Падзеі і здарэнні
Нумар - №173-175 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
09.09.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены 2 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены семярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Паліне Трацэнцы, Уладзіславу Краёву, Міхаілу Крукаву, Маргарыце Саладусе, Кіры Слесарчык, Валерыі Зянько і Арсенію Крымскаму.
Зямны шлях закончыўся для 9 чалавек.
У пажарнай часці згадалі здарэнне на аўтамагістралі ў раёне скрыжавання на Залужжа. Падчас руху ўспыхнуў аўтамабіль "Пежо-807". Агнём пашкоджаны яго маторны адсек. Прычына загарання высвятляецца.
Міліцыяй узбуджаны 9 крымінальных спраў. У вёсцы Галавенчыцы невядомы трапіў у дом, адкуль выкраў навясны плуг і іншую маёмасць. З дома па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах прапалі долары. На стаянцы па вуліцы Цэнтральнай, а таксама на іншых вуліцах горада пацярпелі ад рук злодзея чатыры аўтамабілі - з салонаў зніклі інструмент, магнітолы і іншыя рэчы. Узбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да тых, хто сеў за руль у нецвярозым стане паўторна на працягу года: на матацыкліста, які рухаўся ў вёсцы Цеснавая, і на вадзіцеля аўтамабіля "Хундай", які быў затрыманы на 28 км аўтадарогі М1/Е30.
Пракуратура разгледзела 6 зваротаў грамадзян, у тым ліку паступілі 4 заявы і паведамленні аб учыненых злачынствах. У суд былі накіраваны 4 крымінальныя справы, а таксама падтрымлівалася абвінавачанне ў судзе па 6 крымінальных справах.
Суд асудзіў да 5 месяцаў арышту 34-гадовага мінчаніна, які ўчыніў 4 факты крадзяжу з дамоў і аўтамабіляў на тэрыторыі раёна. На 2,5 года абмежавана ў волі, а таксама прыцягнута да прымусовага лячэння ад алкагалізму 35-гадовая жыхарка Новых Рубяжэвічаў: гэтая гора-маці ўхілялася ад кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне яе сына ў дзяржаўнай установе і, дарэчы, раней ужо была судзімая за падобнае. Аштрафаваны 56-гадовы стаўбчанін: будучы работнікам ПМК-233, ён паквапіўся на аб'екце на будаўнічы раствор і арматуру. Страты, нанесеныя арганізацыі, склалі 78 тысяч рублёў, а штраф прыйшлося заплаціць у 4,5 раза большы.
ДАІ выявіла 192 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 12 п'яных (8 з іх - у выхадныя дні) і 8 бяспраўных вадзіцеляў. Яшчэ 8 вадзіцеляў аштрафаваны на суму ад 35 тысяч да 175 тысяч рублёў за тое, што не прапусцілі пешахода на нерэгулюемым пешаходным пераходзе. Адбылося 16 дарожных здарэнняў. На шчасце, цудам абышлося без пацярпеўшых у аварыі на прывакзальнай плошчы, дзе сутыкнуліся аўтамабілі "Форд-эскорт" і "Фіят" (за рулём іх былі жыхары Стоўбцаў). Адзін з вадзіцеляў, які пры павароце налева не саступіў дарогу таму, хто рухаўся насустрач, быў нецвярозым.
"Хуткая" выязджала да хворых 165 разоў, у прыватнасці, 13 сігналаў паступіла да асоб у стане алкагольнага ап'янення. Адзін выклік медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. Вечарам 31 жніўня на пункце спагнання дарожных збораў "Коласава" была збіта аўтамабілем маладая жанчына, стаўбчанка. Яна дастаўлена ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.






