Чым даехаць з Прудоў у Стоўбцы?
Нумар - №173-175 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
09.09.2011
Не чакалі мы такой неспадзеўкі. Сабраліся ў Стоўбцы па патрэбе, як даведаліся, што адзіны на тыдні ў аўторак рэйс маршрутнага аўтобуса Стоўбцы - Пятрылавічы ўжо зняты. Маршрутка да нас таксама не ходзіць.
Засталіся адрэзаныя ад райцэнтра акрамя Прудоў яшчэ Пільніца, Рудня, хутары. Патэлефанавалі ў аўтапарк № 17, дзе нам паведамілі, што рэйс гэты эканамічна нявыгады, мала людзей на ім ездзіць. Дык а колькі ж нас засталося ў аддаленых вёсках, хто яшчэ можа ездзіць? Ды і час цяпер такі - агароды прыбіраем, бульбу капаем. Не да паездак. Управімся па гаспадарцы, тады і сплануюцца паездкі, якія былі часова адкладзены. Да Налібак нам з Прудоў кіламетраў 5, да Рудні і наогул 7. Хіба па сіле старому чалавеку дайсці да Налібак, каб адтуль паехаць у Стоўбцы? Ды зіма надыходзіць. Пакінулі рэйс аўтобуса Стоўбцы - Пільніца праз Пруды толькі ў суботу. Што нам за радасць? Тыя гараджане, што прыязджаюць, не маюць патрэбы ў гэтым аўтобусе, яны едуць на машынах. А нам што рабіць у суботу ў райцэнтры, калі выхадны ў большасці ўстаноў?
Просім кіраўніцтва аўтапарка № 17 паглядзець на гэтую сітуацыю вачыма простых людзей, якім неяк трэба дажыць век у аддаленай вёсцы. Без аўтобуса сярод тыдня нам ніяк не абысціся. Уважце просьбу, вярніце рэйс у аўторак.






