мобильная версия
Прамень

БРСМ і дзевяць добрых спраў

Нумар - №176-177    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

14.09.2011

Фотография 1

Стаўбцоўскі раённы камітэт БРСМ, як паведамлялася ўжо, адзначыў 6 верасня свой дзявяты дзень нараджэння сімвалічнай акцыяй - "Дзевяць гадоў - дзевяць добрых спраў".

- Праз гэтую акцыю мы вырашылі паказаць, чым жыве наша арганізацыя, - расказвае першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Ранцюк. -  Задумалі наведаць ветэранаў і аказаць ім неабходную дапамогу, пасадзіць на памяць дрэвы ў гарадскім парку, каб зацікавіць нашай арганізацыяй школьнікаў, працоўную моладзь. Мне дапамагаюць нашы актывісты, большасць з іх - удзельнікі валанцёрскага руху "Добрае сэрца".

У гэты святочны дзень сваё добрае сэрца валанцёры БРСМ падарылі і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Грамадскія актывісты наведваюцца сюды не ўпершыню.

- Мы прыходзім да дзетак, размаўляем з імі, гуляем і бачым, што ім падабаецца, - гаворыць вучаніца школы № 2 г. Стоўбцы Юлія Кавальчук, трымаючыся за руку з выхаванцам цэнтра Мікітам Мойсам.

- Нам хочацца зрабіць іх жыццё цікавейшым, - падхоплівае размову гімназістка Святлана Лобач. - Мы можам падарыць ім сваю ўсмешку, ласкавае слова, некалькі гадзін вольнага часу. А ўзамен - столькі ўдзячных вачэй! Хочацца прыйсці сюды зноў...

Работнікі карэкцыйнага цэнтра таксама вітаюць супрацоўніцтва з маладзёжнай арганізацыяй. Выхавацель Ніна Ганісеўская (яна ж і старшыня раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам) у размове падкрэслівае, што валанцёрскі рух павінен быць адным з найбольш развітых у грамадстве. Асабліва патрэбны ён моладзі. Сутыкнуўшыся з чужым болем, немагчыма быць грубым, чэрствым і не разумець, што жыццё заўсёды - цудоўнае.

- Прыемна, што наш цэнтр і раённая арганізацыя БРСМ пасябравалі, - заўважае Ніна Фёдараўна. - Валанцёры  рыхтуюць для нашых дзяцей пазнавальную і займальную праграмы, і з кожным разам такія сустрэчы становяцца больш чаканымі.

Выхаванцы цэнтра з радасцю адгадвалі загадкі, спявалі і танцавалі, малявалі віншавальныя паштоўкі для арганізацыі-імянінніцы. Напрыканцы кожны з іх атрымаў у падарунак размалёўку, кніжку з казкай і яркі паветраны шарык.

Дзень нараджэння прайшоў хутка. Засталіся пасля яго дзевяць добрых спраў. Рухавыя актывісты БРСМ ужо пайшлі здзяйсняць новыя - дзясятую, адзінаццатую, дванаццатую... А колькі іх яшчэ наперадзе!

На здымку: выхаванец карэкцыйнага цэнтра Ілья Драздоў і валанцёр Маргарыта Лембіеўская - ужо сябры.

Вікторыя ПЯТКЕВІЧ