальнік мае права прыцягваць работніка ў яго выхадны дзень у наступных выпадках: для папярэджання катастроф, вытворчай аварыі, выканання работ, якія неабходны для неадкладнага ўхілення іх наступстваў або наступстваў стыхійнага бедства, папярэджання няшчасных выпадкаў, ухілення выпадковых або нечаканых абставін, якія могуць парушыць або парушылі нармальнае функцыянаванне водазабеспячэння, газазабеспячэння, асвятлення, каналізацыі, транспарту, сувязі, аказання медыцынскім персаналам экстраннай медыцынскай дапамогі.
Прыцягненне да работы ў выхадны дзень афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка. Работа ў выхадны дзень можа кампенсавацца па ўзгадненні бакоў прадастаўленнем другога дня адпачынку або павышанай аплатай.
- Плачу аліменты на траіх непаўналетніх дзяцей па двух выканаўчых лістах, а якую суму маюць права штомесячна вылічваць з маёй заработнай платы?
- Агульны памер усіх утрыманняў з заработнай платы не можа перасягаць 20 працэнтаў, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, - 50 працэнтаў заработнай платы, якая належыць да выплаты работніку. Варта падкрэсліць, што гэта права не распаўджваецца на ўтрыманні з заработнай платы пры спагнанні аліментаў на непаўналетніх дзяцей і расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Аднак за работнікам павінна быць захавана не менш за 30 працэнтаў заробку.






